Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Грышчэня: “На арэну павінна выходзіць моладзь”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць "Начной Свабоды" - старшыня баранавіцкай філіі "Маладога фронту" Яраслаў Грышчэня, якога на гэтым тыдні судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Знаткевіч: “Яраслаў, сёньня быў першы дзень суду супраць вас. Якія вашы ўражаньні ад гэтага працэсу і якога прысуду вы чакаеце?”

Грышчэня: “Цікава, ці можна назваць гэта працэсам, бо назіраеш за ўсім гэтым і разумееш, што гэта ўсё проста фармальна... Як у тэатар прыходзіш: усё ўжо адрэпэтавана – пытаньні, адказы... Там нейкія сьведкі былі – людзі, якіх я наагул ня ведаў, але ж яны прадставіліся як маладафронтаўцы, якіх я сам прымаў у склад арганізацыі. Пры гэтым усім, аб тым, чым займаецца “Малады фронт”, яны наагул нічога ня ведаюць. Справа там проста сьмешная, насамрэч”.

Знаткевіч: “А якога прысуду, на вашу думку, варта чакаць?”

Грышчэня: “Месяцаў да трох, ня болей, спадзяюся”.

Знаткевіч: “То бок, вы гатовыя да таго, што вас усё ж такі пакараюць арыштам?”

Грышчэня: “Так”.

“Ад сьведкаў я даведаўся аб тым, што ўсё ідзе з Амэрыкі, а я – суцэльна прадажны...”

Знаткевіч: “Сёньня Паўла Севярынца асудзілі на 17 сутак і прысудзілі яму штраф 620 тыс.рублёў за арганізацыю мітынгу ў вашую падтрымку на прыступках суду. На вашу думку, якім чынам цяпер ужо можна выказваць салідарнасьць з тымі, хто пацярпеў за выказваньне салідарнасьці?”

Грышчэня: “У дадзенай сытуацыі гэта цяжкае пытаньне. Мяне зьдзівіў сам прысуд Паўлу Севярынцу, 17 сутак. Для Баранавіч гэта насамрэч рэкорднае пакараньне. Ня ведаю, што зараз рабіць. Калі я ўваходзіў у суд – былі людзі, калі выходзіў – ужо не было...”

Знаткевіч: “Вы казалі, што супраць вас сьведчылі людзі, якіх вы нават ня ведаеце. А гэта, прынамсі, баранавіцкія хлопцы?”

Грышчэня: “Так, гэта нейкія баранавіцкія хлопцы – прозьвішчы Ігнатовіч і Гіль. Апошні заявіў такую дзіўную штуку: "Я ўваходжу ў склад арганізацыі "Моладзь БНФ". Судзьдзя кажа: "А расшыфруйце абрэвіятуру Моладзь БНФ". Ён кажа: "Моладзь беларускага... прабачце калі ласка, забыў". Дзіўныя людзі. Ад іх я даведаўся аб тым, што ў баранавіцкай філіі “Маладога фронту” нейкія мільёны амэрыканскіх грошай, штотыднёвая падтрымка з Захаду, усё ідзе з Амэрыкі, а я – суцэльна прадажны...”

Знаткевіч: “Гэта былі сьведчаньні гэтых двух людзей. Вы ня ведаеце, чым яны займаюцца?”

Грышчэня: “Яны вучацца ў нейкіх школах”.

“Ты нядобры чалавек, бо ў цябе брат у апазыцыі”

Знаткевіч: “Тое, што вашага бацьку пагражалі звольніць з працы – гэта зьвязана нейкім чынам з вашым судом?”

Грышчэня: “Само сабой, таму што гэта адбылося літаральна 3 дні таму: падышоў чалавек з кіраўніцтва прадпрыемства і кажа: "Так і так, Сяржук, пазванілі з гарвыканкаму і кажуць, што цягам сутак мы павінны звольніць цябе з працы”. А звальняць насамрэч няма за што. і немагчыма яго звольніць, таму што за 5 год у яго ні вымовы, ні заўвагі няма, а на зваодзе адпрацаваў ужо 15 гадоў – гэта Баранавіцкі завод будаўнічых дэталяў і канструкцый ад Беларускай чыгункі”.

Знаткевіч: “І якое рашэньне было прынятае цягам гэтага дня?”

Грышчэня: “Яго ня звольнілі, таму што насамрэч няма за што. То бок, калі б ён піў ці працаваў дрэнна, а так ён працуе майстрам цэха, і яны ня ведаюць, за што яго звольніць...”

Знаткевіч: “І другое пытаньне – таксама вашая маці сказала, нібыта ў вашага малодшага брата пачаліся праблемы ў вучэльні...”

Грышчэня: “Так, ёсьць такое. Справа ў тым, што ён паступіў у тую вучэльню, дзе я навучаўся адразу пасьля школы, і там што адбываецца – прозьвішча тое ж самае, і паступіў ён на тую ж спэцыяльнасьць, на цесьляра. А там яму адразу кажуць: хлопец, ты ўжо занесены ці то ў экстрэнны сьпіс, ці то ў сьпіс заўваг – карацей, ты нядобры чалавек, бо ў цябе брат у апазыцыі”.

“Шушкевіч, на мой погляд, уратаваў краіну ад грамадзянскай вайны”

Знаткевіч: “Нядаўна Станіслаў Шушкевіч быў вылучаны Лехам Валэнсам на Нобэлеўскую прэмію міру... Для вас Станіслаў Шушкевіч як палітык што-небудзь значыць? Ці ёсьць ён для вас аўтарытэтам, ці не?”

Грышчэня: “Шушкевіч – гэта чалавек, які, на мой погляд, уратаваў краіну ад грамадзянскай вайны. Калі б ён не падпісаў дамову аб разбурэньні СССР, тады проста народ, якому гэта ўсё проста надакучыла, узьняўся б, і ўзьняўся сур''ёзна, і праз год-другі гэты народ захацеў бы крыві тых людзей, якія павінны ў сьмерці іхных продкаў...”

Знаткевіч: “Гэта вашы ўражаньні таго часу? Вы ж яшчэ былі вельмі малы ў той час... Ці гэта тое, што гавораць вашыя старэйшыя сябры, сваякі, бацькі?”

Грышчэня: “Я проста час ад часу цікаўлюся гісторыяй апошніх 30 гадоў Беларусі, СНД, былога Савецкага Саюзу. Калі гэта ўсё параўнаць з тым, што адбываецца зараз, можна ўявіць сабе, што магло б адбыцца ў той момант”.

“Партыя толькі тады партыя, калі мае падтрымку народа”

Знаткевіч: “А цяперашні палітык Станіслаў Шушкевіч нешта для вас значыць, як палітык?”

Грышчэня: “А ён яшчэ палітык?”

Знаткевіч: “Так, ён узначальвае партыю...”

Грышчэня: “А, так, Беларускую сацыял-дэмакратычная Грамаду... Узгадаў, што гэта за партыя. Што датычыцца гэтай партыі – гэта цікавая такая арганізацыя... Партыя, па-мойму, толькі тады партыя, калі мае падтрымку народа. Я не лічу БСДГ партыяй і Шушкевіча ў дадзенай сытуацыі дзейным палітыкам.

У любым выпадку, патрэбная сьвежая крывя, так бы мовіць, моладзь – наперад... А ўсе гэтыя сталыя палітыкі – Шушкевіч, Вячорка, Івашкевіч – гэта ўсё ўжо былое, гэта было 5 гадоў таму. Зараз на арэну павінна выходзіць моладзь. Гэта адзіны варыянт, за якім ёсьць нейкая надзея”.

Знаткевіч: “А сярод палітыкаў старэйшага пакаленьня – ці ёсьць у вас усё ж такі нейкі аўтарытэт?”

Грышчэня: “Мікола Статкевіч. І Павал Севярынец, само сабой”.

Знаткевіч: “Ну, Павал Севярынец усё ж такі чалавек маладзейшага пакаленьня...”

Грышчэня: “Так, але ён старэйшы за мяне...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG