Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Праскі акцэнт": Якая ідэалёгія пасуе беларусам?


Юры Дракахруст, Прага Наколькі эфэктыўная апрацоўка моладзі ў духу дзяржаўнай ідэалёгіі? Ці патрэбнае ідэалягічнае выхаваньне наагул? Які ўплыў ў моладзевым асяродку маюць БРСМ і апазыцыйныя моладзевыя арганізацыі? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” сябра ўправы партыі БНФ, студэнт БДУ Франак Вячорка, рэдактар часопісу “Палітычная сфэра” Андрэй Казакевіч і журналіст газэты «Комсомольская правда в Белоруссии» Глеб Лабадзенка.

Высілкі і вынікі

Дракахруст: “На пачатку навучальнага году міністэрства адукацыі разаслала ва ўсе школы, ВНУ і тэхнікумы новую, абавязковую для выкананьня “Праграму бесьперапыннага выхаваньня дзяцей і моладзі, якая навучаецца” . Мэта праграмы – узмацненьне ідэалягічнага выхаваньня моладзі, фармаваньня ў яе правільных поглядаў і паводзінаў. Адначасна і БРСМ разам з аддзелам Менгарвыканкаму ў справах моладзі распрацаваў праект “па выхаваньні грамадзянскай самасьвядомасьці моладзі”.

Словам, ідэалягічная праца ўзмацняецца, пашыраецца і паглыбляецца, як казалі ў свой час камсамольскія работнікі. Але як тады, гэтак і зараз паўстае пытаньне, які плён даюць гэтыя неверагодныя высілкі, наколькі яны сапраўды фармуюць пакаленьне, адданае цяперашняй ўладзе, гатовае падтрымліваць і абараняць яе і яе ідэі? Андрэй, Вы ў нас спэцыяліст па дзяржаўнай ідэалёгіі, Вам першаму слова."

Тыя, хто мае перакананьні, станоўчыя ці адмоўныя з пункту гледжаньня рэжыму, на іх такая праца практычна ніякага ўзьдзеяньня мець ня будзе А. Казакевіч

Казакевіч: "Мяркую, што такія захады могуць мець толькі дадатковы ўплыў на фармаваньне сьвядомасьці моладзі. Думаю, што на пэўны сэктар моладзі гэта ўзьдзейнічае, асабліва гэта тычыцца тых, хто ня мае трывалых поглядаў па палітычных пытаньнях. Проста шляхам руціннай дэманстрацыі дзяржаўных сымбаляў, руцінных аповедаў пра мінулае прывіваецца пэўны сьветапогляд. Гэта не зьвязана з нейкім палымяным пачуцьцём ці сапраўднай верай і перакананьнямі, мэтавай групай тут зьяўляюцца найперш тыя, хто ня мае ніякіх перакананьняў. Тыя, хто маюць перакананьні, станоўчыя ці адмоўныя з пункту гледжаньня рэжыму, на іх такая праца практычна ніякага ўзьдзеяньня мець ня будзе."

Дракахруст: "Франак Вячорка, у дадзеным выпадку размова ідзе пра Вашых палітычных апанэнтаў. Як бы Вы адказалі на гэтае пытаньне - наколькі эфэктыўнай зьяўляецца ўся гэтая сыстэма ідэалягічнай апрацоўкі моладзі."

Вячорка: "У сваёй сутнасьці нічога кепскага ў сыстэме патрыятычнага выхаваньня няма, калі гэта ня ёсьць замбаваньне на карысьць той ці іншай улады, а ў нашым выпадку на карысьць Лукашэнкі. Патрыятычнае выхаваньне патрэбнае , яно практыкуецца і ў дэмакратычных краінах, гэта прывіваецца любоў і павага да гісторыі, да культуры, да нацыянальнай сымболікі. У нас трошкі скажонае ўяўленьне аб патрыятызьме, ён асацыюецца з любоўю да сёньняшняй улады. А тое, што ўлада некалі зьменіцца, што існуюць розныя плыні, розныя пазыцыі ў дачыненьні да будучыні Беларусі -- пра гэта ў гэтым выхаваньні не сказана. Я лічу, што выхаваньне і тая праграма, якая цяпер распрацаваная міністэрствам адукацыі, нічога новага не прынясе, у ёй нічога звышновага няма, гэта поўны фармальных пустых інструкцыяў тэкст. Іншая справа, як да гэтай праграмы будуць ставіцца людзі на месцах, выканаўцы, у прыватнасьці выкладчыкі школаў і ВНУ, як яны будуць вылузвацца са скуры, каб гэтую праграму рэалізаваць. І тут ужо можна чакаць самыя розныя, нават самыя небясьпечныя вынікі, калі будзе сьвядома будзе навязвацца пэўная пазыцыя ўлады.

Калі б улады зьвярталіся не да Другой Усясьветнай вайны, не да савецкіх традыцыяў, калі б яны пераймалі досьвед не таталітарнага савецкага грамадзтва, а , напрыклад, зьвярталіся ў выхаваньні да гістарычных перамогаў Астроскага, Альгерда, Вітаўта, калі б яны глядзелі трошкі глыбей і выхоўвалі трошкі фундамэнтальней моладзь, то быў бы значна большы ўплыў."

Дракахруст: "Глеб Лабадзенка, спадар Вячорка сказаў, што гэта пустыя інструкцыі. Але ў свой час камсамольская праца таксама здавалася пустой, аднак зараз мы бачым, як старэйшае пакаленьне, якое тады было маладым, сумуе па страчанай вялікай дзяржаве. І, магчыма, у гэтай настальгіі ёсьць і вынік той працы".

"Калі б гэтая ідэалёгія ня дзейнічала на народ, то шукалі б нейкіх крыэйтараў, каб знайсьці больш выкшталцоныя спосабы". Г.Лабадзенка

Лабадзенка:”Справа ў тым, што спадар Вячорка, як і я , скончыў Коласаўскі ліцэй і таму мы ставімся да гэтага так. А большасьць людзей Коласаўскі ліцэй не сканчалі. Колькі год таму я таксама думаў -- Божа мой, ну на каго гэта разьлічана, гэта ж проста сьмешна, тое што яны гавораць і робяць, гэтае іх "За Беларусь". Але потым мой погляд зьмяніўся. Я на Дзень незалежнасьці быў на праспэкце Машэрава, дзе плянавалася масавае сьпяваньне гімну. Я таксама прыйшоў туды, калі не папрыколвацца, то паглядзець, як гэта ўсё будзе выглядаць, гэты апафэёз беларускай салідарнасьці. І мяне трохі напужалі шкляныя вочы гэтых людзей. Калі моладзь, якая хвіліну таму піла піва, сапраўды ператварылася ў нейкіх зомбі. І ў мяне было адчуваньне, што я нейкі вораг, шпег і што мне трэба ўцякаць, бо мяне зараз гэты натоўп разьдзярэ.

Тыя захады, якія робяцца, робяцца сапраўды адносна пасыўнай часткі нашай моладзі. Тут сытуацыя тая самая, што з маёй бабуляй, яна ўжо 13 гадоў галасуе за Аляксандра Рыгоравіча, мы зь ёй гэта не абмяркоўваем, бо гэта бессэнсоўна.

Гэтак жа і з гэтай праграмай. Тая частка моладзі, якая абсалютна разумее, што адбываецца, у якой ёсьць галава на плячах, якая можа думаць і рабіць высновы, гэтую моладзь ніхто ня будзе замбаваць. За ўсё жыцьцё мяне ніколі не запрашалі ў БРСМ. Таму безумоўна ўплыў ідзе на тых людзей, якія ня вызначыліся з гэтым.

Сёньняшняя моладзь, гэта людзі, якія не выбіралі гэтую ўладу, калі яе выбіралі, яны яшчэ ня мелі права галасаваць.

Але зараз, калі яны такое права набываюць, то зразумела, што ўлада робіць абсалютна нармальна, спрабуючы ангажаваць гэтую моладзь усімі мэтадамі. А наконт формул, пры дапамозе якіх гэта адбываецца, то гэта мяне таксама пужае.

Чаму ў Беларусі кепскае піва? Таму што беларусы п''юць гэтае піва, яно іх задавальняе і заводам проста ня трэба рабіць лепшае, пойдзе і такое. Калі б гэтае піва ніхто ня піў, давялося б набываць нейкае новае абсталяваньне, мяняць тэхналёгіі. Калі б гэтая ідэалёгія ня дзейнічала на народ, то шукалі б нейкіх крыэйтараў, каб знайсьці больш выкшталцоныя спосабы. Але тыя мэтады, якія яны абралі, той аўдыторыі, на якую яны арыентуецца, абсалютна пасуюць".

Ад “Камуністычнага маніфэсту” да падручніка дзяржідэалёгіі

Дракахруст: "Ужо і Глеб, і Франак -- з розных бакоў завялі размову пра якасьць ідэалягічнага прадукту. Усё ж марксізм быў ідэалёгіяй, прыцягальнай для мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце – ад дзікіх плямёнаў у Афрыцы да брытанскіх лордаў. У гэтым сэнсе самаробкі дамарослых ідэолягаў такога моцнага ўражаньня ня робяць, падручнікі па дзяржідэалёгіі ды “Слухай бацьку” паводле натхняльнай сілы да “Камуністычнага Маніфэсту” і “Варшавянкі” неяк не дацягваюць. А можа і ня трэба, можа, і так спрацуе за кошт ахопу і выкарыстаньня новых інфармацыйных тэхналёгіяў? Андрэй, як Вы мяркуеце?"

Казакевіч: "Мы жывем у эпоху, калі ідэалёгія перастала быць сукупнасьцю ідэяў, ідэалёгія - гэта сукупнасьць сымбаляў, павярхоўных канцэптаў, якія існуюць у грамадзтве і розным чынам апаноўваюць сьвядомасьць людзей. Асабліва гэта актуальна для сучаснай Беларусі.

Калі ў 2003 годзе толькі пачынаўся гэты ідэалягічны праект, ужо тады было відавочна, што стварэньня нейкай сыстэмы навуковых ці квазінавуковых ідэяў будзе неэфэктыўным, а большы эфэкт будуць даваць інфармацыйныя кампаніі, кшталту "За Беларусь". І практыка , і ацэнкі ў самім дзяржаўным апараце паказалі, што так яно і адбываецца. Некалькі масавых акцыяў ці інфармацыйных кампаній на дзяржаўным тэлебачаньні значна больш эфэктыўныя, чым курс ідэалёгіі ў ВНУ. Ідэалягічнае ўзьдзеяньне -- гэта ня толькі прышчэпліваньне рацыянальных ідэяў, але і руцінныя практыкі, напрыклад, пастаянная дэманстрацыя сымбаляў. Яны ў пэўнай ступені фармуюць і адносіны да рэжыму і да ўсёй краіны.

У прынцыпе для сучаснага грамадзтва ідэалёгія не павінна мець і практычна нідзе ў сьвеце ня мае распрацаванай глыбокай структуры. Гэта пераважна сыстэма сымбаляў, якія павінны спараджаць у людзей пэўныя адчуваньні."

Дракахруст: "Глеб, на Ваш погляд, каго фармуе цяперашняя беларуская дзяржаўная ідэалёгія? Марксізм, пра які мы ўжо казалі, у ідэале павінен быў фармаваць людзей, гатовых забіваць і паміраць за гэтую ідэю. У якой ступені на гэта скіраваная цяперашняя беларуская дзяржаўная ідэалёгія?"

Якім бы ня быў гімн, але мне непрыемна, калі нашы спартоўцы-пераможцы стаяць і папросту маўчаць, вось, дзякаваць Богу, Ціхан цяпер здабыў перамогу і стаяў сьпяваў гімн Г.Лабадзенка
Лабадзенка: "Мы можам казаць пра гэтыя дзеяньні добра ці дрэнна, але мы гаворым са свайго пункту гледжаньня. А калі паглядзець збоку, то гэтая ўлада робіць усё абсалютна правільна, бо любая ўлада на яе месцы рабіла б тое самае, але зь іншымі акцэнтамі, апэлюючы да іншых паняцьцяў. Бо які б гімн ня быў, які б сьцяг ня быў, любая ўлада павінна выхоўваць павагу да іх і веданьне гэтых сымбаляў. Якім бы ня быў гімн, але мне непрыемна, калі нашы спартоўцы-пераможцы стаяць і папросту маўчаць, вось, дзякаваць Богу, Ціхан зараз здабыў перамогу і стаяў сьпяваў гімн. Улада выхоўвае сваіх грамадзянаў, і тая ідэалёгія, якая сёньня паўсюль дэкляруецца, якая вісіць на бігбордах, якая паказваецца па БТ -- яна выхоўвае грамадзян гэтай Беларусі".

Дракахруст: "Франак, Вы, адказваючы на першае маё пытаньне, сказалі, што ўлада ў прынцыпе робіць усё правільна, толькі не на тых традыцыях выхоўвае. Вось калі б выхоўвала не на савецкіх традыцыях, а на традыцыях Астроскага і Вітаўта, то ўсё было б добра. А Вы ўпэўнены, што гэтая другая традыцыя была б такой ужо натхняльнай для беларусаў?"

Беларусы, як нацыя талерантная, як нацыя шляхетная, як нацыя інтэлігентная, я б сказаў, нашмат лепш і прасьцей успрыняла б беларускі залаты век ВКЛ Ф.Вячорка
Вячорка: "Тая тактыка, якую сёньня абрала ўлада, перамагае ня зьместам, а формай. Як слушна сказаў шаноўны спадар Казакевіч, вельмі эфэктыўна выкарыстоўваюцца тэхналёгіі, у тым ліку і інфармацыйныя і палітычныя, ці то замбаваньне, ці то выхаваньне грамадзянаў, як сказаў Глеб. На мой погляд, у гэтай ідэалёгіі няма зьместу. У яе адна мэта -- выхаваць пакорлівых, адданых Лукашэнку, празамбаваных людзей, хутчэй не грамадзянаў, а "граждан", якія будуць рабіць згодна з афіцыйнай лініяй і ніяк інакш.

Патрыятычнае выхаваньне патрэбнае. Павінен паўсюль вісець, знаходзіцца нацыянальны сьцяг, людзі павінны ведаць нацыянальны гімн, людзі павінны ведаць ня толькі подзьвігі бээсэсэраўцаў і Чырвонай Арміі, але і ўсе пераддзяржавы Рэспублікі Беларусь -- і Беларускую Народную Рэспубліку, і Вялікае Княства Літоўскае, і абапірацца на традыцыі глыбіннай гісторыі Беларусі.

Калі мы, напрыклад, зьвернемся да суседняй нам Расеі, то там таксама распрацоўваецца падобная ідэалёгія і Пуцін у прынцыпе дублюе тое, што робіць Лукашэнка, са спазьненьнем у пару гадоў, дык у Расеі ідэалёгія нашмат больш эфэктыўная і зьмястоўная, чым сёньняшняя ідэалёгія ў Беларусі.

Сучасная расейская ідэалёгія базуецца на расейскім імпэрыялізьме, на шавінізьме, уласьцівым усяму расейскаму народу, рускаму народу менавіта. Беларусі ж цяперашняя прасавецкая ідэалёгія не пасуе. Беларусы, як нацыя талерантная, як нацыя шляхетная, як нацыя інтэлігентная, я б сказаў, нашмат лепш і прасьцей успрыняла б беларускі залаты век ВКЛ. Яна нашмат лепш успрымала б не кніжкі пісьменьнікаў ваеннага ліхалецьця Савецкага Саюзу, а кніжкі беларускіх адраджэнцаў-нашаніўцаў. Людзі б ганарыліся сваёй Беларусьсю, у іх Беларусь асацыявалася б ня толькі з прэзыдэнтам і ўзброенымі сіламі, а менавіта з багатымі культурніцкімі каранямі".

Ідэалягічная “вэртыкаль” пасьля перамогі апазыцыі

Дракахруст: "Франак, Вы сябра партыі БНФ, якая хоча прыйсьці да ўлады. І калі некалі яна прыйдзе да ўлады, то з Вашых словаў я зразумеў, што ідэалягічным выхаваньнем яна таксама займацца будзе. Вы так крыху грэбліва сказалі, што цяперашняя ідэалёгія выхоўвае пакорлівых і адданых. А вам будуць непатрэбныя пакорлівыя і адданыя?"

Вячорка: "Трэба разумець, што такое пакорлівыя, што маецца на ўвазе. Я меў на ўвазе адданасьць менавіта Лукашэнку. У любой ідэалёгіі эўрапэйскай краіны, дэмакратычнай краіны..."

Дракахруст: "Франак, я Вас перапыню. А калі б яны былі адданыя Франаку Вячорку, гэта было б значна лепш?"

Вячорка: "Я не кажу пра адданасьць той ці іншай уладзе. Размова ідзе пра адданасьць краіне, адданасьць народу. Няправільна, калі любое дасягненьне ў краіне - пабудова нацыянальнай бібліятэкі, лядовага катка ці вынаходжаньне супэркампутара, падаецца, як заслуга ўлады. Гэта мусяць быць заслугі народу і так яны і павінны ўспрымацца. Калі ўлада будзе сапраўды народная, беларуская , дэмакратычная, то акцэнт з улады перамесьціцца на грамадзтва."

Дракахруст: "Андрэй Казакевіч, а на Ваш погляд, ці няма пэўнага падабенства паміж уладай і апазыцыяй, што калі б апазыцыя стала ўладай, то вяла б ідэалягічную працу паводле падобных лякалаў?"

У апазыцыі няма ідэалягічнага кансэнсусу, у адрозьненьні ад сучаснай улады. Таму калі казаць пра нейкую зьмену, то так ці інакш гэта была б канкурэнцыя ідэалёгіяў А.Казакевіч
Казакевіч: "Мне здаецца, што важным элемэнтам ідэалёгіі, які набывае ўсё большую важнасьць, зьяўляецца ня проста канфармізм, ня проста выхаваньне пакорлівых людзей, а канс''юмэрызм. Гэты элемэнт пачынае калі не дамінаваць, то быць вельмі і вельмі важным. Справа ня толькі ў тым, што людзям кажуць, што яны павінны падпарадкоўвацца ўладзе, а тое, што ўлада ім дастаткова дае, дае ім магчымасьць спажываць і менавіта таму ў іх вачох яна зьяўляецца адзінай легітымнай сілай, адзінай сілай, якая павінна прысутнічаць на палітычнай сцэне.

Што тычыцца другога пытаньня, то я думаю, што калі б апазыцыя стала ўладай, то сытуацыя істотна адрозьнівалася б ад цяперашняй. Тое, што мы маем на ўвазе пад ідэалягічнай працай, гэта ўсё ж праца дзяржавы, якая распрацоўвае пляны, праграмы, вызначае, якія арганізацыі зьяўляюцца шкоднымі, якія карыснымі. Гэты працэс зараз значна больш рэглямэнтаваны, чым ён быў бы, калі пры ўладзе была апазыцыя. У апазыцыі няма ідэалягічнага кансэнсусу, у адрозьненьні ад сучаснай улады. Таму калі казаць пра нейкую зьмену, то так ці інакш гэта была б канкурэнцыя ідэалёгіяў і калі б была нейкая патрыятычная праца, то яна была зьвязана з самымі агульнымі элемэнтамі нацыянальнай і грамадзкай сьвядомасьці: гэта нацыянальныя сымбалі (зразумела, якімі б яны былі пры такой зьмене), гэта павага да гісторыі (быў бы пашыраны гістарычны гарызонт, гэта было б ня толькі ХХ стагодзьдзе), ну і самыя мэтады былі зьмененыя. Хутчэй за ўсё ўся цяперашняя "ідэалягічная вэртыкаль" не існавала б, бо яна і эканамічна неэфэктыўная, і кансэнсусу наконт таго, як павінна была б працаваць гэтая "вэртыкаль", паміж прадстаўнікамі апазыцыі не было б.

Мяркую, што тады нацыянальная ідэя была б менш зьвязаная з асобамі людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе. Бо цяпер, пры тым што з цягам часу тое, што мы называем беларускай дзяржаўнай ідэалёгіяй, робіцца ўсё больш абстрактнай, яна ўжо нібы то наўпрост не зьвязаная з пэўнай асобай, гэты элемэнт усё роўна прысутнічае. Застаецца фіксацыя на пэўнай асобе, якая зьяўляецца гарантам гэтай сыстэмы і гэтай ідэалёгіі".

Дракахруст: "Глеб, Франак Вячорка лічыць, што беларусам цяперашняе ідэалягічнае постсавецьце не пасуе, а больш пасуюць іншыя формы, мадэлі, у адрозьненьні ад дзікіх расейцаў. Ці згодны Вы з гэтай тэзай? Цяперашняя постсавецкая ідэалёгія закранае мільёны людзей, а іншыя, альтэрнатыўныя варыянты, у тым ліку і тыя, якія прапаноўвае Франак, закранаюць значна больш вузкае кола беларусаў. Ці тут справа толькі ў тым, што ва ўлады ёсьць у руках "мацюгальнік" БТ, а ў Франака яго няма?"

Лабадзенка: "Я думаю, што пасьля 13 гадоў гэтай улады большасьці беларусаў усё ж пасуе тое, што яна ім прапаноўвае. Мне таксама было б нашмат больш прыемна, калі б у нас замест Другой Усясьветнай вайны апэлявалі да Вітаўта, Каліноўскага, Астроскага і Аршанскай бітвы, але праблема у іншым. Вы задавалі пытаньне, ці зьменіцца стыль прапаганды, калі будзе нешта іншае. Я думаю, што ў схематычным пляне мала што зьменіцца.

Вось тут гаварылася пра дылему -- адданасьць аднаму чалавеку ці адданасьць народу. Калі наша паважаная аб''яднаная апазыцыя зараз зноўку пасварылася, ізноў ня можа вылучыць аднаго чалавека, ізноў пачынае гэтую валтузьню. Я вельмі ўзрадаваўся, калі адзіным кандыдатам абралі спадара Мілінкевіча. Нарэшце зьявіўся чалавек, за якога можна галасаваць. Сёньня такога чалавека ізноў няма. І гэта ізноў пацьвярджае, што толькі асабістыя амбіцыі важныя для кожнага з чальцоў гэтых аб''яднаных сілаў. Калі б яны казалі : "Няважна, хто з нас будзе прэзыдэнтам, галоўнае -- каб наш бок прыйшоў да ўлады", дык не, усё ж такі важна, хто будзе прэзыдэнтам.

Аляксандар Лукашэнка абраў вельмі слушную мадэль, ён гаворыць беларусу -- вось бачыш, я пабудаваў лядовы палац, які малайчына Лукашэнка, бачыш, асфальт новы паклалі, які малайчына Лукашэнка. Калі мы сёньня на бігбордзе чытаем "За Беларусь", то кожны для сябе чытае -- за кілбасу, за новы асфальт, за таннае піва. Калі зьменіцца ўлада, мы таксама, магчыма, будзем пісаць "За Беларусь" -- лёзунг жа вельмі клясны, ніхто ж ня супраць Беларусі. І мы будзем пад гэтым разумець -- за Вітаўта, за Каліноўскага, за Астроскага. А кожны з гэтых людзей будзе па інэрцыі чытаць -- за кілбасу, за таннае піва, за новы асфальт.

Глухата да гэтага ні да чаго добрага не прывядзе. На сёньняшні дзень беларусы -- вельмі матэрыялістычныя людзі, і таннай кілбасой іх можна прывабіць нашмат лепш, чым нейкімі эўрапейскімі дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. Калі звычайнаму чалавеку прапанаваць выбар, адразу зразумела, што ён выбера.

Безумоўна, калі да ўлады прыйдзе іншая сіла, калі зьменіцца ідэалёгія, калі народ адчуе і зразумее, што яму прапаноўваюць, то з цягам часу ён перавыхаваецца. Калі ён паглядзіць на каштоўнасьці Другой Усясьветнай вайны і Аршанскай бітвы, то ў нас не такія тупыя людзі, як мы думаем. Яны могуць упэўніцца, што ў нас эўрапейская краіна. Але немагчыма гэта зрабіць адразу, бо народ прызвычаіўся, што яго кормяць таннай кілбасой і сьвятам гораду".

Вячорка: "Я згодны найперш са спадаром Казакевічам, што калі зьменіцца сытуацыя і дэмакратычныя сілы будуць пры ўладзе, то будзе канкурэнцыя ідэяў. Што тычыцца Фронту і іншых дэмакратычных сілаў Беларусі, то сваркі, пярэчаньні і непаразуменьні -- яны былі і заўсёды будуць. Паўсюль. Калі паглядзець на цяперашнюю ўладу, то там таксама ёсьць сваркі. Уяўнае суцэльнае падпарадкаваньне Лукашэнку -- гэта няпраўда, усе мы бачылі войны кланаў паміж КДБ і МУС. У іх там таксама ёсьць сваркі, пярэчаньні, магчыма і з ідэалягічных прычынаў, магчыма, нехта зь іх -- крэатура Масквы, магчыма, нехта -- патаемны прыхільнік дэмакратычных сілаў. Гэта ўсё пераадольваецца, калі ў краіне зьяўляецца рэальная дэмакратыя, калі людзі атрымліваюць магчымасьць рэальна выбіраць ўладу на празрыстых выбарах. Тады ўступае ў сілу жывая канкурэнцыя і фармуе такую ўладу, якая здольная забясьпечыць нармальнае разьвіцьцё краіны. Калі ўлада няздольная гэта рабіць, то яна аўтаматычна мяняецца на іншую. У нашай краіне цяпер улада здольная ці няздольная, яна не мяняецца дэ факта., бо яна сама сябе "провозглашает".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG