Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пружанах будзе афрыканская кавярня


Любоў Лунёва, Менск Агляд недзяржаўнага друку 10 верасьня.

Газэта “Белорусы и рынок” першую паласу прысьвяціла тэме навукі і адукацыі ў Беларусі. У артыкуле “Краіна прафэсараў-пэнсіянэраў” аўтары аналізуюць, наколькі эфэктыўна ўплываюць на напісаньне сёньняшніх навуковых прац новыя ідэалягічныя патрабаваньні. Якой мэтадалёгіяй мусяць карыстацца навукоўцы? Чаму сёлета абараніць доктарскую дысэртацыю стала значна складаней?

Чытачы могуць азнаёміцца з аналізам беларускай эканомікі ў сфэры крэдытна-фінансавай палітыкі ў зьвязку са зьменамі паставак газу. Аналітыкі даюць парады грашовым фондам.

Расейскія, украінскія і казахскія банкі цяпер сталі сур’ёзна канкураваць з беларускімі. Яны разам сталі складаць альтэрнатыву беларускім дзяржаўным банкам. Чаму так адбылося? Чытайце сёньняшні нумар газэты “Белорусы и рынок”.

Зьмяняецца інстытут прапіскі. Але гэта ня значыць, што цяпер ня трэба будзе мець у пашпарце штамп аб прапісцы. Намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Белорусы и рынок» Ірына Крыловіч дасьледавала гэтае пытаньне:

“Пакуль яшчэ невядома, якое рашэньне прыме Менгарвыканкам. Справа ў тым, што ў Менску на сёньняшні дзень не хапае працоўных рук. Вось гэтая часовая рэгістрацыя можа даць магчымасьць прадпрыемствам прыцягнуць да сябе новыя працоўныя рукі. Квоты на квадратныя мэтры пад час рэгістрацыі не памяншаюцца, але цяпер можна будзе зарэгістравацца ў садовым ці дачным доміку”.

Газэта “Вечерний Брест” паведамляе пра адзінага ў вобласьці фэрмэра, які гадуе авечак. Тэран Маціс Ўолес, які паходзіць з Намібіі, цяпер жыве ў Пружанскім раёне. З авечай воўны ён вырабляе коўдры. У Пружанах фэрмэр будуе кафэ, у якім будуць афрыканскія стравы і будзе забаронена ўжываць алькаголь і паліць.

“БелГазета” прысьвяціла артыкул гатэльнаму бізнэсу ў Беларусі. Нумар на аднаго чалавека ў новым гатэлі “Эўропа” каштуе 310 эўра. Аўтары параўноўваюць гэтыя кошты з эўрапейскімі і робяць выснову, што беларускія значна вышэйшыя.

“БелГазета” прапануе чытачам інтэрвію зь вядомым расейскім шоўмэнам Раманам Трахтэнбэргам, а таксама з дырэктарам менскага гатэля “Вікторыя” Барысам Крыцкім.

Ці ёсьць у Менска гісторыя? Дзе знаходзяцца гістарычныя мясьціны гораду, які быў цалкам разбураны ў часе другой сусьветнай вайны? Чытайце адказы на гэтае пытаньне ў сьвежым нумары “БелГазеты”.

Аналітык піўнога рынку “Росбізнэскансалтынг” Надзея Герашчанка дала эксклюзіўны камэнтар “Белгазете” пра сытуацыю ў Беларусі. Яна разважае пра пэрспэктывы разьвіцьця беларускага піўнога рынку і робіць несуцяшальныя прагнозы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG