Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы менскі адрас Караткевіча. “Дзікае паляваньне...”


Сяргей Дубавец, Вільня Лета з Караткевічам. Упершыню гэтая перадача прагучала 13 лютага 2005 году.

Сёлета ў лістападзе мы адзначым 75-я ўгодкі з дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча – самага чытанага ў Беларусі і, мабыць, самага беларускага пісьменьніка. А сёлета ў ліпені споўніцца 21 год, як Караткевіча няма на сьвеце. Гэта значыць, што ён застаўся там – у савецкай эпосе да перамен, да перастройкі, да незалежнасьці, там, дзе сфармаваўся ягоны вобраз рамантыка і куміра, чые творы выходзілі нерэальнымі як на сёньня шасьцідзесяцітысячнымі накладамі, што імгненна разыходзіліся, бо былі знакавым на той час дэфіцытам. А яшчэ гэта значыць, што даўно прыйшоў час пераацэнкі асобы і твораў пісьменьніка, як гэта і мусіць быць, бо зьмяніліся эпохі, зьмяніліся грамадзкія і цэнзурныя прыярытэты, і той колішні вобраз казачнага героя, які стварае захапляльныя гісторыі пра ўзьнёслае каханьне, мужных ваяроў і схаваныя скарбы, гэты вобраз у цяперашніх экзістэнцыйных дэкарацыях крыху фальшывіць. І мы, чытаючы і любячы Караткевіча ніяк ня менш, чым раней, адно хочам даведацца пра яго болей, знайсьці адпаведныя нашаму часу апірышчы нашае любові.

Такім чынам, сёньня – першая перадача ў цыклі забытых адрасоў беларускай культуры, якую сталы аўтар гэтага цыклю Зьміцер Бартосік прысьвяціў Уладзімеру Караткевічу – ягонаму першаму менскаму прыстанку, дзе была напісаная аповесьць “Дзікае паляваньне караля Стаха”.

Бартосік: “Як дзіўна зьмяняецца звыклы краявід, калі выпадкова даведваешся, што ў ім жыў і працаваў любімы пісьменьнік! Усё навокал пачынае выглядаць інакш. Бо па гэтай вуліцы ён хадзіў, у гэтай краме купляў хлеб і віно, на тым прыпынку чакаў аўтобуса. Міжволі пачынаеш гуляць у “машыну часу”. Колькі разоў я прыяжджаў на Цнянскае возера купацца, колькі разоў бываў на станцыі тэхабслугі “Масквіч”, і пры тым ня думаў, што хаджу па мэмарыяльных мясьцінах. Бо вунь у тым доме, у тым пакоі, вакно якога і зараз сьвеціцца, была створана культавая кніга не аднаго пакаленьня беларусаў. “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Але пра ўсё па чарзе.

У 1963-м у жыцьці Ўладзімера Караткевіча здарылася не абы якая падзея. Ён атрымаў кватэру ў сталіцы. У сёмым доме на вуліцы Чарнышэўскага. Але працу ў аршанскай школе пісьменьнік завяршыў яшчэ ў 1958-м. Затым была вучоба ў Маскве на вышэйшых літаратурных і сцэнарных курсах, якая скончылася ў 1962-м. Караткевіч ня мог не прыяжджаць у беларускую сталіцу. Ён тут бываў пэрыядычна і падоўгу жыў у Менску. Дзе? У гатэлі? Здымаў кватэру? Адгадку Караткевіч пакінуў сам. У канцы рукапісу аповесьці, які захоўваецца ў перакладчыка Васіля Сёмухі. “У Менску, у хаце В.Краўца, дзе некаторы час жыў, дапрацоўваў аповесьць "Дзікае паляваньне караля Стаха". У тым жа 58-м годзе Караткевіч паведамляў Янку Брылю: "Пішу зараз увесь вольны час… і за гэты час скончу сучасныя апавяданьні і апрацую дзьве-тры маленькіх аповесьці пра шляхту. Адну амаль апрацаваў, апошнюю, пра васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя ў беларускай глушы: "Дзікае паляваньне караля Стаха".

Я патэлефанаваў Янку Брылю, але той бачыў згаданага Караткевічам Краўца толькі аднойчы. На Нарачы, куды Караткевіч прыяжджаў разам са сваім сябрам. Дапамог Адам Мальдзіс, які сказаў мне, што спадар Кравец працаваў у Палітэхнічнай акадэміі. У аддзеле кадраў гэтай ВНУ жанчыны, як толькі даведаліся, што я шукаю блізкага сябра Ўладзімера Караткевіча, за некалькі хвілінаў знайшлі ўсё, што ведалі пра выкладчыка, што ўжо 10 гадоў як звольніўся. Валянцін Кравец жывы. І жыве тамсама, дзе напрыканцы 50-х атрымаў дзялку зямлі пад будаўніцтва дома. “Прыяжджайце ў любы час”, -- адказаў ён адразу на маё тэлефоннае запытаньне пра Караткевіча.

4-ты завулак Кальцова адным сваім канцом упіраецца ў аднайменную вуліцу, другі выходзіць да Цнянскага возера. Прамысловы пэйзаж з бэтоннымі будынкамі аўтапарку паступова зьмяняецца карцінаю тыповага менскага прадмесьця. Драўляныя дамкі 50-х суседзяць з новымі катэджамі. Дом пад нумарам “79” самы прыгожы на гэтай вуліцы, выглядае ледзь не шляхецкай сядзібай. Два паверхі, ружовы колер сьценаў, гаўбец, вялікі панадворак. Гаспадар прыгожага дому падобны да расейскага джазмэна Леаніда Ўцёсава. Пра свайго сябра гатовы распавядаць усё, што памятаецца. Адкрыта і не хаваючы нічога”.

Кравец: “Я пазнаёміўся зь ім у 48-м годзе. Гэта было ў Воршы. Я паступіў у драмгурток. А ўся эліта школы была ў гэтым драмгуртку. Кіраўніцай гуртка была цудоўная жанчына, Фрыда Аронаўна Ронкіна. Надзіва непрыгожая дзяўчына, але якая жыла літаратурай і душа яе была… Рэдка цяпер сустрэнеш такога чалавека. І ў гэтым гуртку была элітная кампанія, у якую ўваходзіў і Валодзя Караткевіч”.

Бартосік: “Іх зьвёў вЫпадак. Сам таго ня ведаючы, Валянцін Кравец стаў супернікам Караткевіча ў любоўным трохкутніку. Аднойчы Валянцін праводзіў дахаты ўпадабаную дзяўчыну, у якую, як высьветлілася пазьней, быў закаханы і Ўдадзімер”.

Кравец: “І адным цудоўным вечарам я ішоў, а з Воўкам мы былі амаль ворагамі, мы не размаўлялі, два супернікі. А калі я аказаўся кінуты, я ішоў паўз дом Валодзі Караткевіча, а домік у іх быў невялікі, драўляны домік. Там ляжала влікае бервяно, на якім сядзеў Валодзька і чагосьці думаў. Праходзячы міма, я спытаў: “У тебя сьпічкі есть?” Ён кажа: “Есть”. Я падыйшоў, закурылі. Слова за слова і пачалі мы… “Што такое “Я”? Вядомае філязофскае пытаньне. І мы прагаварылі зь ім некалькі гадзінаў. Я яму паведаміў пра сваё няшчасьце. Карацей, з гэтага моманту пачалася наша дружба. І дружба гэтая ператварылася ў чорт ведае што. Яго маці казала: “Ну такая ўжо дружба! Кашулю няма калі перамяніць”. Мы сапраўды адзін без аднога жыць не маглі”.

Бартосік: “Сябры днямі прападалі на Дняпры, а ўвечары зьбіраліся на гарышчы Караткевічавай адрыны, дзе той чытаў свае вершы. Напісаныя па-расейску”.

Кравец: “Гэтаму былі прычыны, што ён не пісаў па-беларуску. У першай школе беларускую мову… Што школьніку? Вельмі многае залежыць ад настаўніка. У нас была абсалютна бяздарная настаўніца беларускай мовы, якую проста ненавідзелі. Уехаў ён у Кіеў. З Воўкам мы перапісваліся.”

Бартосік: “Жыцьцёвыя дарогі сяброў разыходзяцца. Уладзімер паступае на філфак Кіеўскага Ўнівэрсытэту, а Валянцін -- у Беларускі Палітэх. У якім пазьней будзе выкладаць. Але з Караткевічам ва Ўкраіне адбываецца цудоўная мэтамарфоза. Воршу пакінуў расейскамоўны савецкі юнак Валодзя, а назад у Беларусь вярнуўся ўжо іншы чалавек. Паэт, беларускі і моваю, і духам”.

Кравец: “Памятаю, калі ён прыехаў да мяне ў Інстытут, ён захацеў патрапіць у домік Янкі Купалы. У Вязынку. Грошай у нас было нуль. А цягнік даходзіў да станцыі “Беларусь”. Мы купілі трыста грам іржавай камсы, на хлеб у нас грошай не было. І з гэтай камсой мы накіраваліся на цягніку, без білетаў… І далей мы пайшлі пешкі. Прыйшлі мы туды, паглядзелі на гэты домік. Ніякага музэя там яшчэ не было. Пагаварылі зь людзьмі. Прычым, ён гаварыў па-беларуску, а я намагаўся гаварыць. Ён кажа: “Сьціхні, ты сароміш меня. Ты па-беларуску ня ўмееш, а намагаесься”. Памятаю ягоныя словы, якія ён сказаў. “Валька, ты са сваім рэжымам памрэш ад язвы. Таму, што жыць на камсе без хлеба, нельга”. Жыцьцё паказала, што я не памёр, а ён менавіта ад гэтага такі памёр…”

Бартосік: “У тыя часы, калі блізкі Курапацкі лес ня быў яшчэ перарэзаны аўтатрасаю, калі Менск пачынаўся ў некалькіх кілямэтрах адсюль, калі не было ніякага вадасховішча, а працякаў маленькі ручай, калі навакольлі вёскі Зялёны Луг і блізка не нагадвалі сёньняшняга мікрараёну, хто б тады мог падумаць, што напісаная выключна для сяброў гісторыя ператворыцца ў культавую кнігу. Паводле якой будзе зьняты фільм, і пастаўлена опэра. А тады…”

Кравец: “Ён фактычна пісаў ня столькі, каб усё гэта выдаць, колькі напісаць цікавую рэч, каб мы слухалі. Вось кампанія, якая зьбіралася. Мы клаліся на паляне, і Воўка нам кожны тыдзень чытаў разьдзел зь “Дзікага паляваньня караля Стаха”. Яно ўжо было напісана на беларускай мове. Але ён нам чытаў яго, каб нам лягчэй успрымалася на слых, па-расейску. І вось гэтая кампанія, якая на гэтай фатакартцы, вельмі доўга мы былі разам. Галя, я, гэта Воўка. “Дзікае паляваньне караля Стаха” было кожнаю нядзелю. Мы чакалі зь нецярпеньнем гэтую нядзелю… Мы кладземся на паляне і Воўка чытае разьдзел”.

Бартосік: “Ці ня ў гэтым доме да Караткевіча прыйшла ідэя запазычыць разьвязку ў Конан Дойла?”

Кравец: “Справа ў тым, што “Дзікае паляваньне”, апошнія разьдзелы былі настолькі заблытаныя, што разабрацца з гэтай Янінай, было абсалютна немагчыма. Спачатку было ўсё цікава, зразумела. А разьвязка – незразумелая. І вось гэтую разьвязку, ён расшыфраваў, спрасьціў ужо пасьля, калі пачаў друкаваць.”

Бартосік: “У пакоі Караткевіча сёньня не засталося нічога з тых часоў. Нешматлікую мэблю ён забраў з сабою на новую кватэру. Але, нягледзячы на гэта, усё роўна ўваходзіш сюды асьцярожна. Бо ў такіх месцах важная ня столькі музэйная атрыбутыка -- асабістыя рэчы, колькі выразна адчувальная энэргетычная прысутнасьць таго, хто тут жыў”.

Кравец: “Падлога была земляная. Гэтыя два крайнія пакойчыкі нашы. А вось гэты, гэта быў ягоны пакойчык. Мы разам паклалі падлогу, каб Воўка змог тут жыць. І Воўка тут жыў. Усё, што ў нас было, было агульнае. Нават я хацеў захаваць драўляны туалет, які Воўка асабіста… Яму выкапаў, выклаў і пабудаваў гэта драўляны туалет. Разабралі…”

У пакоі:

-- Стол тых часоў, ці не?

-- Не. У яго тут стаяў сэкрэтэр. Ён адкідваўся і тут пісаў. Тут быў ложак. Сакратэр ён забраў, ён, пэўна, і зараз стаіць на Карла Маркса. Усё просьценькае.

-- А краявід з вакна?

-- А тут быў цалкам іншы краявід. Гэтых дамоў ніякіх не было. Тут, на ўзроўні таго даху, вось так ішоў высокі пагорак. Гэты пагорак зьнесьлі, гэтая бедната вось, якая будуецца, яны ўзялі тэхніку і ўсё лета гэты пагорак рылі. Пакуль не зрылі. Адсюль ён катаўся на ровары. Быў такі выпадак. Ён катацца на ровары ня ўмеў. Ён два разы на ровары пракаціўся. Адзін раз у Воршы. У Воршы на дарозе адзіная варонка, адзіная, але вялікая. Ад авіяцыйнай бомбы. Яна зарасла, але ўсё роўна гэта была варонка. І я меў ровар, у дзядзькі браў. Пасадзіў Валодзьку, штурхнуў яго і ён паехаў. Але варонку ён ніяк ня мог аб’ехаць. І ў самую варонку ўляцеў такі. Ушыбся. Нічога, застаўся задаволены. І тут другі раз ён праехаў на ровары. Але трэцяга разу не было. Тут, каля гэтых весьніцаў, я яго туды падштурхнуў, ён паехаў. Але ня ведаў, дзе тармазы. Ён ляцеў уніз і галасіў. Пакуль не зарыўся ў пясок з пабітымі лакцямі, каленямі. Трэцяга разу не было.”

Кравец: “Калі памёр Сталін, ён напісаў “Маленькую балерыну”. Абвініў Сталіна, што той дамагаўся вось такіх дзяўчынак. Я сказаў: “Дарагі мой, у цябе такіх зьвестак няма. Па-другое, вядома, што Сталін быў аскетам. Таму не пішы таго, чаго ня ведаеш”. Воўка ўзьвіўся. Вылез у гэтае вакно. Пайшоў сеў на горку, якую зараз зрэзалі, была гара высокая, сеў на гэтую гару. Пасядзеў пару гадзін у піку мне. Паказваючы, дэманструючы сваё незадавальненьне.

Мы зь ім езьдзілі, калі здымалі помнік Сталіну. Мы ноч прастаялі. На Цэнтральнай плошчы. І мы так і не дачакаліся. Помнік быў абкладзены мяхамі зь пяском. І хацелі танкамі зваліць гэтую фігуру. Зачапілі танк тросам, гусяніцы буксуюць, а помнік стаіць. Зачапілі другі танк. Ізноў тое самае. Мы адстаялі ноч, ды так і сыйшлі. Як яго павалілі потым – ня ведаю. І дарэчы кажучы, ён яго не любіў ніколі. Ён тады, раней за мяне разумеў, што Сталін дэспат”.

“Мінаюць дні, прыходзіць слава А грошай, як раней няма. І ходзіць у пальце каравым Паэтаў мінскіх атаман. Таму, што люд мой беларускі Жывая слава не кране. І ён за кошт маёй закускі На помнік эканоміць мне.”

Бартосік: “Гэта верш з рукапіснага альбому Ўладзімера Караткевіча, які ён падараваў сям’і Краўцоў у 50-х гадах. Альбом зь вершамі, сяброўскімі эпіграмамі, сяброўскімі шаржамі. Як ён умеў маляваць! Колькі працы і любові ўкладзена ў гэты альбом”.

Кравец: “Мы былі вельмі небагатыя, мякка кажучы. І адным цудоўным днём Воўка разыграў такую сцэнку. Ён зьявіўся і сказаў, што я нарэшце разбагацею. “Якім чынам?” “Я, -- кажа, -- знайшоў склад, у які можна залезьці і скрасьці вельмі шмат паўлітровых бутэлек і здаць. Вельмі многа. Шалёныя грошы”. Валасы ва ўсіх сталі дыбарам. Усе пачалі ўгаворваць. Скончылася тым, што напрыканцы вечара ён разрагатаўся. Пасьля ён іграў вар’ята. Аднойчы прыйшоў з такімі вытарачанымі вачыма. Цьвёрда трымаўся ўвесь вечар. Усе аб ім клапаціліся. А ён граў жалезна гэтую ролю. Граў яе да канца. Умеў разыграць.”

Бартосік: “Са старых фотаздымкаў 50-х гадоў, якія сёньня ня маюць цаны, малады Караткевіч нам паўсюль усьміхаецца. Вось ён у Салігорску, надзеўшы шахцёрскую каску выдае зь сябе плакатнага перадавіка, вось ён у ролі безнадзейнага вар’ята, вось ён у кампаніі сяброў разваліўся на траве. Які здымак ні вазьмі, паўсюль нам усьміхаецца вельмі малады і прыгожы чалавек. Усьміхаецца адкрыта, “ад вуха да вуха”. Як шчасьлівы чалавек, у якога наперадзе шмат грандыёзных і прыгожых плянаў, у якога шмат веры ў сябе і сваіх сяброў, у якога цьвёрдая глеба пад нагамі і бязвоблачнае беларускае неба над вясёлай галавой. Ужо выдадзеныя некалькі паэтычных кніг, выйшла першая кніга прозы, распачаты гістарычны раман пра Каліноўскага. Чалавек з радасьцю глядзіць у аб’ектыў фотакамэры, яшчэ не падазраючы пра ўсё тое, што чакае яго ў заўтрашнім дні. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Зьвязаная з зусім іншымі адрасамі”.

“Што вы мне кажаце пра “Пабеду” Дачу, інфаркт і стары гемарой. Студэнт-першакурсьнік два тыдні не абедаў І вось ён на танцах зь дзяўчынай сваёй. Бэзу вільготны, салодкі водар. У яго руцэ каханай рука. І гэта нічога, што зусім не па модзе Локці вылезьлі зь пінжака. А вальс цячэ і грывая мара Танцуе зь ім між дрэў над ракой. Думаеце, ён бы згадзіўся зараз Зьмяніць яе на ваш гемарой? Малады і вясёлы, хоць суткі ня еўшы Зь непахісным сумленьнем у добрых вачах Ён ляпае адарванай падэшвай І шчасьце, шчасьце трымае ў руках.”

Дубавец: На гэтым наведаньне першай менскай кватэры Ўладзімера Караткевіча не сканчаецца. Бо не сказанае, бадай, галоўнае з таго, што распавёў пра пісьменьніка ягоны сябра Валянцін Кравец.

Згадаўшы напачатку сёньняшняй перадачы пра тое, што Ўладзімер Караткевіч пакінуў гэты сьвет да эпахальных пераменаў, да перастройкі і да незалежнасьці, маючы ўсяго 54 гады, а гэта значыць, што ён і сёньня цалкам мог бы быць сярод жывых, я мушу дадаць: у тым, што так здарылася, галоўная роля належыць самому Караткевічу ці, калі хочаце, нейкай вышняй сіле, якая вяла яго па жыцьці і распараджалася ягоным талентам. Караткевіч ня проста памёр. Ён быццам на поўнай хуткасьці ляцеў да свайго канца – упарта і безаглядна, быццам сам усяляк імкнуўся не патрапіць на наступны віток гісторыі, ухіліцца, выскачыць з таго разьвіцьця падзеяў, якое пачнецца заўтра. У гэтым сэнсе ён падобны на многіх творцаў усіх часоў і народаў, якія такім чынам уцякалі ад зададзенасьці – быць пісьменьнікам і кумірам і надалей, калі ты ўжо прызнаны за такога. Асабіста я ня схільны фантазіяваць на тэму, а што было б і колькі твораў мог яшчэ напісаць улюбёны аўтар. Бо аўтары бываюць розныя. Нехта складае сабе мэтадычную праграму на ўсё жыцьцё і піша 200 гістарычных раманаў, як, да прыкладу, Крашэўскі. А нехта меў, што сказаць і сказаў – ня важна ў якой форме, у якім аб’ёме і колькі гэта ў яго заняло часу. Ён сказаў, а ад яго чакаюць працягу, бо яго ўжо палюбілі і нараклі пісьменьнікам. Вось жа гэтыя другія, якія ня могуць быць закладнікамі публічнага інтарэсу і пісаць тое, што не дыктуецца ім аднекуль зьверху, такія, максімалісты што ў творчасьці, што ў жыцьці, становяцца, як правіла, трагічнымі постацямі гісторыі. Але пра гэта мы будзем гаварыць у наступнай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG