Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Алесь Пашкевіч, Віктар Шалкевіч, Валянцін Акудовіч


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 1 верасьня).

ЛІТПРАЦЭС

АЛЕСЬ ПАШКЕВІЧ: “ГРОШЫ, ВЫДЗЕЛЕНЫЯ НА СЬВЯТА ПІСЬМЕНСТВА, ІДУЦЬ НЕ НА БЕЛАРУСКУЮ КНІГУ, А НА ТОСТЫ Ў ГОНАР ЯЕ”

Беларускае пісьменства бярэ пачатак ў далёкім дзясятым стагодзьдзі. У падмурку полацкага храма сьвятой Сафіі знойдзеныя камяні, на якіх простыя рабацягі-будаўнікі тысячу гадоў таму выдрапалі свае аўтографы. Гэта самыя старажытныя ўзоры беларускага пісьменства, якія захаваліся да нашага часу. У дванаццатым стагодзьдзі праславілася беларуская асьветніца Эўфрасіньня Полацкая, у шаснаццатым – першадрукар Францыск Скарына, у дваццатым – пісьменьнік Васіль Быкаў. Але ў арганізатараў афіцыйных сьвятаў беларускага пісьменства і друку іншыя прыярытэты. Чаму так сталася? На гэтае ды іншыя пытаньні Валянціны Аксак адказвае старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

Валянціна Аксак: “Ад 1994 году кожнага разу ў іншым беларускім мястэчку з размахам ладзіцца дзень беларускага пісьменства і друку. На якім-небудзь зь іх вы бывалі?”

Алесь Пашкевіч: “Так, ад 1998 году я прымаў удзел у некалькіх сьвятах беларускага пісьменства. Яны праходзілі ў розных гарадах. Большасьць іх мне пашчасьціла наведаць з прадстаўнічымі дэлегацыямі беларускіх літаратараў і кнігавыдаўцоў”.

Аксак: “Сёлета грандыёзнае сьвята беларускага пісьменства 2-3 верасьня ладзіцца ў Шклове. Вас, як кіраўніка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, запрасілі туды?”

Пашкевіч: “Не, ужо некалькі гадоў на падобныя мерапрыемствы, наколькі я ведаю, нікога зь сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў не запрашаюць”.

Аксак: “Чаму так сталася?”

Пашкевіч: “На сёньня ў краіне існуе досыць адметны падзел усіх літаратараў на “чэсных” і “нячэсных”. Дык вось сябры арганізацыі “Саюз беларускіх пісьменьнікаў” для ідэолягаў улады падпадаюць якраз пад ранг “нячэсных і няправільных”.

Аксак: “Па якіх прынцыпах гэты падзел адбываецца?”

Пашкевіч: “Цяпер вельмі проста: калі ты сябар няўладнай арганізацыі, значыць, і запросіны на афіцыйныя мерапрыемствы атрымоўваць ня будзеш”.

Аксак: “Ад якога часу арганізацыя, якую вы ўзначальваеце, – Саюз беларускіх пісьменьнікаў – стала лічыцца няправільнай?”

Пашкевіч: “З 2004 году”.

Аксак: “Выглядае, што літаратары, якія засталіся вернымі пісьменьніцкай арганізацыі Янкі Купалы і Якуба Коласа і не пайшлі ў новы, створаны ўладай пісьменьніцкі хаўрус, сёньня ня маюць ніякай магчымасьці сустрэцца са сваімі чытачамі. А літаратура, як вядома, жыве ня толькі на прасторы пісьмовага стала ці экрану манітора. Як абыходзяцца сябры вашай творчай арганізацыі без жывога літаратурнага працэсу, які падмацоўвае мастацкае слова пісьменьніка? І як людзі даведваюцца пра новыя творы тых, каго яны любілі зь дзяцінства, – Ніла Гілевіча ці Рыгора Барадуліна, да прыкладу?”

Пашкевіч: “Зь цягам часу, зь месяца ў месяц прастора для сустрэчаў нашых сяброў з чытачамі вузее. Больш за тое, на сёньня амаль немагчыма беларускаму пісьменьніку, які мае самастойную думку і не схіляе сваёй галавы, ня толькі сустрэцца з чытачамі, але і правесьці прэзэнтацыю новай кнігі. Прыклад з Паўлам Севярынцам надзвычай паказальны. А таму і было вырашана займець нашаму творчаму аб’яднаньню свой пэрыядычны орган, якім стаў спэцвыпуск “Літаратурная Беларусь” у штотыднёвіку “Новы Час”. А таксама з восені мы плянуем адкрыцьцё свайго сайту. Ёсьць вялікая праблема незапатрабаванасьці зробленага беларускімі пісьменьнікамі і незапатрабаванасьці, як гэта ня скрушна гаварыць падчас сьвята пісьменства, мовы, у якой гэтае пісьменства разьвівалася і стварала Беларусь”.

Аксак: “А вось правядзеньне падобных сьвятаў ці спрыяе пашырэньню беларускай мовы, беларускай літаратуры хоць бы ў межах афіцыёзу?”

Пашкевіч: “Парадаксальным, можа, чынам, але спрыяе. Хоць раз на год народу з экранаў тэлевізараў і з афіцыйных газэт паведамляюць пра тое, што яшчэ ёсьць беларускі кнігадрук.

Але ёсьць і іншы бок гэтай справы. Паводле інфармацыі Эўрапейскага Радыё сёлета на правядзеньне сьвята беларускага пісьменства зь дзяржаўнага бюджэту выдзелена астранамічная сума – ажно 15 мільярдаў беларускіх рублёў. Натуральна, калі гэтыя грошы будуць выкарыстаны з розумам, павінен быць адпаведны агульнадзяржаўны рэзананс. Аднак, як паказвае практыка правядзеньня падобных мерапрыемстваў, шмат сродкаў траціцца не на прапаганду беларускай кнігі, а на добраўпарадкаваньне тых мястэчак і гарадоў, дзе праводзяцца сьвяты. Натуральна, што першую скрыпку ў гэтых мерапрыемствах адыгрываюць дзяржаўныя чыноўнікі, якім там наладжваецца і салодкі, і горкі стол. І будзе скрушна, калі згаданая сума пойдзе не на беларускую кнігу, а на тосты ў гонар гэтай кнігі.

Сёлета Міністэрства адукацыі не закупіла аніводнай праграмнай і пазапраграмнай беларускай кнігі ў школьныя бібліятэкі. Ці ня больш правільна і па-дзяржаўнаму мудра было б ахвяраваць большасьць сумы, выдзеленай на правядзеньне падобных мерапрыемстваў, на набыцьцё прадукту пісьменства для беларускіх школьнікаў, а не на паказныя мерапрыемствы, на заўтра пасьля якіх сьвяточны дух выветрываецца, і нічога не застаецца”.

КРЫТЫКА

“Выбраныя творы” Сяргея Грахоўскага сталі трыццаць сёмым томам вядомага кніжнага праекту “Беларускі кнігазбор”. Кніга складаецца з паэтычных твораў, дзёньнікаў, лістоў пісьменьніка, а таксама з дакумэнтальных аповесьцяў, у якіх аўтар праўдзіва расказаў пра гады свайго зьняволеньня ў сталінскіх лягерах. Гэтае выданьне – у полі зроку крытыка Валянціна Акудовіча.

Сяргей Грахоўскі пісаў сэнтымэнтальна-рамантычныя вершы, дзе спрэс дамінавала ўзьнёслая рыторыка. Праўда, раз-пораз у іх пракідваліся сапраўды ўдалыя радкі, але не яны ратавалі ўвогуле нічым асабліва не адметнае вершаскладаньне. Ратавалі вершы паэта кранальная шчырасьць і пранізьлівы мэлядраматызм. Якраз яны й падманвалі чытачоў ды крытыкаў на камплімэнты. Хаця нават самыя адданыя прыхільнікі творчасьці Сяргея Грахоўскага наўрад ці перабольшвалі значэньне яго паэзіі для беларускай літаратуры. Што ўскосна пацьвердзіў і том выбраных твораў, выдадзены ў сэрыі “Беларускі кнігазбор”, дзе вершы ў агульным аб’ёме займаюць зусім няшмат месца. І мы на іх далей нават спыняцца ня будзем, каб болей пагаварыць пра самае вартаснае ў творчым наробку пісьменьніка. А менавіта пра трылёгію яго рэпрэсаванага жыцьця, якую склалі дакумэнтальныя аповесьці “Зона маўчаньня”, “З воўчым білетам” і “Такія сінія сьнягі”. Слушна піша ў прадмове Лідзія Савік: “Гэтыя творы сталі падзеяй у беларускай літаратуры… як і турэмныя творы расейскіх аўтараў А. Салжаніцына, В. Шаламава, А. Жыгуліна…”

Сяргей Грахоўскі скончыў літаратурны факультэт Менскага пэдінстытуту ў 1935 годзе й толькі пачаў працаваць рэдактарам на Беларускім радыё, як яго арыштавалі. Адданы пралетарскай рэвалюцыі, партыі й асабіста таварышу Сталіну, ён праз гады будзе зводзіць сябе нязбытнымі пытаньнямі: “За што, чаму, навошта цябе, як быдла, як злодзея або забойцу, столькі гадоў запар некуды гоняць, вязуць, кідаюць з турмы ў турму, з этапу на этап, з адзіночкі ў карцар?.. Ты ж нікому і вока не запарушыў, дзіцяці не пакрыўдзіў, з маленства ведаў толькі адзін наш лад, толькі наш народ, і хоць цяпер гатовы за яго сумленна аддаць сваё жыцьцё”.

Адпакутаваўшы дзесяць год у турмах і канцлягерах Сыбіры, Сяргей Грахоўскі з так званым “воўчым білетам” вярнуўся ў Беларусь. Але ненадоўга. Паводле сталінскага ўказу ад 1949 году, ён, як і кожны былы “вораг народу”, быў паўторна арыштаваны й сасланы ў Сыбір на “вечнае пасяленьне”.

Пэўна, там Сяргей Грахоўскі й сышоў бы ў нябыт, каб ня сьмерць Сталіна. У 1955 годзе, лічы праз дваццаць гадоў пасьля першага арышту, яго рэабілітавалі.

Якое шчасьце, што тыраны таксама паміраюць. Кожны дзень з жыцьця Сталіна быў аплочаны сьмерцю тысячаў ні ў чым не вінаватых людзей. Ужо пазьней, у дзевяностых, калі пачаліся першыя спробы апраўданьня сталінскага дэспатызму, Сяргей Грахоўскі абурыцца: “У інтэрвію “Литгазете” старшыня КДБ Кручкоў кажа: з 30-х на канец 50-х гадоў было засуджана ня 70 мільёнаў, а ўсяго 3 мільёны 778 тысяч 234 чалавекі, зь іх расстраляна 786 тысяч 98 чалавек. Які прымітыўны хлус! Хто паверыць? У “маім” маленькім, амаль невядомым Ужлягу за мае 10 гадоў перамалолі ня менш мільёну. А Калыма, Варкута, Караганда… Сыбляг, сотні й сотні фабрык сьмерці”.

Натуральна, старшыня КДБ хлусіў, нават калі называў дакладную лічбу расстраляных, бо абсалютная бальшыня вязьняў ГУЛАГу гінула не праз кулю, а праз голад, холад, непасільную працу і маральны зьдзек. Сяргей Грахоўскі сьведчыць, як ад прыгнаных у зону шматлюдных этапаў праз год у жывых заставалася якая сотня чалавек. Асабліва многа народу гінула ў канцлягерах падчас вайны, калі працоўныя нормы ўзрасьлі, а харчаваньня паменела.

Чытаючы ўсю гэтую апакаліптыку, я нечакана падумаў зусім пра іншую лічбу, трывала зафіксаваную вядомай высновай: “У Вялікай Айчыннай вайне загінула болей як 20 мільёнаў савецкіх людзей”. Наўрад ці хто дакладна падлічыць, колькі з тых мільёнаў загінула не на вайне, а ў савецкіх канцлягерах за тысячы кілямэтраў ад фронту. Але я няшмат зьдзіўлюся, калі аднойчы высьветліцца, што за пяць гадоў вайны толькі ў якой палове гэтых ахвяраў (хай сабе й большай палове) вінаваты гітлерызм, а ў астатнім – сталінізм. Які пазьней яшчэ й прыхаваў свой крывавы наробак за агульнай статыстыкай вайны, цалкам аднесенай на рахунак немцаў.

Сяргей Грахоўскі ні з аднаго, ні з другога боку не патрапіў у гэтую жахлівую статыстыку. Ён выжыў. Але пасьля раз-пораз будзе яшчэ і апраўдвацца, што застаўся ў жывых. “Адчуваю, нехта з вас папракне: “Э-э, браце, дык табе шанцавала, умеў прыстасоўвацца, ня столькі рваўся на рабоце, колькі прыдурваўся”. А няўжо, каб не вылазіў зь лесу і загнуўся, было б лепш? Ведаю на ўласным вопыце – ніводзін самы дужы ўвесь тэрмін, нават палову не вытрываў на павале й пагрузцы… Выжылі толькі тыя, каму хоць трохі пашанцавала пракантавацца на лёгкай рабоце”.

Дарэчы, нідзе у сваіх аповесьцях Сяргей Грахоўскі наўпрост ня кажа пра яшчэ адзін вельмі істотны фактар, які дапамог яму застацца сярод жывых. Абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай і нацыяналістычнай дзейнасьці, дваццацітрохгадовы паэт, каб мець болей шанцаў выжыць, забыўся і на мову, і на вершы. Менавіта так – забыўся. У сваіх аповесьцях, якія ахопліваюць найбольш плённыя для кожнага паэта гады, ён ні пра мову, ні пра свае беларускія вершы, лічы, ня згадвае. Адбыўшы свой першы турэмны тэрмін, Сяргей Грахоўскі сам папрасіўся выкладаць у школе расейскую мову і літаратуру, калегам казаў, што ўвогуле ня ведае матчынай мовы, а ў хатняй бібліятэцы не трымаў ніякіх беларускіх кніжак. І толькі патрапіўшы ў Менск, хаваўся ў кнігарнях, каб, азіраючыся, пагартаць беларускія часопісы.

Я некалі пісаў пра беларускую мову, як пра знак бяды. Прыкладам таму – і лёс Сяргея Грахоўскага. Разам з тым, толькі уласнай мовай ён змог гэтак пранізьліва і шчыра распавесьці пра свой трагічны лёс. І ў напісаным застацца.

АЎТАР І ТВОР

ВІКТАР ШАЛКЕВІЧ: “ХАЧУ НАПІСАЦЬ КНІГУ “РЭКВІЕМ ПА НЕПАТРЭБНЫХ РЭЧАХ”

У апошні дзень жніўня на хвалях радыё “Свабода” закончыўся цыкль перадачаў “Лета з Шалкевічам”, у якіх браў удзел актор Гарадзенскага драматычнага тэатра лялек, вядомы бард Віктар Шалкевіч. У “Доме літаратара” зь ім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Віктар, штодзень слухачы чулі цябе: твае песьні, цікавыя гісторыі з твайго жыцьця. Дык што, ты ахвяраваў сваім летам дзеля лета на “Свабодзе”?”

Віктар Шалкевіч: “Ды нічога нікому я не ахвяроўваў, перадачы ішлі ў запісе. Проста неяк паглядзеў, колькі ў мяне назьбіралася жыцьцёвых сюжэтаў, і вырашыў расказаць іх людзям. У мяне іх значна болей, чым прагучала на радыё. Гэта вельмі малая частка майго жыцьця, бо неяк атрымліваецца, што яно ў мяне – сюжэтнае, кожны дзень нешта цікавае адбываецца”.

Скобла: “У вас сапраўды актыўнае творчае жыцьцё. А дзе тое месца, у якім вам найлепш аднаўляць сілы? Ці такое месца вам не патрабуецца?”

Шалкевіч: “Яшчэ як патрабуецца. У апошнія часы мне вельмі рэдка ўдаецца пабыць аднаму, і гэта праблема. Нядаўна я быў ва Ўроцлаве, і мой прыяцель пасяліў мяне на віле, дзе калісьці спыняўся Брэжнеў. Там увогуле апрача мяне больш нікога не было. І я проста сеў і нарэшце дапісаў песьню, якую доўгі час ня мог дапісаць...

Каля Горадні, пад Парэччам, ёсьць вёска Салацьце, я там пачынаю будаваць маленькі драўляны дамок. Гэты дамок будаваў мой дзядзька для майго стрыечнага брата. Але брат памёр, і дзядзька памёр, і я перакупіў зруб. Мне цяпер часам хочацца пабыць з прыродаю, паглядзець, што там робіцца цікавага. Калі я прывёз землямераў мераць зямлю, дык там зязюля кукавала, потым заяц выбег, сеў на пагорак, пачухаўся і ўцёк. Вось гэта тое, чаго нам у жыцьці не хапае”.

Скобла: “Я памятаю, дый нашы слухачы, думаю, не забыліся, як вы друкавалі ў “ЛіМе”, у “Маладосьці” свае апавяданьні. А ці не адсланілі сцэна й гітара ад вас чыста літаратурную творчасьць? Ці пішаце вы тое, што не сьпяваеце пад акампанэмэнт гітары?”

Шалкевіч: “Проста сёньня я раблю тое, што мне падабаецца рабіць. Адна справа – выдумваць нейкія сюжэты, апавяданьні, а другая справа – пражываць гэтыя сюжэты ў сваім жыцьці. Мне апошнім часам вельмі падабаецца мэмуарная літаратура. Я з захапленьнем прачытаў мэмуары вялікага расейскага барда Аляксандра Вярцінскага. Цікавей за жыцьцё нічога нельга выдумаць. Таму ў мяне ёсьць задумка на вялікую кнігу, якая будзе называцца “Рэквіем па непатрэбных рэчах”. Аказваецца, у нашым жыцьці ёсьць шмат непатрэбных рэчаў, якія мы не выкідаем, таму што маем да іх сантымэнт. Напрыклад, у мяне ёсьць самаробны пэнал, якім карысталіся мая старэйшая сястра, потым мае старэйшыя браты, потым я. І мне яго шкада выкідаць. Потым у мяне яшчэ ёсьць радыёла “Урал-57”, тэлевізар “Атлянт”, матацыкл “Усход-2М”, якія доўгі час нам служылі. Думаю, што гадоў пад пяцьдзесят я сяду, зьбяруся з духам і пра ўсё гэта напішу”.

Скобла: “Многія любяць вас як актора, як выканаўцу ўласных песьняў. А раскажыце пра сябе як чытача. Якім пісьменьнікам вы аддаяце перавагу?”

Шалкевіч: “Хачу адзначыць Андрэя Хадановіча. Гэта дастаткова дасьціпны хлопец, язык у яго ў цікавым месцы падвешаны. Але ў яго ёсьць адзін недахоп: хай бы ён пісаў вершы й ня браўся за гітару. Падобны недахоп у Лявона Вольскага – хай бы ён сьпяваў, а не пісаў казкі... Яшчэ мне падабаецца тое, што робіць Вінцэсь Мудроў. Я лічу яго адным зь лепшых беларускіх празаікаў канца 20-га – пачатку 21 стагодзьдзя”.

Скобла: “Вы сёлета бралі ўдзел у літаратурным фэстывалі “Месяц аўтарскага чытаньня” ў чэскім горадзе Брно. Ці магчымы такі фэстываль у Беларусі? І хто з беларускіх пісьменьнікаў павінен чытаць, каб на гэтыя сустрэчы хадзіў народ?”

Шалкевіч: “Мне здаецца, мы жывем старымі стэрэатыпамі: калі пісьменьнікі прыяжджаюць “на сяло”, то трэба сагнаць поўную залю людзей... Я нядаўна быў на сустрэчы, якую ладзіла швэдзкая амбасада ў Горадні. Прыехалі беларускія й швэдзкія паэты, а іх сустракае натоўп песьняроў з гармонікамі ў вышываных кашулях, маладзіцы хлеб-соль падносяць... Гэта ня так робіцца. Хай лепш прыйдзе дзесяць асобаў, але тыя, каму гэта сапраўды цікава. І яшчэ: як правіла, паэты ня ўмеюць чытаць сваіх вершаў”.

Скобла: “Вы прапануеце аднавіць інстытут чытальнікаў, папулярны за савецкім часам?”

Шалкевіч: “Ён быў заўсёды папулярны, ва ўсе часы і ва ўсіх народаў. Раскажу адну гісторыю. Калі я быў студэнтам, то часам здымаўся на Гарадзенскім тэлебачаньні ў перадачы “Кнігарня”, якую вёў Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч. Я там якраз чытаў вершы розных беларускіх паэтаў. І аднойчы на запісе я сустрэўся з Міхасём Стральцовым, які выпадкова трапіў у Горадню. Я ніколі не забудуся, якое ўражаньне зрабіла на Стральцова чытаньне мной ягоных вершаў! Ён мне нават сказаў: “Вы адкрылі мне мяне самога”. Тады я хацеў зрабіць прэзэнтацыю новай кнігі Стральцова ў “Кнігарні” – з чытаньнем вершаў, з музычным падкладам... Але, на жаль, Міхась Стральцоў памёр. І нічога ажыцьцявіць не ўдалося.

У тым, што паэты ня ўмеюць чытаць уласных вершаў, я яшчэ раз пераканаўся ў Брне. Ды і ў зале сядзела, звычайна, пятнаццаць-дваццаць чалавек... І пытаньне там адно штодзень гучала: “Як вы адносіцеся да незалежнасьці Мараўскага краю?..” Не, былі там і нармальныя людзі. На чэхаў нашы выступы зрабілі ашаламляльнае ўражаньне. Нічога падобнага яны ня бачылі. У іх краіна ціхая, нічога асаблівага там не адбываецца”.

ВІКТАР ШАЛКЕВІЧ. БАЛЯДА ПРА ПАЭТАЎ

Чытаючы часопісы, газэты, Фармуючы уласны далягляд, Жылі-былі ў адным сяле паэты, Сапраўдныя – штук дзьвесьце пяцьдзесят.

Апісвaлі і ямбам, і харэем, Як дрэнна колісь ўсім жылося нам, Гулялі і пладзіліся, дурэлі, Залізвалі усё правадырам.

І так да скону... “Соладка, народзе, Прынесьці у ахвяру матчын дар...” Але з усходу хмары надыходзяць, Над сельсаветам зьменіўся штандар.

Сумленьне запляванае турбуе: “Устань з каленяў, курва, не маўчы!” “Начальства новых вершаў патрабуе, Таксама новых песьняў – слухачы”.

“Устань, паэт, і зноў на мове чыстай І матчынай усім загаласі!” “Як дрэнна нам жылось пры камуністах, Як добра ў ВКЛ жылося ўсім!”

Паціху закрываліся газэты. Тутэйшыя цярпелі і клялі. Жылі-былі ў адным сяле паэты... Жылі-былі і раптам – памярлі.

Усе да аднаго, хоць плач, хоць сьмейся. Заўчасна ляснуў творчы авангард, Гармонік змоўк, ні вершыкаў, ні песьняў, Нічога, а нябожчыкаў – зашмат.

Магілы пустазельлем зарасталі. Ішлі гады. Ніхто, ну як на зьдзіў, Ні кветачкі маленькай там ня ставіў, Ні сьвечачкі адной не запаліў.

Так, люд працоўны нават не заўважыў, Што мрэ інтэлігенцыя наўмор, Ён сеяў хлеб і самагонку дзяжыў, І пэрманэнтна злыньваў за бугор.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG