Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці аб’яднаюцца беларускія сацыял-дэмакраты?


Уладзімер Глод, Менск Сябры менскіх філіяў дзьвюх сацыял-дэмакратычных партыяў – Аляксандра Казуліна і Станіслава Шушкевіча – правялі сумеснае паседжаньне, на якім запатрабавалі ад сваіх лідэраў неадкладна пачаць аб’яднаньне ў адну моцную партыю. Яны зьвярнуліся і да Міколы Статкевіча, каб ён і ягоныя паплечнікі, якія не ўваходзяць у гэтыя партыі, але прытрымліваюцца сацыял-дэмакратычных каштоўнасьцяў, таксама далучыліся да гэтага працэсу.

Ігар Маслоўскі – кіраўнік Берасьцейскай абласной філіі партыі Аляксандра Казуліна таксама лічыць, што трэба мець у Беларусі адну моцную сацыял-дэмакратычную партыю:

“Гэта добрая справа. І я, і наша арганізацыя вітаем любыя намаганьні ўсіх тых палітычных суб’ектаў, якія прытрымліваюцца сацыял-дэмакратычных ідэяў, да аб’яднаньня, умацаваньня, аж да стварэньня адзінай партыі.

Але структуры Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (партыя Шушкевіча), шчыра скажу, у нашым рэгіёне вельмі слабыя. І прадстаўніка гэтай партыі мы бачылі фактычна толькі падчас мясцовых выбараў, калі правяраліся подпісы для вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў. Таму ў нашай вобласьці калі ёсьць адна структура, а другой няма – нам цяжка размаўляць на гэту тэму”.

Карней Пятровіч з Баранавічаў – сябра партыі Станіслава Шушкевіча – гаворыць, што на мясцовым узроўні на карысьць аб’яднаньня выказваюцца многія сацыял-дэмакраты:

“Прынамсі, у нас у Баранавічах і з нашага боку, і з боку казулінцаў ёсьць такое жаданьне. Але далей за неафіцыйныя сяброўскія размовы пытаньне гэтае пакуль не ўздымалася.
”Сэнс нашай ініцыятывы – аб’яднаць усіх тых, хто лічыць сябе сацыял-дэмакратамі (і зарэгістраваных, і незарэгістраваных)”.
Я гатовы далучыцца да словаў Маслоўскага – параўнальна зь берасьцейскай казулінскай арганізацыяй наша арганізацыя, безумоўна, слабейшая. Але, я думаю, гэта не павінна быць нейкім тормазам аб’яднальнага працэсу”.

Сяргей Скрабец, які сёлета ўзначаліў менскую гарадзкую арганізацыю партыі Шушкевіча і які зьяўляецца актыўным прыхільнікам аб’яднаньня ўсіх сацыял-дэмакратаў Беларусі, гаворыць, што ня трэба лічыць, дзе ў якой з партыяў больш “штыхоў”:

“На мой погляд, такія спрэчкі ўзьнікаюць там, дзе хтосьці хоча высьветліць: а хто ў нашым рэгіёне самы галоўны? Прыкладам, можна запытаць Мікалая Статкевіча, і ён скажа: тут у мяне структуры мацнейшыя за вашы. А мы тады яму скажам: чаму ваша партыя яшчэ не прайшла перарэгістрацыі? Нашы ж – прайшлі. І падобныя пытаньні можна задаваць бясконца. Але тады аб’яднальны працэс ніколі не пачнецца. Але ж сэнс нашай ініцыятывы – аб’яднаць усіх тых, хто лічыць сябе сацыял-дэмакратамі (і зарэгістраваных, і незарэгістраваных)”.

• 9 траўня адбудзецца другая сэсія Аб''яднаўчага зьезду беларускіх сацыял-дэмакратаў, 9.05.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG