Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі: страйк пераносіцца на кастрычнік


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня лідэры незарэгістраванага руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” заявілі аб адмене абвешчанага раней страйку на рынках у Беларусі. Якія прычыны такога рашэньня? Адказы на пытаньне Радыё Свабода наш карэспандэнт высьвятляў у тых, хто раней заявіў аб падтрымцы страйку.

Шостага жніўня ў Сьветлагорску з пратэстам на плошчу перад будынкам райвыканкаму выйшлі прыватныя гандляры. Ад улады яны патрабавалі спыніць канфіскацыю тавараў кантралёрамі з фіскальных органаў.

Кіраўнікі Сьветлагорскага райвыканкаму не абяцалі хуткага выпраўленьня сытуацыі. Прадпрымальнікі вырашылі распачаць страйк першага верасьня.

Гэта – перадгісторыя. А зараз паслухаем лідэра прадпрымальнікаў у Сьветлагорску Анатоля Зьмітровіча:

“Мы вырашылі, што чым 10-15 гарадоў будуць страйкаваць сёньня, то лепш верасень месяц выкарыстаць на падрыхтоўку. Таму пераносім тэрмін страйку, каб сустрэцца з актывам у Беларусі, добра падрыхтавацца і правесьці страйк ў кастрычніку”.

Запытваю ў суразмоўцы, якая цяпер сытуацыя на рынках гораду?

“Адбыліся нарады кіраўнікоў дзяржаўных структураў. І, вядома, ім ня выгадна мець складаную сытуацыю. Вельмі вялікі рэзананс. Піша прэса, інтэрнэт і, верагодна, што мясцовыя чыноўнікі па шапцы атрымалі за тое, што твораць”.

Сярод больш як 20 гарадоў, дзе прадпрымальнікі падтрымлівалі намеры страйкаваць – райцэнтар Узда на Меншчыне. Гутарым з грамадзкім актывістам Віктарам Крывалем:

“На мой асабісты погляд, з агульнага ў Беларусі страйку пачынаць не варта. Мяркую, што трошкі пазьней будзе станавіцца ўсё больш вядомым, што нам рабіць далей. Мы ж цяпер рыхтуемся разам – людзі, якія страцяць ільготы і прадпрымальнікі, каб абараняць свае правы”.

У жніўні ў Бабруйску мітынгавалі прадпрымальнікі. Пра настроі іх у сёньняшні дзень паведамляе Алена Мядзьведзева, старшыня камітэту самаабароны на калгасным рынку:

“Наш рынак ужо асьцерагаюцца наведваць. Гэта значыць, што вялікага ўціску няма. Падатковая служба сама баіцца. Яны не жадаюць мець непрыемнасьці, не жадаюць шуму. Але мы да акцыі рыхтуемся. І мы пойдзем. Але 1 верасьня гэта нерэальна. Будзем у Менску і будзем вырашаць, калі зьбіраць людзей”.

Далей паведамленьне з Рэчыцы, што на Гомельшчыне. Гаворыць прадпрымальнік Алег Шабетнік:

“Прадпрымальнікі самі захацелі, каб гэта адбылося ў кастрычніку месяцы, а ня ў верасьні. Таму што многія з нас заплацілі падаткі загадзя. Акрамя таго, не адбылося актыўнай падрыхтоўкі”.

Камэнтуе сытуацыю лідэр незарэгістраванага “Руху за разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

“Ідэя страйку не адмяняецца, ён плянуецца адназначна ўвосень. Рабіць страйк на ўзроўні аднаго, двух ці трох гарадоў зараз ня мае сэнсу. 760-ы ўказ Лукашэнкі настолькі страшны, што калі мы зробім цяпер дробныя акцыі, толькі ўшчыпнем уладу, то будзе сабе ў шкоду”.

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да восеньскіх пратэстаў, 24.08.2007 Апытаньне: як людзі ставяцца да плянаванага страйку прадпрымальнікаў?, 18.08.2007 Барысаў: ці саступіць улада патрабаваньням прадпрымальнікаў?, 15.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG