Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хутка будуць штрафаваць за тое, што людзі дыхаюць паветрам"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 12 верасьня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня: “Працаўнікі камунальнай гаспадаркі бяруць аплату за тэхнічнае абслугоўваньне шляхам памнажэньня кошту за адзін квадратны мэтар на плошчу кватэры. Хацелася б запытацца, якое такое абслугоўваньне яны праводзяць у маёй асабістай кватэры. За любую паслугу пры выкліку майстра я плачу сама. Гэта што рабаўніцтва на белым сьвеце, на ўсёй Беларусі праводзіцца?!”

Таварыш Бакоў: “Таварыш Сяргей Гайдукевіч, канструктыўны Вы наш апазыцыянэр, пра якія канструкцыі Вашай партыі хаця б за гэты год, можна даведацца? Дзе маладая зьмена партыі? Бліжэйшыя паплечнікі? Ня кажучы ўжо пра рэгіянальныя справы. Пра гэта дзяржаўныя СМІ маўчаць. Відаць, Ваша арганізацыя глыбока закансьпіраваная. Ці, можа, партыя кішэнна-пераносная і складаецца з аднаго чалавека? З інтэрнацыянальным прывітаньнем”.

Ларыса, Менск: “Я спадзяюся, што Вы гэта агучыце. Апошнім часам вельмі актыўна выступае на дзяржаўным радыё, а таксама на Радыё Свабода Гайдукевіч, які хацеў стаць прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Ён нібы складае апазыцыю. Вельмі цікавая асоба. Ужо будзе выстаўляць сваю асобу на пасаду, якую займаў Канаплёў. І займее яе, бо адчуваецца ўпэўненасьць у яго выказваньнях. Дык вось. Калі ён будзе абраны, пажаданьне, каб ён унёс прапанову Лукашэнку, каб той вызваліў Казуліна. Бо ніхто іншы, як ён, павінен быць упэўнены, што Казулін не вінаваты. Калі ў яго гэта атрымаецца, яму будзе вялікая павага ад усяго народу. Бо Казулін ужо адбыў пакараньне зь лішкам. Я галасавала за Гайдукевіча, сама ня ведаю чаму. Мабыць таму, што ў сьпісе ён стаяў першы. Вось такое маё пажаданьне”.

Спадар: “У мяне да Вас вялікая просьба і парада. Я думаю. Мяне падтрымаюць многія іншыя людзі. Я хачу, каб Вы ў сваёй перадачы “Мартыралёг Свабоды” называлі не адно імя ў дзень, а тры ці, скажам, пяць імёнаў. Гэта дазволіць нам даведацца пра большую колькасьць людзей, якія былі зьнішчаны ў гады Сталінскіх рэпрэсій. Я думаю, Вам для гэтага трэба будзе адвесьці тры ці пяць хвілінаў эфірнага часу. Для Вас гэта, напэўна, ня будзе так цяжка. А мы даведаемся нашмат больш пра тых людзей, хто зьнік у тыя жудасныя гады. Дзякуй за ўвагу. Я думаю, што Вы пойдзеце на сустрэчу майму жаданьню і просьбе. Упэўнены, мяне падтрымаюць многія людзі”.

Спадар: “Усё-ткі наш прэзыдэнт – дзіўны чалавек. Заміж таго, каб да канца сваіх дзён дзякаваць Станіславу Шушкевічу за тое, што цяпер ня трэба стаяць “на выцяжку” перад генсэкам ЦК КПСС. Заміж таго, каб падзякаваць Станіславу Станіслававічу за тое, што дзякуючы яму Аляксандр Рыгоравіч стаў на Беларусі Богам, царом і вярхоўным галоўнакамандуючым. Замест гэтага – адна чорная няўдзячнасьць і чорная зайздрасьць. Аляксандр Рыгоравіч ніяк ня можа прымірыцца. Напэўна, ён не перажыве, што на Нобэлеўскую прэмію сьвету вылучылі не яго, а Станіслава Шушкевіча”.

Сталы слухач: “Лукашэнка ўвесь час папракае Расея, што там сельскім гаспадаркам нейкія там непаладкі. І ўвесь час зьвяртаецца: “Вось бачыце. У нас ня так, як у іх. Ведаеце, як у іх дрэнна? І тое ня так , і гэта…” гэта тое, што тычыцца хлеба. Але цяпер па тэлевізары прайшло паведамленьне, што ў Расеі сабрана больш за 70 мільёнаў тон хлеба. Гэта на 10 % больш, чым летась, нягледзячы на дрэннае надвор’е і гэтак далей. І ўборка працягваецца. Дык што за хлусьня, што за брахня з боку нашага прэзыдэнта, каб паказаць сябе, які ён гаспадар па хлебу. А ў нас, як раз, звышдобрыя ўмовы былі. Дык што ён хоча гэтым сказаць? Столькі ж сабралі ва Ўзбэкістане, як у нас, у краіне, дзе бавоўна – асноўны матэрыял. У нас 7 мільёнаў, калі не хлусьня, а там ужо 6 800 тысяч. Каля 7 мільёнаў. І там бавоўна – стратэгічная культура. Дык навошта гэтая брахня?!”

Валянціна Іванаўна Сакаловіч: “Слухаю Вашы размовы пар адмену інстытуту прапіскі, і валасы становяцца дыбам ад чарговай тупасьці ўладаў. Цяпер і мы будзем, як грамадзяне каўкаскай нацыянальнасьці ў Расеі. Гэта яшчэ больш дае ўлады мянтам і паборам. Гэта значыць, што калі я паеду са свайго мястэчка ў Менск, да мяне падыдзе мент, запатрабуе пашпарт і, прачытаўшы, што я прапісана ня ў Менску, аштрафуе мяне. Вось да чаго яны ўсё зводзяць – каб яшчэ больш скуру зь людзей спускаць. Іх апэтыты робяцца бязьмежнымі. Яны канчаткова азьвярэлі ў сваёй непакаранасьці. Гэта нічога не спрашчае, а робяць толькі складаней. Зразумейце. У Маскве даўно адмянілі рэгістрацыю для беларусаў, а яны ўводзяць яе для сваіх жа грамадзянаў, у сваёй жа краіне. Гэта ж дзікасьць! Як Вы не разумееце?! Гэта яшчэ больш зацягне пятлю на нашай шыі. Хутка яны будуць штрафаваць людзей за тое, што людзі проста дыхаюць паветрам”.

Спадарыня: “Слухаю Вашы перадачы і аж унутры ўсё пераварочваецца. Навошта яны з гэтых людзей так зьдзекаваюцца? Я кажу пра сябе. Гэта жах нейкі! Я сама жыву ў мястэчку Бахшты. Я ведаю, што такое мясцовая ўлада, як яны зьдзекаваюцца зь людзей. Насамрэч існуе такая праблема, як беспрацоўе. Так. Яны падзялілі людзей. Пакармілі сваіх сабакаў, падхалімаў, а людзей згнойваюць, яны не вырашаюць ніякіх праблемаў. Ведаеце, я 10 год не магу знайсьці працу. Таму што ім сорамна. Яна плацяць такія заробкі людзям, на якія немагчыма жыць. Маё дзіця яны трымаюць у турме, у інтэрнаце. Я здаровая жанчына. Я разумная, а яны мяне баяцца! Як баяліся маіх бацькоў, таму што яны былі сумленныя людзі. Зразумейце! Няхай гэта быдла прачнецца! Нельга забіваць людзей, таму што сьвіньні тлустыя. У іх мазгі заплылі тлушчам. І людзі сапраўды маюць рацыю, калі выказваюцца, таму што сэрца разрываецца! Гэта ж такі фашызм! Гэта не пераказаць. Калі людзі поўныя здароўя, не знаходзяць грамадзтва?! Я шмат Вам пішу, кажу… Выкінулі людзей на панэль. І няма каму крычаць, і няма каму казаць… Дзякуй”.

Яўгенія, Ворша: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Хачу выказаць свае меркаваньні наконт забароны сьвяткаваньня Аршанскай бітвы. Ужо няма абурэньня. Вось толькі сьмех. Сьмешна – улада баіцца людзей,я кія зьехаліся на поле пад адкрытым небам у 12 кілямэтрах ад Воршы, каб ушанаваць памяць продкаў. Я зь 1999 года сьвяткую на Крапівенскім полі Аршанскую бітву і толькі сёлета не змагла, таму што працавала ў гэты дзень. З боку ўладаў гэта проста псыхоз, псыхапатыя з паранаідальным сындромам. Яна сама сябе кампрамэтуе. Яны ўжо даўно задумалі нешта падобнае. І два апошнія гады засылалі на поле правакатараў. Гэта было відавочна вылучаліся сярод нас рускамоўем і брыдкаслоўем. Яны ж учынялі крадзяжы. Скралі ў дзяўчыны пашпарт, мабільнік і летась сьцягі ў нас. Нашага сьвятара грэка-каталіцкага не выпусьцілі, спынілі пры выезьдзе з гораду машыну, затрымалі яго разам зь вернікамі ў кабінэтах ДАІ на працягу трох гадзінаў. Кожны год ля Крыжа служылі малебен у памяць нашых загінуўшых продкаў. Што ў гэтым дрэннага? Але, хай ведаюць усе, малебен усё ж такі адбыўся ў нядзелю 9-га верасьня ў Оршы па загінуўшых на Крапівенскім полі нашых продках. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Учора на кірмашы не зусім старая жанчынка, купляючы некалькі досыць танных рыбак, зазначыла, што зрэдку дазваляе сабе такі пачастунак і звычайна ўжывае зэльц, бульбу і гэтак далей. Але на маё пытаньне, ці шчасьлівая ў яе старасьць, яна амаль бяззубым ротам адказала, што вельмі шчасьлівая. З такога народу можна сьмела здымаць апошнюю кашулю".

Віктар Бутто, Менск: “Відаць, што чыноўніцкія кляны ў стане выкінуць на двор самога прэзыдэнта Беларусі пасьля сьпікера парлямэнту. Зь вялікай павагай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG