Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Канаплёў просіць адстаўкі


Уладзімер Глод, Менск Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў афіцыйна падаў заяву аб датэрміновым вызваленьні з пасады. Прычына, як піша спадар Канаплёў, — дрэнны стан здароўя. Заяву старшыні Палаты разгледзяць на восеньскай сэсіі, якая пачнецца 2 кастрычніка.

У апараце сьпікера нашаму радыё паведамілі, што Ўладзімер Канаплёў знаходзіцца ў чарговым адпачынку да канца месяца.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян гаворыць, што заява старшыні Палаты была для яго нечаканкай:

“Я скажу шчыра — быццам нехта вядро халоднай вады мне на галаву выліў. Мне вось толькі што пра гэта сказалі. І сэрца моцна калоціцца. Я проста не магу апрытомнець, настолькі гэта нечакана”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец лічыць, што адстаўка спадара Канаплёва вымушаная і зьвязаная з тымі паслугамі, якія ён аказваў бізнэсоўцам:

“Гэта тое ж, што было калісьці зь Ціцянковым, Жураўковай ды некаторымі іншымі асобамі з блізкага атачэньня кіраўніка дзяржавы. Тут проста дайшла чарга і да Канаплёва, і да тых бізнэсоўцаў, якія карысталіся з добрых зь ім дачыненьняў. Таму першае — гэта карупцыя.

І другое, хутчэй за ўсё, гэты парлямэнт не дацягне да вясны наступнага году. Бо трэба знайсьці вінаватага ў адмене сацыяльных льготаў. А гэта ж зроблена рукамі Палаты”.

Сустаршыня палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька ня верыць у дрэннае здароўе Ўладзімера Канаплёва:

“Канаплёва і сёньня яшчэ можна ў добры воз запрагаць. З такім забесьпячэньнем — і матэрыяльным, і мэдычным — можна не адзін год быць на пасадзе.

Праблема ў іншым — абвастрылася барацьба за месца пад сонцам. Ідзе фармаваньне новай каманды пад новага кіраўніка са старым прозьвішчам. І Канаплёў ня ўпісваецца ў фармат новай каманды.

А другая прычына, ён усё ж такі схільны да гульні ў кулюарах. Яго падладжваньні пад прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў, яго камунікацыі з прадстаўнікамі апазыцыйнага лягеру — гэта не засталося незаўважаным.

Як і тое, што ён не адрозьніваўся ад некаторых кіраўнікоў кіраўніцтва справаў Лукашэнкі і таксама быў схільны да таго, каб значаная частка таго, што ён атрымоўваў, не ішла ў агульны бюджэт, а ішла на нейкія асабістыя справы”.

Уладзімер Канаплёў нарадзіўся на Магілёўшчыне ў адзін год (1954) з Аляксандрам Лукашэнкам. Скончыў Магілёўскі пэдынстытут, паводле адукацыі – географ. Працоўную дзейнасьць пачаў выхавальнікам у Шклоўскай школе інтэрнаце, служыў ва ўзброеных сілах, працаваў інспэктарам па справах непаўналетніх у Шклоўскім райвыканкаме.

З 1990-х гадоў моцна зьвязаны з Аляксандрам Лукашэнкам: быў памочнікам дэпутата Лукашэнкі, затым галоўным памочнікам прэзыдэнта Лукашэнкі, віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў двух скліканьняў і сьпікерам Палаты прадстаўнікоў трэцяга скліканьня.

Менавіта Канаплёў вёў у 1994 годзе актыўны збор подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнку, сабраўшы разам з паплечнікамі 70 тысяч подпісаў. Усяго за Лукашэнку было здадзена тады каля 150 тысяч подпісаў. У 1996-м Канаплёў актыўна адстойваў пазыцыю Лукашэнкі ў часе восеньскага палітычнага крызісу.

Уладзімер Канаплёў узначальвае цяпер беларускае аддзяленьне Міжнароднага фонду адзінства праваслаўных народаў і Беларускую фэдэрацыю гандболу.


• С.Шушкевіч: Горш пасьля адстаўкі Канаплёва нікому ня будзе, 19.04.2007 • С.Калінкіна: Канаплёў ня здолеў стрымаць сваіх апэтытаў у бізнэсе, 19.04.2007 • Гайдукевіч хоча заняць месца Канаплёва, 19.04.2007 • У.Канаплёў: “Мы не напрошваемся ў ПАРЭ”, 2.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG