Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды над маладафронтаўцамі ў Нясьвіжы і Салігорску: Рэпартаж


Севярын Квяткоўскі, Салігорск; Алег Грузьдзіловіч, Нясьвіж Сёньня ў Салігорску і Нясьвіжы прайшлі суды над актывістамі “Маладога фронту” Іванам Шылам і Настай Азаркай.

САЛІГОРСК 19.15. Прынамсі 9 маладых актывістаў засталіся да суду ў пастарунку

Прынамсі дзевяць моладзевых актывістаў засталіся ў Салігорскім пастарунку, куды іх сёньня ранкам даставілі за “несанкцыянаваны пікет” перад будынкам суду, дзе праходзіў працэс над маладафронтаўцам Іванам Шылам паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Сярод затрыманых сёньня ў Салігорску – Маўлюда Атакулава, Тацяна Буланава, Франак Вячорка, Кася Галіцкая, Віктар Дзянісевіч, Алесь Каліта, Дзяніс Карноў, Зьміцер Хведарук і Зьміцер Ясевіч.

Адразу пасьля суду больш за дваццаць чалавек з тых, што прысутнічалі на судзе, у тым ліку і Іван Шыла, накіраваліся ў бок салігорскага райаддзелу міліцыі. Яны перадалі затрыманым перадачы.



САЛІГОРСК 18.00. Івану Шылу вынесьлі прысуд -- папярэджаньне

Такая форма прысуду прымяняецца да непаўналетніх. Гэта значыць, што ў Івана Шылы цяпер ёсьць судзімасьць. Судзьдзя таксама паведаміла, што ў Івана Шылы канфіскаваны жорсткі дыск кампутара, будуць зьнішчаныя значкі і іншая агітацыйная прадукцыя, якая таксама была ў яго канфіскаваная.

Таксама застаецца ў сіле падпіска аб нявыезьдзе – да моманту, пакуль рашэньне суду ўступіць у законную сілу. Гэта значыць, што на працягу пяці дзён Іван яшчэ мае атрымаць пісьмовае абгрунтаваньне прысуду. На працягу 10 дзён пасьля гэтага ён мае права на абскарджаньне.





САЛІГОРСК 16.25. Пракурор: Асудзіць Івана Шылу без пакараньня

Пракурор запатрабаваў для непаўналетняга Івана Шылы “судзімасьць без пакараньня”.

САЛІГОРСК 16.05. Спэцназ зачысьціў прылеглую да Салігорскага суду тэрыторыю

Калі зь дзясятак моладзевых актывістаў дасталі бел-чырвона-белыя сьцягі і сталі скандаваць лёзунгі ў падтрымку Івана Шылы, міліцэйскі спэцназ распачаў акцыю зачысткі. Восем актывіста былі затрыманыя, трое зь іх – у тым ліку адна дзяўчына – жорстка зьбітыя.

Адна дзяўчына паведаміла па тэлефоне, што ў аўтобусе на затрыманых рабіўся псыхалягічны ціск, гучалі пагрозы згвалтаваньня.

Суд працягваецца, дагэтуль усе абвінавачаньні базуюцца на выступах Івана Шылы ў сродках масавай інфармацыі і на матэрыялах, знойдзеных падчас ператрусу. Івану Шылу пагражае 6 месяцаў арышту.

НЯСЬВІЖ 15.23 Насту Азарку аштрафавалі на 1 240 000 рублёў

Нясьвіскі суд прызнаў актывістку "Маладога фронту" Насту Азарку вінаватай у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Суд аштрафаваў яе на 40 базавых велічыняў – гэта 1 240 000 рублёў.

Нясьвіж, 4.09.2007. Суд над актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай. Праз хвіліну пачнецца паседжаньне суду

Праз хвіліну пачнецца паседжаньне суду

Нясьвіж, 4.09.2007. Суд над актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай. У перапынку Насту Азарку сустрэлі Павал Севярынец ды іншыя актывісты

У перапынку Насту Азарку сустрэлі Павал Севярынец ды іншыя актывісты

Нясьвіж, 4.09.2007. Суд над актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай. Разам з маці Зояй Азаркай, якая адмовілася сьведчыць супроць дачкі

Разам з маці Зояй Азаркай, якая адмовілася сьведчыць супроць дачкі

Нясьвіж, 4.09.2007. Суд над актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай. У судзе Наста не расставалася з кветкамі, падоранымі аднадумцамі

У судзе Наста не расставалася з кветкамі, падоранымі аднадумцамі

Нясьвіж, 4.09.2007. Суд над актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай. Паўсюль вакол суду былі міліцыянты. У двары РАУС Нясьвіжа напагатове стаяў яшчэ аўтобус з спэцназаўцамі

Паўсюль вакол суду былі міліцыянты. У двары РАУС Нясьвіжа напагатове стаяў яшчэ аўтобус з спэцназаўцамі

НЯСЬВІЖ 13.48 Пракурор запатрабаваў аштрафаваць Н.Азарку на 15 мільёнаў рублёў

Прысуд ў справе Насты Азаркі будзе вынесены а 15 гадзіне. У Нясьвіскім судзе скончыліся спрэчкі. Пракурор заявіў, што лічыць даказанай віну Насты ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ён запатрабаваў аштрафаваць яе на 500 базавых велічыняў – гэта 15 500 000 рублёў альбо прыкладна 7242 даляры.

Адвакат актывісткі Аляксандар Галіеў ня лічыць віну Насты даказанай і запатрабаваў яе апраўдаць.

САЛІГОРСК 13.31 Салігорск: затрыманыя Ф.Вячорка, А.Каліта і З.Ясевіч

Сталі вядомыя імёны затрыманых ля суду ў Салігорску. На моладзевых актывістаў Франака Вячорку, Алеся Каліту і Зьмітра Ясевіча склалі пратаколы за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. Астатніх затрыманых адпускаюць. Адну зь дзяўчынаў павезьлі ў шпіталь, ёсьць падазрэньні, што ў яе пералом пальца.

Як паведаміў Іван Шыла ў інтэрвію “Свабодзе”, асноўныя доказы абвінавачаньня базуюцца на ягоных інтэрвію сродкам масавай інфармацыі пра дзейнасьць “Маладога фронту”, у тым ліку і для Радыё Свабода.

Івана Шылу абвінавачваць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

На судзе прысутнічаюць прадстаўнік руху “За свабоду” Ігар Лялькоў, лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, прадстаўнікі амбасады ЗША ў Беларусі і праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”.

САЛІГОРСК 12.55 Затрыманыя Ф.Вячорка, А.Каліта і З.Ясевіч

Сёньня ў Салігрорску ў часе суду над сябрам “Маладога фронту” Іванам Шылам спэцназаўцы затрымалі каля 15 актывістаў. У міліцэйскіх пастарунках на іх склалі пратаколы. Затрыманыя паведамілі па тэлефоне, што ў міліцэйскім аўтобусе іх зьбівалі. У судзе пасьля допыту сьведак абвешчаны перапынак. Іван Шыла адмовіўся даваць паказаньні.

НЯСЬВІЖ 12.46 Павал Севярынец прыехаў падтрымаць Насту Азарку

Павал Севярынец па вызваленьні пасьля арышту прыехаў у Нясьвіж на суд над актывсткай “Маладога фронту” Настай Азаркай. Палітык павітаў дзяўчыну і яе паплечнікаў. “Нясьвіж калісьці быў духоўнай сталіцай Беларусі, і ён павінен неўзабаве ёй стаць”, кажа палітык.

У судзе абвешчаны перапынак. Каб падтрымаць Насту, на працэс прыехалі некалькі дзесяткаў актывістаў. Яны не выключаюць, што прысуд будзе вынесены ўжо сёньня. Вядзе працэс судзьдзя Марыя Дунаева.

Насту абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

НЯСЬВІЖ 12.01 Ідзе суд над актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай

Наста Азарка дала паказаньні ў судзе. Яна прызнала, што брала ўдзел у пікетаваньні ў падтрымку Зьмітра Дашкевіча, а таксама ў галадоўцы салідарнасьці ў ліпені.

Лекар Жук пацьвердзіў, што Наста Азарка патрапіла ў шпіталь пасьля таго, як згубіла прытомнасьць у выніку галадоўкі. Маці дзяўчыны Зоя Азарка адмовілася быць сьведкай у справе дачкі і засталася ў залі суду.

Допыт сьведак завяршыўся, і судзьдзя зачытала станоўчую характарыстыку на Насту зь Нясьвіскага льнозаводу.

Сярод дакумэнтаў, якія разглядаюць у судзе -- пратакол зь інтэрвію Насты для Радыё Свабода.

У двары суду стаіць аўтобус са спэцназаўцамі.

САЛІГОРСК 10.44 Суд у Салігорску: затрыманыя каля 15 чалавек

Спэцназаўцы затрымалі каля 15 моладзевых актывістаў, які прыйшлі да Салігорскага суду падтрымаць актывіста «Маладога фронту» Івана Шылу. Ля будынку каля 40 чалавек скандавалі «Свабоду моладзі».

Каля 10-ай гадзіны пачаўся суд над Іванам Шылам, якога абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Хлопец запатрабаваў перакладчыка, ягонае патрабаваньне было задаволенае.

Тым часам паплечнікі Івана Шылы ля будынку суду пратэставалі супраць судовага перасьледу «Маладога фронту», які яны лічаць незаконным. Затрыманых актывістаў павезьлі ў райаддзел міліцыі. Група людзей паспрабавала перашкодзіць руху аўтобусаў з затрыманымі.

Затрыманыя актывісты паведамілі па тэлефоне, што ў аўтобусе іх зьбівалі.

САЛІГОРСК, НЯСЬВІЖ 10.09 Салігорск і Нясьвіж: суд над Іванам Шылам і Настай Азаркай

Сёньня ў Салігорску і Нясьвіжы пачынаюцца суды над актывістамі “Маладога фронту” Іванам Шылам і Настай Азаркай. Іх абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Як паведаміў Радыё Свабода моладзевы актывіст Франак Вячорка, напярэдадні суду а першай гадзіне ночы каля Салігорскага раённага суду затрымалі чатырох актывістаў – яго самога, Ільлю Шылу, Зьмітра Ясевіча і Сяргея Клюева. У іншым месцы таксама былі затрыманыя Іван Шыла, суд над якім пачынаецца сёньня а 10-ай гадзіне, а таксама Тацяна Буланава.

Празь некаторы час Франака Вячорку і Зьмітра Ясевіча адпусьцілі, яшчэ празь дзьве гадзіны -- непаўналетніх Ільлю і Івана Шылаў. Сяргея Клюева і Тацяну Буланаву трымалі да трох гадзінаў ночы.

Сёньня а 10-гадзіне ў Нясьвіжы пачынаецца суд над актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Ёй пагражае да двух гадоў турмы. Як перадае карэспандэнт “Свабоды” зь Нясьвіжу, на суд да Насты прыйшлі моладзевыя актывісты і праваабаронцы. Сама Наста Азарка паведаміла “Свабодзе”, што будзе працягваць барацьбу, нягледзячы на любое рашэньне суду.

У Салігорску на суд над Іванам Шылам прыйшлі больш за паўсотні чалавек. Сярод іх праваабаронцы зь Беларускага Хэльсынскага камітэту, “Вясны”, Аб’яднанай грамадзянскй партыі.

Сямёх маладафронтаўцаў ужо судзілі паводле артыкулу 193 КК («дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»). Азарка з Шылам стануць восьмай і дзевятым. На чарзе - Яраслаў Грышчэня з Баранавіч, яго будуць судзіць 10 верасьня.

Затрыманьні ля суду ў Салігорску. Фотарэпартаж.

Салігорск, 4.09.2007. Суд на Маладым фронтам

Салігорск, 4.09.2007. Суд над Маладым фронтам

Cалігорск, 4.09.2007. Спэцназаўцы затрымліваюць моладзевых актывістаў

Салігорск, 4.09.2007. Затрыманьні ля суду

Салігорск, 4.09.2007. Спэцназаўцы затрымліваюць актывістаў ля суду Салігорску

Салігорск, 4.09.2007. Ля салігорскага суду

Салігорск, 4.09.2007. Ля салігорскага суду

Салігорск, 4.09.2007. Суд на Маладым фронтам

Фота: Севярын Квяткоўскі і Алена Макарэвіч

• Заўтра пачнуць судзіць маладафронтаўцаў, 3.09.2007 • Новыя крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, 8.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG