Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы судзяць затрыманых падчас бардаўскага фэсту


Радыё Свабода Дзяніс Садоўскі, адзін зь лідэраў стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, быў затрыманы 8 верасьня перад пачаткам нефармальнае імпрэзы. Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага затрымалі ўчора, калі яны ўжо вярталіся з фэсту. Да сёньняшніх судоў усе трое знаходзіліся ў аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Першым у Аршанскі гарадзкі суд прывезьлі моладзевага актывіста Дзяніса Садоўскага. Судзьдзя аршанскага суду Тацяна Рыбакова прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве паводле артыкулу 17.1 адміністрацыйнага заканадаўства.

Сьведкі-міліцыянты заявілі, што хлопец нецэнзурна лаяўся, за што яго й затрымалі 8 верасьня каля вёскі Гацькаўшчына.

Гэткае абвінавачаньне ўпершыню прагучала ў судзе: адразу па затрыманьні міліцыянты вінавацілі Садоўскага ў непадпарадкаваньні прадстаўнікам аховы парадку — адзін зь міліцыянтаў заявіў, што Садоўскі падчас затрыманьня падрапаў яму руку.

Дзянісу Садоўскаму прысудзілі пяць сутак арышту.

Мастака Алеся Пушкіна і менскага моладзевага актывіста Аляксея Янушэўскага прывезьлі ў суд толькі каля трэцяй дня.

Як распавёў мясцовы праваабаронца Васіль Леўчанкаў, больш за гадзіну затрыманых не выпускалі з закратаванай машыны:

“Я так мяркую, што ў судзе чакалі, пакуль мы разыдземся. Нас тут сабралася чалавек дзесяць актывістаў, і яны меркавалі, што мы не дачакаемся. Ведаю, што псыхалягічна дужа цяжка, калі выходзіш з такой вось машыны, а цябе ніхто не сустракае. Гэта можа зламіць чалавека. І мы дачакаліся. Вось цяпер іх заводзяць у суд”.

У судзе Аляксей Янушэўскі й Алесь Пушкін папрасілі адвакатаў. Да таго ж Алесь Пушкін запатрабаваў, каб судовы працэс праводзіўся па-беларуску. Ён абвясьціў, што будзе галадаць, пакуль ягоных патрабаваньняў ня выканаюць.

Затрыманыя распавялі, што трапілі ў пастарунак пасьля бардаўскага фэсту разам з групай моладзі, якую затрымалі недалёка ад вёскі Сяглава.

Там уночы з 8 на 9 верасьня адбываўся імправізаваны канцэрт. Міліцыя не дазволіла правесьці бардаўскі фэст на Крапівенскім полі, бо там нібыта трэба разьмінаваць снарады, знойдзеныя напярэдадні.

Усіх затрыманых разам адпусьцілі яшчэ ўчора.

На Аляксея Янушэўскага і Алеся Пушкіна склалі пратаколы — нібыта за дробны крадзеж. Міліцыянты цьвердзяць, што мастак і моладзевы актывіст скралі дзяржаўны сьцяг зь міліцэйскага пастарунку. Спачатку ім пагражалі крымінальнай справай за абразу дзяржаўных сымбаляў.

• Ворша: затрыманым пагражаюць крымінальнымі справамі, 09.09.2007 • Фэст “Аршанская бітва-2007” адбыўся, нягледзячы на масавыя затрыманьні, 09.09.2007 • П.Севярынец: “Бітва пад Воршай працягваецца”, 08.09.2007 • У Воршы затрымалі 9 маладафронтаўцаў і Алеся Пушкіна , 08.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG