Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка адкрыў “Эўропу”


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску адкрыўся першы ў Беларусі пяцізоркавы гатэль “Эўропа”. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён збудаваны на месцы зруйнаванага падчас Другой усясьветнай вайны аднайменнага гатэльнага комплексу. Экспэрты кажуць, што “Эўропу” паставілі на падмурках знакамітага Менскага гарадзкога музычнага тэатру, які разбурылі ў сярэдзіне 1980-х. Гатэль жа стаяў амаль на пяцьдзясят мэтраў далей.

Ад самай раніцы ля расквечанай сьцягамі “Эўропы” завіхаліся работнікі жыльлёва-камунальнай сфэры ў памаранчавых спэцоўках. Яны шампунем мылі ліхтарныя слупы і асфальт ля ўваходу ў гатэль.

Потым іх месца занялі ахоўнікі службы бясьпекі прэзыдэнта, якія хутка расчысьцілі плошчу Свабоды ад мінакоў ды не акрэдытаваных прэзыдэнцкай адміністрацыяй журналістаў.

Аляксандар Лукашэнка, які ў 2004 годзе загадаў адбудаваць гатэль на цяперашнім месцы, у суправаджэньні сьвіты зь міністраў і гарадзкога начальства прыехаў да гатэлю апоўдні.

Ён адразу ж заявіў, што новы будынак “добра ўклаўся” ў цэнтар гораду, ад чаго сталіца “робіцца прыгожай”. А пасьля ўнутранага агляду рэзюмаваў: “Дыхтоўна зроблена!”

“Эўропа” — не на сваім месцы

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі з высновамі першых наведнікаў гатэлю катэгарычна ня згодны. Ён кажа, што навабуд узьведзены на чужых мурах.

На месцы цяперашняй “Эўропы” стаяў Менскі гарадзкі музычны тэатар, які атрымаў гэты статус у 1825 годзе. Менавіта на гэтай сцэне паставілі першую беларускую нацыянальную опэру на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і музыку Станіслава Манюшкі “Ідылія”.

У 1984 годзе будынак зруйнавалі, нягледзячы на спробы грамадзкасьці абараніць гістарычную спадчыну. Нядаўняя кампанія за недапушчэньне будаўніцтва на месцы тэатру сучаснага гатэлю плёну ня мела.

“Калі быў прапанаваны праект пабудовы таго, што мы маем, вялікая група архітэктараў, рэстаўратараў, гісторыкаў зьвярнулася ў адміністрацыю прэзыдэнта, пракуратару, Палату прадстаўнікоў і Міністэрства культуры з адкрытым лістом.

У ім аргумэнтавана, падрабязна тлумачылася недапушчальнасьць дывэрсыфікацыі гісторыі, падмены паняткаў, замены аўтэнтычнага помніка і рэальных каштоўнасьцяў на падробку, якая ня мае нічога супольнага з тым, што было на гэтым месцы.

Але гэты ліст, падпісаны самымі шанаванымі ў нашай краіне акадэмікамі архітэктуры, заслужанымі дзеячамі навукі й культуры, народнымі артыстамі, быў проста праігнараваны. Дзеля нейкіх карпаратыўных інтарэсаў было пастаноўлена пабудаваць тут любым коштам гэты гатэль”, — сказаў Сяргей Харэўскі.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі лічыць, што аднаўленьне гістарычнага цэнтру сталіцы ідзе паводле распрацаванага пляну:

“Што датычыць грамадзкасьці... Ну чаму? З грамадзкасьцю быў абмеркаваны дэталёвы плян разьвіцьця Верхняга гораду ў Саюзе архітэктараў. А ўжо працэс рэалізацыі грамадзкага пляну — то вы ж самі зразумейце: калі кожны божы праект абмяркоўваць з грамадзкасьцю, то тады калі ўрэшце працаваць?

Гэта ўжо пачынаюцца нейкія прафэсійныя моманты, бо гэта ня толькі будынак, сьцены, бо там і камунікацыі, і каналізацыя, і інжынэрнае забесьпячэньне, і канструкцыі, і ўсё што хочаце”.

Такіх коштаў беларускі гатэльны бізнэс яшчэ ня ведаў

Ацэньваць, словамі Лукашэнкі, “дыхтоўнасьць” “Эўропы” будуць пастаяльцы. Праўда, пакуль невядома, ці шмат ахвочых набярэцца спыніцца ў першым пяцізоркавым гатэлі Беларусі.

Самы танны нумар на аднаго чалавека каштуе амаль 430 даляраў, аднамясцовы паўлюкс — 650 даляраў. Астатнія расцэнкі, натуральна, яшчэ вышэйшыя.

Унутранае аздабленьне рабілі пераважна беларускія вытворцы. На спэцзамову мэблю рабілі прадпрыемствы “Бабруйскмэбля” і “Пінскдрэў”. Шклопакеты і плястыкавыя дзьверы — таксама айчынныя. Шмат прадукцыі ад “Кераміну” ды іншых мясцовых заводаў.

Як адзначае Сяргей Харэўскі, “Эўропа” далёкая ад папярэдніцы ня толькі неадпаведным такому клясу гатэляў “плястыкавым” начыньнем, але і формамі.

Так, надрукаваны ў дзяржаўных СМІ праект меў на ўвазе шасьціпавярховы гмах, тады як на практыцы паверхаў аказалася сем. Сам выгляд навабуду ён ацэньвае як “глямурны кіч”, які не належыць ніводнай эпосе.

А дзе ж была сапраўдная “Эўропа”, пра якую ўвесь час згадваюць?

“Эўропа была на добрых 50 мэтраў управа, там, дзе сёньня мы бачым праезную частку вуліцы Леніна. То бок, каб яна была на тым самым месцы, то да рэстарану “Крыніца” ад яе было б тры мэтры”.

Гэта ўжо ня першая спроба аднавіць у Менску “Эўропу”. Паводле праекту 1989 году на вуліцы Інтэрнацыянальнай пачалі будаўніцтва гатэлю “Эўропа”, у якім таксама былі выкарыстаныя асобныя элемэнты “Эўропы” пачатку ХХ стагодзьдзя. Сьцены і фасад інвэстары адужалі, але ва ўмовах эканамічнага крызісу да ладу не давялі.

Цяпер у няспраўджанай “Эўропе” месьціцца галоўны офіс кампаніі мабільнай сувязі “Velcom”.

Менск, 7.09.2007. Адкрыцьцё гатэлю “Эўропа”

Менск, 7.09.2007. Адкрыцьцё гатэлю “Эўропа”

Менск, 7.09.2007. Адкрыцьцё гатэлю “Эўропа”

“Эўропа” з фасаду і з тылу. Фота аўтара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG