Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто шуміць у беларускіх гарадах?


Ігар Карней, Менск Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, тысячы людзей заўчасна паміраюць ад сардэчных хваробаў, выкліканых узьдзеяньнем высокага ўзроўню шуму. Як кажуць дасьледчыкі, летась толькі ў Вялікай Брытаніі ад каранарных захворваньняў сэрца памерлі болей за 100 тысяч чалавек, зь іх 3 тысячы сталі ахвярамі няспыннага шумавога ўзьдзеяньня. У Беларусі магчымасьць летальнага зыходу ад “шумавой траўмы” пакуль ня вывучаная, аднак з кожным годам жыхары гарадоў адчуваюць усё большы дыскамфорт ад новай навалы, што прыносіць з сабой тэхнічны прагрэс.

Як паведамілі ў аддзеле камунальнай гігіены Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, праблема шумавога ўзьдзеяньня настолькі сур’ёзная, што маніторынг шумнасьці цяпер вядзецца амаль у сотні пунктах у праблемных месцах Менску – гэта ўдвая болей, чым у 2005-м. Высновы спэцыялістаў: асноўныя крыніцы шуму ў горадзе – аўтамабільны і рэйкавы транспарт, аэрапорт, прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы, камунікацыі.

Самая шумная – вуліца Маскоўская

У Менску самая цяжкая сытуацыя паводле ўзроўню шумавой забруджанасьці – у межах вуліцы Маскоўскай. Ровень шуму там перавышаны на 18 дэцыбэлаў (дБ) і складае 78 дБ, што болей, чым дзённая доза шумавога выкіду блізу аэрапорту “Менск-1”. Гэтаксама ў сьпісе не найлепшых для пражываньня месцаў праспэкты Незалежнасьці і Машэрава (па 17 дБ перавышэньня нормы), Партызанскі праспэкт (14 дБ перавышэньня) і вуліца Аранская (14 дБ перавышэньня).

Большую частку шумавой загрузкі гарадоў даюць аўтамабілі. Як кажа кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч, Беларусь у ліку лідэраў паводле тэмпаў аўтамабілізацыі ў Эўропе. Аднак вялізная колькасьць патрыманых машын шкодзіць як экалёгіі, так і шумавому фону:

“Рэч у тым, што нават па таксычнасьці выкідаў, па ўзроўні шумнасьці яны павінны адпавядаць хоць бы “Эўра-3”, “Эўра-4”. Таму што Менск ужо задыхаецца ад газаў і глухне ад шуму. Менск – гэта сталіца ў цэнтры Эўропы. І мы павінны арыентавацца на самае лепшае і разьвітае. А мы чамусьці адкінулі прапановы таго ж “Фольксвагену” зьбіраць тут машыны, якія вельмі блізкія нашаму народу, бадай, гэта самая папулярная машына. Тую ж “Шкоду”, якая ўваходзіць у канцэрн “Фольксваген”. Вось такія трэба машыны зьбіраць – простыя, эканамічныя”.

Менчукі наракаюць не на самалёты, а на цеплатрасы

Загадчык аддзяленьня камунальнай гігіены Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Іван Вайтовіч кажа, што жыхары сталіцы наракаюць нават не на аўтамабілі, а на няспыннае “гудзеньне” сваіх дамоў:

“Калі прааналізаваць звароты грамадзянаў, зьвязаныя з дрэннымі ўмовамі пражываньня з-за шуму, то дзесьці 60 % скаргаў – на ўбудаваныя аб’екты ў дамах. А менавіта – на цеплавузлы. На транспарт – нашмат меней. Найбольш скаргаў на прылады рэгуляваньня ў ацяпляльных сыстэмах. А гэта трубы плюс абсталяваньне: помпы, аўтаматы, якія рэгулююць напор. Праблемы ў асноўным здымаюцца шляхам шумаізаляцыі на такім цеплавузьле ці настройваньнем абсталяваньня. Атрымліваючы скаргі і адзначаючы падчас вымярэньняў перавышэньне, санслужба накіроўвае прадпісаньне арганізацыі, якая эксплюатуе дом, і тая абавязаная выканаць шумаізаляцыйныя работы”.

Колісь вельмі шумеў аэрапорт “Менск-1”. Калі самалёты праляталі над жылымі кварталамі, ровень шуму перавышаў норму на 24 дБ. Аднак абмежаваньні на прыём у Эўразьвязе самалётаў, не адпаведных паказьнікам экалёгіі і шумнасьці, прыкметна паправілі сытуацыю. Як кажа спадарыня Ірына, якая жыве побач з аэрапортам на вуліцы Чкалава, ёсьць месцы, у параўнаньні зь якімі менскі аэрапорт падасца “ціхім”:

“Найперш яны цяпер адсюль пераважна лётаюць па ўнутраных лініях, на невялікіх самалётах, якія ня моцна шумяць. А вось вялікія, натуральна, шумяць істотна. Дык цалкам натуральна, што ім у Эўропе забаранілі лётаць... Але цяперашнія самалёты моцна не дапякаюць. Дарэчы, я ведаю, што, прыкладам, у Адлеры аэрапорт гэтаксама разьмешчаны ў самым цэнтры гораду. Там у мяне сяброўкі каля аэрапорту жывуць, дык там немагчыма нават размаўляць, калі ўзьлятаюць ці сядаюць самалёты. А тут ужо нічога...”

Як дасягнуць шумаабароннага эфэкту

Адна з найгоршых акустычных сытуацыяў – у жылых дамах старой забудовы абапал трамвайных каляін. Усё часьцейшыя скаргі жыхароў на немагчымасьць суседзтва з трамвайнымі калеямі вымусілі транспартнікаў удасканаліць канструкцыі трамвайнага палатна. Па новай тэхналёгіі ўжо праведзена рэканструкцыя часткі трамвайных каляін па вуліцах Пляханава і Даўгабродзкай.

Ці можна змагацца з праблемай звышшумнасьці? Як кажуць спэцыялісты, часткова яна ўжо вырашаецца празь зьніжэньне патоку грузавога транспарту па гарадзкіх магістралях і празь пераразьмеркаваньне патоку на кальцавую дарогу. Летась нязначна, але зьнізілася шумавая нагрузка на праспэкце Незалежнасьці (ад перавышэньня ў эквівалентным узроўні на 15 дБ у 2004 годзе да 7 дБ – у 2006-м). Сытуацыя паляпшаецца на вуліцах Няміга, Жукоўскага, Кахоўская, Несьцерава.

Падчас выкананьня капітальнага рамонту жылых дамоў і пры новым будаўніцтве праектныя арганізацыі мусяць улічваць акустычную сытуацыю: перадусім устанаўляць аконныя блёкі з “шумаабаронным эфэктам”.

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя вывучае наступствы ўзьдзеяньня шумавога забруджаньня на здароўе людзей ад 2003 году. Паводле экспэртаў, у 2 % жыхароў Эўропы шум выклікае парушэньні сну. У 3 % выпадкаў шумавое ўзьдзеяньне прыводзіць да захворваньня, пры якім назіраецца сталае адчуваньне шуму ў вушах. Іншыя нэгатыўныя эфэкты маюць яшчэ 15 % дасьледаваных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG