Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Народ на “Свабодзе”</B>


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра новыя эканамічныя ўмовы

Васіль Валошка, Радашковічы Маладэчанскага раёну: “Лічу, чым далей Расея будзе даваць нам танны газ, тым большы ўрон яна гэтым прычыніць Беларусі. Зьвярніце ўвагу: у японцаў няма ні нафты, ні газу, ні іншых карысных выкапняў. А які ўзровень жыцьця ў гэтай краіне! Жыцьцё прымусіла іх працаваць мазгамі, і ў выніку Японія ў многіх навукаёмістых галінах эканомікі займае вядучыя месцы ў сьвеце. А калгасная сыстэма ў Беларусі трымаецца менавіта на танных энэрганосьбітах. (Кажучы пра калгасную сыстэму, я маю на ўвазе ня толькі сельскую гаспадарку). Гэтак жа было і на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў савецкага ладу.

На прадпрыемствы і ва ўстановы ў нас прымаюць толькі сваякоў ды сяброў. А разумным ды талковым дарогі ў вялікую будучыню няма. Адсюль і адсталыя тэхналёгіі, і вялізныя затраты энэргіі, і нізкая якасьць прадукцыі.

Словам, як у той прыпавесьці: Расея дае нам не вуду, каб мы самі здабылі сабе харч, а ўжо злоўленую рыбу. А мы яе проста зьядаем. І вось такім чынам Масква сьвядома ці міжволі падаўжае жыцьцё той сыстэме, якая ў нас цяпер існуе”.

Спадар: “Паднялі пэнсію, і адразу ж кошты на прадукты павысіліся. Гэта паўплывае толькі на беднае насельніцтва, на людзей каторыя маюць 200-300 тысяч. А на чыноўніках гэта нічога не адаб’ецца. Колькі гэта будзе працягвацца? Нашы грошы, каторыя зарабляліся кроўю і потам, а чынавенства так не зарабляе. Чым яны займаюцца? Ловяць БНФ-аўцаў? Ды немец так не лавіў і не караў. Лукашэнка хваліцца, што ўраджай, дык пры савецкай уладзе мы больш зьбіралі ўраджаю, і ўсё ўручную”.

Іван Карпавіч, Менск: “Я хачу сказаць пра пытаньне падвышэньня коштаў – яны растуць, як грыбы, пастаянна. Прыходзіш у краму – штодня мяняюцца кошты. Але ня ў гэтым справа. Чаму ж павышаюцца кошты? Бо эканоміка ў нас не працуе. 30% працуе, а астатняе на паперы. Сяло таксама “ляжыць” – усё на паперы: і ўраджаі, і надоі, і г.д. Вось адкуль трэба сыходзіць. Пэўна, у нас, у Беларусі, няма эканамістаў, каб Сідорскаму сказалі: што ж ты падманваеш, мой дарагі. Ён проста зьбірае паперкі і больш нічога. На паперы ў нас усё гладка, нават ёсьць прыбытак, рост. Харошая прымаўка была ў нашых продкаў: сямёра з лыжкамі, адзін з сошкай. А цяпер з сошкай адзін, а мільён з лыжкай. Паглядзіце, якія штаты парабілі – ад прэзыдэнцкай каманды да Саўміна, ад Саўміна да вэртыкалі. Вось хто ў нас дармаеды. Таму мы так і жывем. І павышаем кошты за кошт працоўнага клясу, інтэлігенцыі і пэнсіянэраў”.

Ларыса, горад Менск: “Я пра падвышэньне коштаў, якое рушыць неўзабаве. Усё гэта – ня новае. Гэтак і павінна было адбыцца. Гэта вынік “эканамічнага цуду” ў Беларусі пра якое шмат-шмат было сказана і паказана. Падвышэньне коштаў ідзе ўжо даўно. Але заўважаюць яго толькі тыя людзі, у якіх кожная капейка на ўліку. На хлеб наш надзённы, пра які вядзецца гаворка, кошт падвышаецца штодня. Да прыкладу, хлеб “Смачны”: напачатку месяца каштаваў 670 рублёў, а цяпер – 900 рублёў. Якасьць хлеба кепская – назаўтра пакрываецца цьвільлю, бо мокры. А малако – спрэс вадзяное. Увогуле адвучылі ад мяса і каўбасных вырабаў, на якія кошты завоблачныя, гэтак адвучаць і ад хлеба ды малака. Хочацца параіць: калі вы падвышаеце кошты, то сачыце за якасьцю. У дзяржаве, падобна, няма грошай. Хто патлумачыць, чаму грошай няма?”

Пра кампэнсацыю новым незалежным дзяржавам за савецкую акупацыю

Пятро Касьнерык, вёска Пераносіны Баранавіцкага раёну: “Запатрабаваць не забаронена. Іншая справа – як рэальна спагнаць з Расеі такія грошы? Я ў сувязі з гэтым згадваю меркаваньне аналітыка Леаніда Заікі, які часта гучыць па “Свабодзе”. Ён неяк сказаў: сьцьвярджэньне, нібы ў Беларусі менш бедных, чым у Расеі – гэта вялікая хітрасьць. Бо дзякуючы нізкім тарыфам на расейскія газ і нафту кожная беларуская сям’я мела ў год практычна больш за тры тысячы даляраў. То бок, 30 адсоткаў прыбыткаў беларускіх сем’яў – гэта субсыдыі з боку Расеі. Іншымі словамі, Беларусь – звычайная краіна, якая прысмакталася да Расеі і атрымлівала штогод па 8 мільярдаў даляраў субсыдыяў.

Але ж гэтыя грошы – не дабрачыннасьць. Па сутнасьці, гэта і ёсьць кампэнсацыя за двухсотгадовую акупацыю Беларусі ненавіснай Расейскай імпэрыяй. Вам, шаноўныя адукаваныя інтэлектуалы, змагары за шчасьце народа, ня шкодзіла б памятаць пра тое, што палітыка – гэта вельмі вялікая хітрасьць. А вы заклікаеце выйсьці шчыльнымі радамі з патрабаваньнем да Крамля спыніць субсыдыі Беларусі. Вар’яты!”

Пра арышт Паўла Севярынца

Кастусь Сырэль, Вушачы: “Паша, даражэнькі, яны не дадуць табе жыць (ты ведаеш, пра каго я). “Дзікае паляваньне” аб''явіла табе вайну, абклала чырвонымі сьцяжкамі. Яны цябе зацкуюць. Ці ж ты ня бачыш, што кожны твой крок адсочваецца? Ня трэба быць Настрадамусам, каб прадказаць твой лёс на бліжэйшыя тры-чатыры гады. Ім трэба, каб ты падчас наступных прэзідэнцкіх выбараў і выбарчай кампаніі сядзеў – і пасадзяць. Тэрмін дадуць такі, каб на волю толькі разам з Казуліным выйшаў. Ім нават нагоды шукаць не патрэбна – выдумаюць, ці падкінуць “наркату”, зброю, або яшчэ што. Па тэлебачаньні гэта пакажуць,– для іх жа не існуе ніякіх этычных норм, ніякай маралі. Партыі апошнія ліквідуюць, незалежныя СМІ, моладзь найбольш актыўную перасадзяць. Зробяць з выбараў усеагульны "одобрямс". (Ды і ня толькі з выбараў). Яны ведаюць, што калі прайграюць, то давядзецца адказаць за ўсё, таму будуць жорсткімі і бязьлітаснымі. Я ні да чаго цябе не заклікаю, вырашай сам, што табе рабіць”.

Спадар: “Пра Паўла Севярынца. Усе судовыя загады нішчаць моладзь, як праказа, каб пры кратах панаваў русыфікатар. Філязофія Паўла дэмакратычнага хрысьціянства яна разбурае філязофію клясыкаў сталінізму, таму яе баяцца. І гэта галоўнае дасягненьне ягонае працы. Жадаю яму волі. І праз 15 сутак яго будуць сустракаць як філёзафа з касьмічнай філязофіяй. Ён патрэбен беларускай гісторыі і беларускай сучаснасьці. І яшчэ, глянуў на кнігу для дзяцей “Гісторыя Бібліі”. Вядома, што Біблія стала клясычнай кнігай для ўсіх. Такую кніжку трэба даваць па пяць хвілін дзецям, якія пойдуць у школу. Так трэба выкладаць і гісторыю Беларусі, як тую Біблію, у малюнках у пяціхвілінным этэры”.

Пра вясковыя клопаты

Павал Сац, вёска Асавая Маларыцкага раёну: “Вось і восень, пара капаць бульбу. А ў нас і зерне ў нізінах не ўбранае: затапіла другі раз. Людзі просяць у кіраўнікоў калгаса: “Дайце бульдозер расчысьціць брод, каб вада сыходзіла ў цэнтральны канал”. Не далі…Бульба ўжо другі раз сплыла – усё з-за броду.

Зерневыя адыходы ў нас цяпер не вывозяць на сьметнік, як раней, а проста “ўтылізуюць” на месцы, далей ад людзкіх вачэй. Кажуць, каб ня трапіць зноў у паведамленьні “Свабоды”.

У нашай вёсцы Асавой яшчэ нядаўна людзі трымалі 150 кароў. Цяпер засталося толькі 20. Усе палі навокал засеяныя, калі і ёсьць трава, дык пасьвіць забараняюць. Насельніцтва ператвараецца з вытворцаў у спажыўцоў харчаваньня.

А як пражыць пэнсіянэру, калі ўсё купляць у краме? Вось, для прыкладу, мне ў жніўні дабавілі 730 рублёў. У траўні дабаўка была 1080 рублёў. Гэта ж сьмеху варта. А на словах – хвальбы поўныя торбы. Мне нават цікава назіраць, як наш вясковы электарат праз гэтыя мізэрныя дабаўкі мяняе стаўленьне да прэзыдэнта. Асабіста я толькі ўсьміхаюся, бо не мяняю меркаваньняў у залежнасьці ад надвор’я, як адзеньне пасьля дажджу”.

Спадарыня: “Баліць мая душа. Прыйшла ўжо пара і ў школу нашым дзецям. Убачыўшы ўчора карціну, як старшыня сельсавету абражаў дзіцёнка, каторы сказаў яму праўду, я не магу пра гэта прамаўчаць. Правільна, мае дзеці сышлі ў вёску, мы сталі будавацца. Нам не далі нармальна зямлі – давалі па кавалку, як сабакам. А старшыня мне ў вочы гаворыць: чаму вы не будуецеся, я вам даў частку пад будоўлю. А як я магла пачаць будавацца, калі мне далі адну чацьвертую частку зямлі? Наколькі ж нізка мы апусьціліся, калі старшыня можа абражаць дзіцёнка. Наколькі ж нізкая ў нас культура. Чаму нашы дзеці абражаныя, прыніжаныя нашымі чыноўнікамі? Куды ж глядзіць наш прэзыдэнт? Чаму ён даў чыноўнікам веру? Даў ім жыцьцё? Чаму ж не народу дадзена жыцьцё? Мой дзіцёнак хацеў застацца на зямлі, а ўчора мне сказаў: мама, я лепей памру на асфальце, але толькі не ў калгасе, я паглядзела, як прыніжаюць цябе, гаворачы няпраўду табе ў вочы. Баліць мая душа. Не магу я цярпець несправядлівасьці. Калі ж будзе якая-небудзь справядлівасьць?”

Пра школьныя норавы

Андрэй Паско, Берасьце: “У 5-й клясе аднаклясьнік Гена гуляў з п’яным настаўнікам замежнай мовы ў “бэрыка” (даганялку) падчас урока.

У 6-й клясе Гена, Сяргей ды іншыя на ўроку геаграфіі бегалі па партах, пускалі папяровыя самалёцікі, а настаўніка геаграфіі ў вочы называлі “Кефірам”.

Тады ж, у 6-й клясе, у верасьні падчас нейкай забаўляльнай імпрэзы на прыродзе некалькі аднаклясьнікаў у намёце напіліся сьпірту і не змаглі самі дайсьці дамоў: давялося іх цягнуць за рукі і ногі.

…З хлопцам, якога звалі Пеця, я вучыўся ў 8-й і 9-й клясе. Яго білі ўсе два гады безь перапынку. Плявалі, выкручвалі рукі, прымушалі, каб даваў сьпісваць. Аднаго разу выкінулі з 3-га паверху ягоны ранец на сьнег. На летняй практыцы Пеця пастаянна цягаў па дзьве поўныя палівачкі, у той час як некаторыя не цягалі ніводнай.

У 9-й клясе палова хлопцаў паліла, піла і ўжывала “нясвай” (лёгкі наркотык). Шмат сустракаў я і добрых, таленавітых аднагодкаў, але ўзгадваецца цяпер чамусьці менавіта гэта”.

Пра беларускую мову

Ільля Копыл, Менск: “Стаю ў чарзе ў ЦУМе, у сэкцыі канцтавараў. Пакупнік просіць па-беларуску пачак паперы. Дзяўчынка-прадавец перапытвае:

– А что такое “папера”? Покажите, что вы хотите.

Пакупнік абураецца. Тыя, што стаяць за ім, таксама бурчаць:

– Хватит издеваться над продавцом. Говорите нормально, достали своей мовай.

Вось і мая чарга. Ціха пытаюся ў юнай прадаўшчыцы, якую замежную мову яна вучыла. Высьвятляецца, што нямецкую. Нагадваю, што і ў нямецкай, і ў беларускай мовах расейскае слова “бумага” гучыць амаль аднолькава “папера – papier”. Дзяўчына пачырванела, што азначае: “Ня ўсё так дрэнна”.

... Яшчэ адна сцэна. Купляю на Камароўцы агуркі. Перада мной – бабуля. Гандлярка яе ня чуе – размаўляе па мабільніку. Закончыўшы, зьвяртаецца да бабулі: “Што вам?” Бабуля: “Дык я ж вам гавару...” Гандлярка не дае ёй закончыць фразу: “Бабушка, надо говорить правильно – не «гавару», а «говорю»…” Магчыма, гандлярка – філоляг па адукацыі. Яе б у Палату прадстаўнікоў, у камісію па ўдасканальваньню беларускага правапісу. Там яўна не хапае кадраў”.

Іван Дзялендзік, Ашмяны: “Гэтулькі рознай пошасьці перажылі беларусы – і неяк жа выжылі. Але ці засталіся б мы, каб ня мова? Напэўна, ужо даўно сталі б ці расейцамі, ці палякамі. Паглядзіце, што засталося ад беларусаў на Смаленшчыне ці на Беласточчыне. Толькі прозьвішчы ды назвы вёсак. Нічога беларускага там расейцы і палякі амаль не пакінулі. Яны дбаюць пра сваю мову і сваю дзяржаву. Таму асіміляцыя ўсіх іншародцаў там вядзецца шпаркімі тэмпамі.

А што ў нас, на Беларусі? Няўжо беларуская ўлада ня бачыць, што вынішчэньне мовы – гэта аслабленьне бясьпекі дзяржавы, а ў канчатковым выніку – і асабістай бясьпекі ўсіх гэтых самаўпэўненых чыноўнікаў? Ня будзе мовы – ня будзе і беларускай дзяржавы, і гэтых цёплых чыноўніцкіх месцаў. Няўжо мы ня спынімся на мяжы, якая адзьдзяляе наш народ ад канчатковага зьнікненьня і забыцьця?”

Спадарыня: “Перапыніце гэтыя беларускія мовы. Самая гадкая мова – гэта беларуская. Я сама зь вёскі. Прыехала некалі і нас прымушалі вучыць рускую мову. Сама беларуска. Я ненавіджу беларускую мову. Гэта гадасьць”.

Спадарыня: “Вось толькі паслухала рэпліку жанчыны, якая гаварыла, што ня любіць беларускую мову. Але ж мова на якой яна гэта гаварыла – мова каравая. Добра, калі гэтая жанчына скончыла 4 клясы. Можа яна і ня ведае, хто такі Якуб Колас ды Янка Купала, таму яна так не паважае сваю родную мову. Ганьба ёй і тым людзям, якія таксама з пагардай адносяцца да сваёй роднай мовы”.

Спадар: “Я хачу сказаць той слухачцы, якая званіла на Свабоду і гаварыла, што беларуская мова непрыгожая – наша беларуская мова славянская, лірычная і самая прыгожая. І для кожнай маці свае дзеці прыгожыя. А ў гэтай жанчыны нешта ненармальнае з галавой. Зусім яна, відаць, хворая. А беларускую мову ў кожнай краіне паважаюць. І руская мова прыгожая, але чамусьці яе пазьбягаюць. Мне падабаюцца ўсе мовы”.

Пра гісторыю 20-га стагодзьдзя

Алесь Станкевіч, Горадня: “Падзел Беларусі, які адбыўся ў выніку Рыскай дамовы 1921 года, ваш камэнтатар назваў нацыянальнай катастрофай. Дазвольце з гэтым не пагадзіцца. Вядома ж, што Сталін і Пілсудзкі ўмоваў гэтай дамовы не выконвалі. Бальшавікі накіроўвалі ў Заходнюю Беларусь сотні шпіёнаў і дывэрсантаў – агентаў НКВД, якія тут кіравалі КПЗБ. А вось сапраўднай катастрофай беларускага, польскага ды іншых народаў стала дамова Сталіна з Гітлерам (так званы пакт Молатава-Рыбэнтропа) ад 23 жніўня 1939-га году. Сталін даў зялёнае сьвятло для гітлераўскай агрэсіі. Яны разам як саюзьнікі нападам на Польшчу ў 1939-м годзе пачалі 2-ю Сусьветную вайну. Аб гэтым хаўрусе Сталіна і Гітлера пуцінскія і лукашэнкаўскія гісторыкі ня любяць успамінаць.

А тое, што Пілсудзкі заняў Заходнюю Беларусь, у будучыні прынесла вялікую карысьць, бо выратавала сотні тысяч людзей ад сталінскага тэрору, які лютаваў у БССР.

У Польшчы таксама былі турмы, у тым ліку ў Бярозе-Картузскай. Але траплялі туды сапраўдныя актывісты КПЗБ і НКВД, якія адкрыта заклікалі да зьвяржэньня ўраду і далучэньня да СССР”.

Пра настальгію

Ігар Сьцябуля, Менск: “Нядаўна, едучы “электрычкай” на працу, чуў, як адзін пэнсіянэр ліў “кракадзілавы сьлёзы” па СССР. Маўляў, развалілі такую магутную дзяржаву, у якой усім так добра жылося…Відаць, забыў той стары пра чэргі, пра татальны дэфіцыт, пра тое, як усё даводзілася здабываць праз знаёмства і блат. А грошы, якія амаль усе трымалі ў Ашчадным банку і якія ляснулі з распадам савецкай імпэрыі? Відаць, гэты пэнсіянэр забыў, як нашы браткі-беларусы гінулі ў Аўганістане ды ў іншых мясьцінах сьвету, дзе савецкія салдаты выконвалі так званы “інтэрнацыянальны абавязак”, а ў сапраўднасьці – ваявалі невядома за чые інтарэсы. Вельмі кароткая ў некаторых памяць пра жыцьцё ў савецкай імпэрыі”.

Пра заяву амбасадара Расеі Аляксандар Сурыкава

Ільля Копыл, Менск: “Я абураны заявай расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава аб намеры разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Я ўпэўнены, што заява зробленая са згоды беларускага кіраўніцтва. Запушчаны “пробны шар” – як на гэта адрэагуе беларускае грамадзтва. НАТА нам не пагражае. Разьмяшчэньне сродкаў супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі мы павінныя вітаць. Разьмясьціўшы расейскую зброю на нашай тэрыторыі, улада стварае вялікую небясьпеку для нашай краіны”.

Спадар, жыхар Менску: “Паважаная Свабода, амбасадар Расеі выказаўся за магчымае разьмяшчэньне сваіх ракет на тэрыторыі Беларусі. Ён параўноўвае Беларусь з Чачнёй, дзе робяць што хочуць. Гэта зьнявага беларускаму народу. Яго неабходна прагнаць зь Беларусі найхутчэй”.

Спадарыня, Магілеў: “Вось і паказала Расея свой сыр Лукашэнку, дзеля якога яна карміла яго танным газам і нафтай, на чым трымалася лукашэнкаўскае дзіва 12 гадоў. Сурыкаў, нарэшце, агучыў асноўную крамлёўскую мэту: вярнуць на тэрыторыю Беларусі ядзерную зброю. Калі Расея плянуе гэта ў Беларусі, значыць, няма ўжо незалежнай і свабоднай Беларусі. Праеў і праезьдзіў Лукашэнка нашую незалежнасьць і свабоду. Калі Расея ажыцьцявіць свой плян, то Беларусь стане патэнцыйным ворагам для Эўропы. Беларускі народ абавязаны не дапусьціць гэтага”.

Спадар: “Спадар расейскі амбасадар Сурыкаў агучыў меркаваньне пра ядзерную зброю ў Беларусі, канечне ж, не сваё. Гэта расейская гісторыя ўся такая. Але ж што тут атрымоўваецца, калі прыгледзецца. 26 лістапада 1996 годзе ў нас усталявана расейская Канстытуцыя. І вось калі беларускія ўлады паспрабавалі недзе ўзяць у крэдыт грошы плаціць за газ і нафту, але не атрымалася. Нелегітымнай уладзе нават адыёзныя рэжымы ня хочуць даваць крэдыт. Вось Расея і прапанавала нейкі пернік – мы вось гэта вось агучым. І калі вярнуцца да шматразовых выступаў уладаў беларускіх пра нейкую памылку Шушкевіча пра вываз ядзернай зброі з тэрыторыі краіны, вось зараз яны і распачынаюць новы шантаж сьвету. Ну і, напэўна, кранік з газам крыху і прыадчыняць для Беларусі".

Пра вылучэньне Станіслава Шушкевіча на Нобэлеўскую прэмію міру

Пэнсіянэр, Гарадзенская вобласьць: “Зь вялікім задавальненьнем дазнаўся пра вылучэньне Станіслава Шушкевіча на ўзнагароджаньне Нобэлеўскай прэміяй. Спадзяюся, што зацьвярджэньне яго кандыдатуры стане сьвятам для беларусаў. Станіслаў Станіслававіч, віншую вас. І яшчэ, калі ласка, паведамце тэлефон Станіслава Станіслававіча. Думаю, што я не адзіны, хто выкажа яму шчырую падзяку за яго дзейнасьць на карысьць роднай Беларусі і міжнароднай супольнасьці”.

Слухач: “Хачу падзяліцца такім меркаваньнем: гэта проста наш абавязак падтрымаць тое, што Лех Валенса вылучыў Станіслава Станіслававіча Шушкевіча ў нобэлеўскія ляўрэаты. Гэта ў найноўшай гісторыі чалавек, які зрабіў столькі для бясьпекі ня толькі Эўропы, зьвёзшы адсюль ядзерную, сьмяротную небясьпеку, гэта яшчэ для сьвету прыклад барацьбы за мір. Разваліў монстра Савецкі Саюз, якія не маглі трымаць ужо абцугі КДБ. Усё гэта складалася рукамі Станіслава Станіслававіча Шушкевіча. Давайце разгорнем кампанію ягонае падтрымкі, тлумачэньня ягоных заслуг у найноўшай гісторыі”.

Слухач: “Колісь адна разумная галава з гордасьцю пахвалялася з трыбуны ААН пра вывад ядзернай зброі з Рэспублікі. Крыху пазьней той чалавек ужо шкадаваў, што вывелі грозныя ракеты зь Беларусі. Таму вельмі слушнай і своечасовай зьяўляецца прапанова Леха Валенсы аб вылучэньні на нобэлеўскія ляўрэаты сьвету Станіслава Шушкевіча, бо гэта ён на пачатку 90-х настойваў на нэўтралітэце Рэспублікі і адмове ўваходзіць у ваенныя хаўрусы. Шкада, што была згублена магчымасьць ужо тады збудаваць сваю усходне-эўрапейскую Швайцарыю. І менавіта Станіслава Шушкевіча лічаць першым кіраўніком незалежнай Беларусі”.

Спадар: “Я хачу павіншаваць Станіслава Станіслававіча Шушкевіча з вылучэньнем яго на прэмію. І хачу падзячыць яму, ён меў рацыю, калі сказаў: “Кіраваць дзяржаваю на сучасным этапе, карыстаючыся састарэлымі падручнікамі палітрука, немагчыма”.

Ільля Копыл: “Я заўсёды бараніў Станіслава Шушкевіча ад нападак з боку тых, хто яго вінаваціў у распадзе СССР. Я рады, што нарэшце заўважаны яго заслугі. Лічу, што Шушкевічу, Ельцыну і Краўчуку трэба паставіць помнік за тое, што яны мірна, без крыві, зацьвердзілі факт распаду імпэрыі зла, СССР”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG