Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: “Ці падабаецца бацькам школьнае навучаньне?”


Галіна Абакунчык, Менск 1 верасьня ў школьнікаў Беларусі – Дзень ведаў. Тысячы дзяцей сёньня распачынаюць новы навучальны год. Ці падабаецца вам, як і чаму навучаюць дзяцей у школах? Гэтым пытаньнем у бацькоў менскіх школьнікаў на вуліцах гораду цікавілася наша карэспандэнтка.

Карэспандэнтка: “Ці задаволеныя вы, як і чаму навучаюць дзяцей у школах?”

Спадарыня: “Не, не задаволеная. Я сама зьяўляюся выхавацелькай у дзіцячым доме і ведаю школьную праграму. Мне зусім не падабаюцца падручнікі, як там падаецца інфармацыя, колькі там памылак. Гэта і па гісторыі Беларусі, і па беларускай мове. Тыя падручнікі, калі мы навучаліся, яны больш дакладна падавалі матэрыял”.

Спадар: “Лепш было б, каб па-беларуску выкладаліся ўсе прадметы. Гэта наша родная мова, хоць і складаная, але нічога. Лепш – па-беларуску”.

Спадарыня: “Увогуле, шмат ад настаўніка залежыць. У нас настаўніца вучыла ў першай клясе дзяцей, і вось мы ўжо ў другую пойдзем, яна вельмі добра выкладае. Гэта вельмі важна, бо дзеці ідуць рана ў школу – з шасьці гадоў – і вельмі вялікія нагрузкі. А так усё задавальняе”.

Спадар: “У школьных праграмах павінна быць больш пра культуру паводзінаў, танцы павінны быць – гэта таксама культура. Як паводзіцца зь дзяўчынкай і дзяўчынай, зь якой ты за адной партай сядзіш. А гэта ж у школе адсутнічае”.

Спадарыня: “У прынцыпе, мы задаволеныя. Адно, што мы ходзім у расейскую школу. Я не хачу сказаць, што настаўніца дрэнна выкладае. Пэўна, уся атмасфэра такая, што ўсе бацькі скардзяцца: не ідзе беларуская мова. Вось гэта адзіны дыскамфорт. А так мы задаволеныя, нібыта, усё добра”.

Карэспандэнтка: “Ці падабаецца школьнае навучаньне?”

Спадарыня: “Увогуле, так. Усё дастаткова добра. Адзінае, што цяжкавата. Нас вучылі крыху па-іншаму. Але, пэўна, цяпер інфармацыі шмат, і гэта неабходна, каб нагружаць дзяцей пакуль у іх галовы сьвежыя”.

Спадар: “Я вучыўся ў звычайнай базавай школе, якая лічылася найгоршай у раёне. Не зважаючы на гэта, я без асаблівых намаганьняў закончыў тэхнікум, а пасьля ВНУ. І вось гэтай базавай падрыхтоўкі мне хапіла. А што зараз – цяжка сказаць. Дзіця падрастае і пойдзе ў школу – пабачым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG