Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якімі праблемамі сутыкаюцца сваякі тых, хто зьнік за межамі Беларусі?


Ігар Карней, Менск На пачатку жніўня ў Крыме блізу Гурзуфу зьнік 25-гадовы мянчук Арсень Воўк. Да пошукаў далучыліся сябры Арсеня і ягоны бацька, якія тэрмінова выехалі ў месца, дзе ён адпачываў. Аляксандар Воўк за зьвесткі, якія дапамогуць у пошуках сына, паабяцаў 5 тысяч даляраў. Аднак на інфармацыю, разьмешчаную ў крымскіх СМІ, ніхто не адгукнуўся. Гэта ня першы выпадак, калі беларускіх турыстаў шукаюць ратавальнікі іншых краінаў: месяц таму тыдзень шукалі беларусак, якія заблукалі ў Карэліі. Сёньня, праз два гады пасьля таго, як лявіна накрыла беларускіх турыстаў у Алтаі, знайшлі парэшткі аднаго з загінулых.

Зьніклы ў Гурзуфе Арсень Воўк (на здымку) працуе майстрам на адной зь менскіх станцыяў тэхабслугоўваньня аўтамабіляў. Ён — унук колішняга дэкана філялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Аляксея Ваўка.

Усё ратаваньне — на ўзроўні абвяшчэньня вышуку

Амаль месяц пошукамі займаюцца сваякі й сябры. Як лічыць бацька Арсеня, Аляксандар Воўк, эфэктыўнасьць працы мясцовай міліцыі фактычна нулявая. А ўкраінскія ратавальнікі спынілі пошук яшчэ 17 жніўня:

“Я прыехаў туды праз два дні пасьля таго, як ён зьнік. Але больш-менш актыўныя пошукі пачаліся праз тыдзень. І тое, большая частка мела тэхнічны характар — далі інфармацыю ў міліцэйскай сетцы і абвясьцілі, зь іх словаў, дзяржаўны вышук. Я, што мог, спрабаваў праверыць, і не заўсёды гэта адпавядала таму, што яны казалі. У знаёмага ёсьць сваякі ў Роўне — пачынаем праз Роўна высьвятляць, нічога падобнага ў іх няма.

Ці, прыкладам, апытваюць чалавека: маўляў, у раёне сямі гадзін, калі ён зьнік, яго нібыта бачыў прыбіральшчык пляжу. Знаходжу прыбіральшчыка — так, кажа, бачыў хлопца, была ў яго забінтаваная рука, папрасіў запалак... Нічога ў Арсеня не было забінтавана. Так, бачыў кагосьці падобнага, але гэта ня той чалавек.

Пасьля таго, як яго нібыта бачылі па дарозе на пляж, начальнік гурзуфскага аддзяленьня міліцыі прыцягнуў да справы дайвэраў. Але як шукалі? Плаваюць з турыстамі й спадарожна глядзяць, ёсьць ён ці не”.

Статус беларускіх сьледчых за мяжой ня вызначаны

29 жніўня Ўпраўленьне дазнаньня ГУУС Менгарвыканкаму пачало крымінальную справу паводле факту зьнікненьня на тэрыторыі Ўкраіны грамадзяніна Беларусі.

Аляксандар Воўк спадзяецца, што будзе сфармаваная сьледчая група, якая выедзе на месца, дзе адпачываў, а потым і зьнік хлопец. Аднак праблема ў тым, што на міждзяржаўным узроўні мэханізм легалізацыі сьледчай групы адной краіны на тэрыторыі іншай фактычна не адпрацаваны:

“Я размаўляў са сьледчым Упраўленьня папярэдняга дасьледаваньня Менгарвыканкаму, які вядзе гэтую справу. У прынцыпе, яны гатовыя да працы. Але павінна быць прынятае рашэньне ўладамі, з боку МУС, МЗС. Такая практыка ў іх ёсьць, калі выяжджаюць і расьсьледуюць.

Мне сьледчы сказаў, што ён асабіста выяжджаў на пошук людзей ў Расею. Але, каб атрымаць ва Ўкраіне статус дзеля апэратыўнай працы, неабходныя ўзгадненьні на ўзроўні ўраду. Калі такое рашэньне будзе прынятае, я таксама зь імі туды паеду”.

Ці дапамогуць пошукам грошы?

Праз тыдзень пасьля здарэньня беларускія тэлеканалы паведамілі, што зьніклы ў Крыме беларус знойдзены. На жаль, інфармацыя не пацьвердзілася, і адкуль яна ўвогуле пайшла, застаецца загадкай.

25-ты дзень нараджэньня Арсеня Ваўка (20 жніўня) бацькі сустрэлі без сына.

Аляксандар Воўк паабяцаў 5 тысяч даляраў таму, хто падасьць зьвесткі, якія дапамогуць знайсьці сына.

У канцы ліпеня расейскія ратавальнікі тыдзень шукалі ў карэльскіх лясах трох беларускіх турыстак. Выратаваным быў выстаўлены рахунак за пошук — амаль 60 тысяч даляраў. Сума дагэтуль не аплачаная, паколькі жанчыны заявілі, што такіх грошай у іх няма.

А якраз сёньня прыйшла навіна з Алтаю, дзе ў жніўні 2005 году лявіна накрыла цэлую групу беларускіх альпіністаў на шляху да вяршыні Бялуха. Чатыры чалавекі загінулі, цела аднаго з турыстаў давялося шукаць два гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG