Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае піва: варыць альбо не варыць?


Ігар Карней, Менск Гэтымі днямі прадстаўнікі піўной галіны мусяць вызначыцца з пэрспэктывай разьвіцьця піваварства ў Беларусі. 23 жніўня падчас нарады ў пытаньнях броварства Аляксандар Лукашэнка паставіў пытаньне рубам: прыцягваць замежныя інвэстыцыі ў высокапрыбытковы бізнэс ці самім разьвіваць яго? На роздум зацікаўленым бакам дадзеная першая дэкада верасьня. Да якога варыянту схіляюцца чыноўнікі і півавары?

Паводле падлікаў дзяржаўных экспэртаў, спажываньне піва ў Беларусі расьце на 20% штогод. Аднак магутнасьці бровараў не адпавядаюць усё большаму спажывецкаму попыту. Каб выйсьці на запатрабаваны ўзровень, піўной галіне неабходна 125 мільёнаў даляраў. “Гэта невялікія сродкі для краіны, тым больш, што грошы будуць зь цягам часу вернутыя”, – канстатаваў падчас нарады Аляксандар Лукашэнка.

Піўная галіна не прадаецца?

Ён заявіў, што беларусы здольныя пасьпяхова канкураваць з замежнымі кампаніямі на сваім унутраным рынку, і таму “няма сур’ёзных прычынаў для таго, каб прымаць тэрміновае рашэньне аб продажы цэлай галіны”.

Як лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка, наўрад ці пазыцыя дзяржавы ў гэтым пытаньні зьменіцца. А ўжо распрацаваныя бізнэс-пляны з удзелам такіх міжнародных інвэстараў, як “Хайнэкен”, давядзецца на неакрэсьлены тэрмін пакласьці пад сукно:

“Тут магчымыя розныя рашэньні. Пакінуць ва ўласнасьці, стварыць канцэрн, манаполію, дывэрсыфікаваць, зрабіць агульны брэнд. А што тычыцца сыравіны, то дзейнічаць больш гнутка: ячмень, солад набываць за мяжой пад патрэбныя гатункі. Ня думаю, што пазыцыя Лукашэнкі павінна зьмяніцца. І гэта задавальняе беларускую намэнклятуру. Стварэньне магутнага агульнанацыянальнага канцэрну зробіць прасьцейшай яго наступную прыватызацыю. Навошта драбніць на маленькія прадпрыемствы, дзе кожны рэгіянальны чыноўнік будзе цягнуць пад сябе, пад сваю прыватызацыю гэтыя піўзаводы? Намэнклятура цудоўна разумее: Лукашэнка ня вечны, а стварэньне буйных холдынгаў, буйных кампаній дасьць магчымасьць хутчэй іх прыватызаваць, што больш надзейна”.

Рэвалюцыя броварам не пагражае

Дырэктар піўзаводу “Аліварыя” Мікалай Дудко наўпрост ня кажа, які варыянт разьвіцьця падзеяў для беларускіх бровараў лепшы: кожны з зацікаўленых бакоў працэс акцыянаваньня прадпрыемстваў бачыць па-рознаму:

“Я думаю, што гэта не адзіны варыянт. Існуе шмат разнастайных варыянтаў, і, канешне, ёсьць свае плюсы ў такім варыянце. Адзін з самых сур’ёзных плюсаў замежных інвэстыцый – гэта назапашаныя досьвед і веды, зь якімі ідуць кампаніі. Але калі гаварыць агулам, для краіны, то могуць існаваць і мінусы. Таму тут адназначна так ня скажаш. Аднак залішнія перасьцярогі можа і не апраўданыя: самае важнае ў гэтым тое, што ня ставілася ж пытаньне ў замежных інвэстараў аб абавязковым продажы 100% акцый. Гаворка вялася пра тое, што інвэстары гатовыя пачынаць укладваць на сёньняшні дзень грошы, і доля дзяржавы гатовая была заставацца. Так, прынамсі, ад пачатку было сказана”.

У суседніх Расеі, Украіне, краінах Балтыі рэвалюцыя ў піўной галіне сталася магчымай якраз за кошт укладаньняў міжнародных карпарацый. Чаму, напрыклад, расейцы пускаюць іншаземцаў? Разважае Мікалай Дудко:

“Так, расейцам гэта не перашкаджае. Але там зусім іншыя падыходы. Там загадзя не было дзяржаўных прадпрыемстваў. Таму іх вельмі шмат, яны згрупаваныя і можна казаць, што там вельмі кансалідаваны рынак. У нас іншая сытуацыя, і большая частка рынку пад кантролем дзяржавы. Гэта зусім розныя рэчы”.

Галоўныя інвэстыцыі – досьвед і веды

Адзін з прадстаўнікоў Рэчыцкага бровару кажа, што замежныя інвэстары маюць ня толькі грошы, патрэбныя для рэканструкцыі галіны, але і практычны досьвед прасоўваньня прадукцыі на зьнешнім і ўнутраным рынках:

“У нас жа таксама папярэдне ўсе пытаньні былі вырашаныя з “Хайнэкен”, і ўжо да новага году мы павінны былі “ўкліньвацца” ў структуру. А цяпер трэба чакаць чарговай нарады. На папярэднім сходзе тэарэтычна ўсё было гатова да таго, што заставалася толькі даць “адмашку”. І рэальна да гэтага ўсё ішло. Але да канца дня аказалася, што “адмашку” даваць ніхто ня будзе, а далі тэрмін да пачатку верасьня падрыхтаваць новы плян. Баяцца, што галіна высокарэнтабэльная, і калі “зьліць” яе капіталістам, то ня мы, а яны будуць атрымліваць прыбыткі. Але каб прымусіць галіну працаваць, патрэбныя сур’ёзныя інвэстыцыі, і шмат у чым ня толькі грашовыя. То бок, патрэбны мэнэджмэнт, маркетынг, сыстэма кіраўніцкіх тэхналёгій. Вось якія патрэбныя інвэстыцыі”.

У Беларусі вытворчасьцю піва займаюцца 12 спэцыялізаваных прадпрыемстваў розных формаў уласнасьці. Больш за 90% ад усяго аб’ёму зваранага піва прыпадае на 6 буйных бровараў. У адпаведнасьці з праграмай разьвіцьця галіны на 2006-2010 гады плянуецца павялічыць вытворчыя магутнасьці з 46 мільёнаў дэкалітраў да 64 мільёнаў у 2010-м.


• Ці ўтрымае дзяржава беларускія бровары?, 23.08.2007 • Бровары Беларусі гатовыя прадаваць свае актывы замежным кампаніям, 14.02.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG