Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Азарка: “Гэта быў ня суд, а іспыт на трываласьць”


Валер Каліноўскі, Прага Госьця “Начной Свабоды” – актывістка "Маладога фронту" Наста Азарка зь Нясьвіжу, якой у аўторак прысудзілі вялікі штраф за прыналежнасьць да незарэгістраванай арганізацыі.

Каліноўскі: “Наста, скажыце, цяпер вы адчуваеце нейкае аблягчэньне, што гэты працэс нарэшце скончыўся і не найгоршым чынам для вас і іншых вашых паплечнікаў?”

Азарка: “Канечне, адчуваю вялікую палёгку, у мяне такі камень з душы зваліўся, гара з плеч...”

“На іспыт я вырашыла прыйсьці ў сьвяточным строі”

Каліноўскі: “Палёгку адчуваюць, відаць, і вашыя бацькі?”

Азарка: “Бацькі таксама. На працэс прыйшла маці, у бацькі не атрымалася з працай, мама вытрымала ўвесь гэты працэс нармалёва – маральна мяне падтрымлівала”.

Каліноўскі: “Ствараецца ўражаньне, што вы ішлі на працэс паводле абвінавачаньня ў крымінальнай справе, як на сьвята... Вы з кветкамі, Іван у гарнітуры з гальштукам... Чым гэта можна патлумачыць?”

Азарка: “Наконт сябе магу сказаць, што ў апошнія суткі перад судом для мяне гэта былі вельмі цяжкі дзень і ноч таксама, а пад раніцу прыйшло такое адчуваньне, што насамрэч гэта ня суд па крымінальнай справе, а іспыт на трываласьць. Ясная справа, што на іспыт я вырашыла прыйсьці ў сьвяточным строі”.

Каліноўскі: “Вы гэты іспыт здалі на якую адзнаку?”

Азарка: “На маю думку – на выдатна”.

“Пры Сталіне быў іншы артыкул, сёньня – 193-ці...”

Каліноўскі: “Скажыце, колькі месяцаў вам прыйдзецца працаваць на льнозаводзе, каб зарабіць 1 240 000 рублёў для выплаты гэтага штрафу?”

Азарка: “Нават ня ведаю, але мяркую, што цэлы год – гэта дакладна”.

Каліноўскі: “А што яшчэ зьменіць гэты прысуд у вашым жыцьці?”

Азарка: “Ён ужо зьмяніў, але ў станоўчы бок. Я зразумела, што тут, у Нясьвіжы, ёсьць над чым працаваць, з чым працаваць, для чаго працаваць – для моладзі, грамадзтва, для таго, каб Нясьвіж насамрэч прачнуўся”.

Каліноўскі: “Скажыце, а ці “прачнуліся” вашы калегі па працы, рабочыя? Ці адчулі вы салідарнасьць зь іх боку?”

Азарка: “Так, адчула – перад судом, перад тым як быў вызначаны дзень суду. На працягу ўсяго працэсу яны мяне падтрымлівалі – канечне, моўчкі. Яны самі людзі дасьведчаныя, разумеюць, што гэта такое, з чым зьвязаны мой перасьлед. Адзінае, што яны сказалі – гэта тое, што ўчора артыкул быў 37-ы, сталінскія рэпрэсіі, а сёньня – 193-ці”.

Каліноўскі: “А адміністрацыя вашага льнозаводу нейкім чынам выказала свае адносіны да працэсу і да вашага сяброўства ў "Маладым фронце"? Яна вас не прыціскае?”

Азарка: “Адміністрацыя – не, не прыціскае. Яны досыць нармалёва да ўсяго ставяцца. Я пасьля суду яшчэ на працы не была, я ўзяла адгул на тыдзень і прыду туды ў панядзелак і буду бачыць...”

Каліноўскі: “Вы застаецеся ў палітыцы і на волі – гэта самае важнае. Кім вы сябе бачыце далей у палітыцы? Ці хочаце вы далучыцца да нейкай партыі, ці можа стварыць суполку ў Нясьвіжы – якія вашыя пляны?”

Азарка: “Самая важная мая задача цяпер – падняць "Малады фронт" у Нясьвіжы, падняць супраціў уладзе ў моладзевым асяродку. Далучыцца да нейкай партыі ці іншай арганізацыі – гэта пытаньне часу, я буду яшчэ над гэтым думаць”.

АПЫТАНЬНЕ: Чым жанчына-палітык адрозьніваецца ад мужчыны-палітыка?



Каліноўскі: “Як выглядае, беларускі ня надта хочуць, каб жанчыны былі палітыкамі. Мужчыны ж да гэтага ставяцца нашмат больш прыязна. Чаму, як вы думаеце?”

Азарка: “Таму што перш за ўсё тут выказваецца стаўленьне жанчыны да сям''і, гаспадаркі, да ўсяго што зьвязанае з хатнімі клопатамі, выхаваньнем дзяцей. Я лічу, што жанчына перш за ўсё павінна думаць пра сям''ю, але сям''я – гэта ёсьць наша радзіма, наша краіна. Ня думаць пра краіну – значыць ня думаць пра сям''ю. Я лічу, што жанчына таксама мае месца ў палітыцы”.

“Жанчыны здольныя на ўсё”

Каліноўскі: “А на што здольныя беларускія жанчыны ў палітыцы? Ці стане ў будучыні жанчына беларускім прэзыдэнтам?”

Азарка: “Жанчыны здольныя на ўсё. Яна павінна толькі паверыць, што яна здольная. Ці стане жанчына прэзыдэнтам – таксама пытаньне часу”.

Каліноўскі: “Кажучы пра сям''ю: Павал Севярынец сказаў, што ажэніцца толькі пасьля таго, калі будзе перамога дэмакратыі. А ў вас - ці ёсьць ужо нейкія пляны на шлюб, калі не сакрэт?”

Азарка: “Гэта не сакрэт. Я не пабаюся тут быць параўнанай зь Севярынцам, таму што гэта і маё ўласнае меркаваньне: калі мы пераможам, прыйдзем да ўлады, у мяне будзе час выйсьці замуж, выхоўваць дзяцей, і поўнасьці адаць сябе сваёй уласнай сям''і. Пакуль не пляную. Але ўчора была яшчэ такая акалічнасьць, наконт вашага пытаньня, чаму я так сьвяточна выглядала – скажам так, што былі “пагрозы” адразу ж на судзе выдаць мяне замуж... Я рыхтавалася і да гэтага”.

Каліноўскі: “Якім чынам? Сілай? Выйсьці замуж, каб не патрапіць за краты?”

Азарка: “Так”.

Каліноўскі: “Адзін з наведнікаў форуму "Нашай нівы" казаў пра пераемнасьць паміж генерацыямі палівязьняў: Эрнэст Сабіла сустрэўся ў Нясьвіжы з маладафронтаўкай Настай Азаркай, унучкай вязьняў ГУЛАГу Аляксандра і Марыі Азаркаў, якую судзяць за працяг справы сваіх дзядоў... Кім былі вашы бабуля і дзядуля, за што іх пакаралі?”

Азарка: “Яны сапраўды былі пакараныя ўвогуле ні за што – толькі за тое, што прытулілі на ноч аднаго чалавека, які ўчыніў вялікае злачынства. Ім усім далі па 6-7 гадоў. Бабуля на той час была маладзейшая за мяне, ёй было ў той час усяго 20 гадоў, і я разумею, як ёй было цяжка, тым больш з малым дзіцём на руках”.

Каліноўскі: “І як скончыўся іхны лёс?”

Азарка: “Дзед быў інвалідам вайны і за тое, што ён патрапіў у сталінскі лягер, у яго адабралі яго мэдалі, заваяваныя крывёю... І да гэтага часу ні бабулю, ні дзядулю не рэабілітавалі. Дзед так і пайшоў...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG