Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлада маўчала пра прысуд Андрэю Клімаву?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму суд над былым дэпутатам Андрэем Клімавым фактычна быў закрытым? Дочкі і жонка Аляксандра Казуліна рыхтуюцца да кароткатэрміновага зь ім спатканьня. Зьміцер Дашкевіч штодня дасылае болей за 20 лістоў. Павал Севярынец распавядаў у сьледчым ізалятары пра актывісту “Маладога фронта” Насту Азарку.

Увечары 7-га верасьня стала вядома, што Андрэя Клімава асудзілі ў Цэнтральным судзе Менска да двух гадоў зьняволеньня за распаўсюджваньне праз інтэрнэт заклікаў супроць дзейнай ўлады. Прысуд вынесьлі 1-га жніўня. Нагадаю, палітыка арыштавалі напачатку красавіка і, паводле зьвестак, дагэтуль трымаюць ў менскім сьледчым ізалятары.

У судзе паведамілі, што прысуд яшчэ не ўступіў ў сілу. З гэтага таксама вынікае, што Андрэй Клімаў абскардзіў прысуд і чакае разгляду сваёй скаргі ў гарадзкім судзе.

Чаму толькі праз месяц стала вядома пра суд над Андрэем Клімавым? Сябра і калега Клімава па Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык найперш кажа пра зацікаўленасьць беларускіх ўладаў максімальна прыхаваць палітычныя працэсы, тым больш такія, у якіх судзяць за меркаваньні. Ігар Шынкарык згадвае, што яшчэ ў ліпені атрымліваў лісты ад Андрэя Клімава са сьледчага ізалятару, а потым палітык замаўчаў.
І.Шынкарык: “Яго ці ізалявалі цалкам ў інфармацыйным пляне, ці прымусілі паверыць, што маўчаньне будзе больш карысным... Толькі галоснасьць дае ўпэўненасьць, што ўлада ня пойдзе на прававое бязьмежжа".
“Яго ці ізалявалі цалкам ў інфармацыйным пляне, ці прымусілі паверыць, што маўчаньне будзе больш карысным. Але, як бачым, суд гэта мала ўлічвае, – кажа Ігар Шынкарык. – Толькі галоснасьць дае ўпэўненасьць, што ўлада ня пойдзе на прававое бязьмежжа, а больш-менш будзе сябе паводзіць паводле закону. Калі б пра гэта ведалі, можа, такога прысуду і не было б”.

Дадам, што раней на ўсе звароты ў пракуратуру там адказвалі, што справа Андрэя Клімава яшчэ расьсьледуецца, і толькі 7-га верасьня паведамілі, што яна ўжо перададзеная ў суд Цэнтральнага раёну. У канцылярыі суду пагадзіліся сказаць толькі агульныя зьвесткі пра суд, і тое з дазволу намесьніка старшыні суду Леаніда Ясіновіча. Сваякі Андрэя Клімава ўжо болей як месяц з журналістамі фактычна не кантактуюць.

"Яны ж бачаць, што мы тэлефануем, можа, таму і не падымаюць"

У сям’і экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна рыхтуюцца да чарговага спатканьня зь ім. Дачка палітыка Юля кажа, што тэрмін для сустрэчы ужо падышоў, але дакладны час яшчэ не вызначаны.

“Плянуем. Дзеля гэтага напішам татулі ліст і спытаем, калі лепей”.

Час сустрэчы таксама трэба ўзгадніць з адміністрацыяй калёніі. Гэта можна зрабіць і праз тэлефон, але апошнія спробы сваякоў Казуліна датэлефанавацца ў адміністрацыю віцебскай калёніі былі марнымі.

“У іх жа стаіць вызначальнік нумару, яны ж бачаць, што мы ім тэлефануем. Магчыма, таму і не падымаюць”.

Паводле апошняга ліста ад Аляксандра Казуліна з калёніі, ён пачуваецца здавальняюча.

Зьміцер Дашкевіч днямі даслаў дамоў кароткі ліст, у якім піша бацькам, што зь ім ўсё добра. Бацька лідэра “Маладога фронту” Ўладзімер Дашкевіч кажа, што сын у турме заняты, бо штодня дасылае самым розным адрасатам дзесяткі лістоў.

“Як мы былі ў яго на спатканьні, то ён казаў, што вось ўчора напісаў 25 лістоў. Уявіце, гэта толькі 25 капэртаў падпісаць – колькі часу трэба?”

У сьнежні будзе год, як Зьмітра Дашкевіча трымаюць у Шклоўскай калёніі паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Усяго Дашкевіча асудзілі на паўтара года зьняволеньня.

Вязьні берасьцейскага ізялятару слухалі “Свабоду”

Гэтым тыднем паводле такога ж абвінавачаньня судзілі актывістаў Маладога фронту Насту Азарку і Івана Шылу. У Нясьвіжскі суд на працэс над Настай Азаркай прыехаў Павал Севярынец – раніцай таго дня яго якраз выпусьцілі з ізалятару ў Берасьці. Аказалася, за кратамі Павал распавядаў сваім калегам па няшчасьці пра Насту, бо пра яе паведаміла Радыё Свабода.

“Мы слухалі”Свабоду” ў ізалятары, і ў камэры быў шок ад зьдзіўленьня. Усе ў мяне дапытваліся, хто такая Настачка, што ёй пагражае і чаму яна гэтак стаіць на сваім”.

Нагадаю, Насту Азарку пакаралі вялікім грашовым штрафам, непаўнагадовага Івана Шылу папярэдзілі.

Чаму няма зьвестак пра Андрэя Клімава?, 18.08.2007 Чаму няма зьвестак пра Андрэя Клімава?, 14.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG