Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ прагназуе запавольваньне эканамічнага росту Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Міжнародны валютны фонд завяршыў чарговы агляд беларускай эканомікі. У аглядзе гаворыцца, што да 2012 году эканамічныя страты Беларусі могуць скласьці 10-15 працэнтаў ад унутранага валавога прадукту. Гэта тлумачыцца найперш падвышэньнем цэнаў на расейскія энэрганосьбіты. Як ставяцца экспэрты да такога прагнозу?

Паводле ацэнак экспэртаў Міжнароднага валютнага фонду, цэнтралізаваная эканоміка Беларусі апошнія гады расла хуткімі тэмпамі. Гэта было абумоўлена спрыяльнымі варункамі імпарту энэргарэсурсаў, абачлівай падаткова-бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкай, а таксама высокім эканамічным ростам у краінах-партнэрах Беларусі.

У сувязі з новымі цэнамі на энэрганосьбіты прагназуюцца пастаянныя страты рэальнага прыбытку. А гэта адмоўна адаб’ецца на эканамічным росьце, інфляцыі, плацёжным балянсе і стане бюджэту.

Экспэрты МВФ зьвяртаюць увагу на тое, што адсутнасьць сувымернага карэктаваньня эканамічнай палітыкі й структурных рэформаў нэгатыўна адаб’ецца на сытуацыі ў Беларусі.

Паводле экспэртаў МВФ, рэальны абменны курс беларускага рубля завышаны прыкладна на 10 працэнтаў.

Старшыня камісіі ў прамысловасьці Палаты прадстаўнікоў Анатоль Паўловіч не пагаджаецца з высновамі МВФ пра тое, што посьпехі эканомікі залежалі ад выгадных цэнаў на энэрганосьбіты:
А.Паўловіч: “Калі б усё залежала ад выгадных цэнаў на энэрганосьбіты, то адкуль узяцца рэнтабэльнасьці 12 працэнтаў?”
“Глядзіце праект пляну сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2008 год. Там зноў закладаецца рост унутранага валавога прадукту на 8,5 працэнта. І рэнтабэльнасьць прамысловасьці закладаецца 12 працэнтаў. Калі б усё гэта было так, то адкуль узяцца рэнтабэльнасьці 12 працэнтаў?”

Эканаміст Тацяна Манёнак сказала, што запавольваньне эканамічнага росту ўжо адбіваецца на людзях і Беларусь чакае яшчэ больш складаны час.

“Выліваецца гэта ў падвышэньне кошту найперш на гэтыя транспартныя паслугі, падвышэньне крышку на хлеб, на малочную прадукцыю. Нягледзячы на тое, што ў нас як быццам эканоміка разьвіваецца выдатнымі тэмпамі, сабралі выдатны ўраджай.

Але, нягледзячы на гэта, на фоне вялікага прафіцыту бюджэту ўсё ж ідзе падвышэньне кошту на такую прадукцыю першага попыту. І гэта падвышэньне ўсё цяжэйшае і цяжэйшае будзе дзяржаве. І прадпрыемствам таксама”.

Кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка сказаў, што экспэрты МВФ пакуль ня бачаць асаблівасьцяў, якія закладзеныя ў беларускую эканамічную палітыку. Гэта прыватызацыя і маніпуляваньне ўласнасьцю. Гэта будуць не рэформы, а новы віток намэнклятурнай адаптацыі краіны.

“Тут будзе залежаць сытуацыя ад таго, як адбудзецца пераразьмеркаваньне ўласнасьці. Калі буйныя беларускія прадпрыемствы нафтаперапрацоўчыя стануць часткай расейскіх буйных кампаніяў, яны атрымаюць неабходную сыравіну.
Л.Заіка: “Калі расейцы будуць захопліваць беларускія прадпрыемствы ва ўласнасьць... тады тэмпы росту будуць”
Цяпер Расея так маніпулявала намі, што норма прыбытку на нафтаперапрацоўцы з 29% апусьцілася да 1%. Беларусь проста абясточылі, пазбавілі сыравіны.

Калі расейцы будуць захопліваць беларускія прадпрыемствы ва ўласнасьць, яны будуць атрымоўваць неабходную колькасьць сыравінных і рэсурсавых фактараў. І тады тэмпы росту будуць. Калі эканоміка будзе заставацца лукашэнкаўскай і намэнклятурнай, то тады тут будзе поўны набор вялай адаптацыі і стадыйны продаж уласнасьці: прадалі — зьелі”.

Ці заўважныя зьмены ў палітыцы прыватызацыі?, 23.08.2007 Стабільнасьць ці магчымы дэфолт: вайна крэдытных рэйтынгаў Беларусі, 22.08.2007 Global Іnsight зьнізіла рэйтынг Беларусі да магчымага дэфолту, 1.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG