Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што засталося ад беларусаў на Смаленшчыне ды Беласточчыне? Прозьвішчы ды назвы вёсак”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У лістах, якія я выбраў для сёньняшняга агляду пошты, слухачы “Свабоды” расказваюць пра свае штодзённыя справы, абмяркоўваюць перадачы нашага радыё, выказваюць заўвагі, прэтэнзіі, прапановы.

Пачну размову з допісу даўняга сябра “Свабоды” Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, у якім ён паведамляе пра восеньскія вясковыя клопаты — свае і аднавяскоўцаў.

“Вось і восень, пара капаць бульбу. А ў нас і зерне ў нізінах ня ўбранае: затапіла другі раз. Людзі просяць у кіраўнікоў калгасу: “Дайце бульдозэр расчысьціць брод, каб вада сыходзіла ў цэнтральны канал”. Не далі… Бульба ўжо другі раз сплыла — усё з-за броду.

Зерневыя адкіды ў нас цяпер не вывозяць на сьметнік, як раней, а проста “ўтылізуюць” на месцы, далей ад людзкіх вачэй. Кажуць, каб ня трапіць зноў у паведамленьні “Свабоды”.

У нашай вёсцы Асавой яшчэ нядаўна людзі трымалі 150 кароў. Цяпер засталося толькі 20. Усе палі навокал засеяныя, калі і ёсьць трава, дык пасьвіць забараняюць. Насельніцтва ператвараецца з вытворцаў у спажыўцоў харчаваньня.

А як пражыць пэнсіянэру, калі ўсё купляць у краме? Вось, для прыкладу, мне ў жніўні дабавілі 730 рублёў. У траўні дабаўка была 1080 рублёў. Гэта ж сьмеху варта. А на словах — хвальбы поўныя торбы. Мне нават цікава назіраць, як наш вясковы электарат праз гэтыя мізэрныя дабаўкі мяняе стаўленьне да прэзыдэнта. Асабіста я толькі ўсьміхаюся, бо не мяняю меркаваньняў у залежнасьці ад надвор’я, як адзеньне пасьля дажджу”.


Стан беларускай эканомікі такі, што ўжо відавочна: пэнсіі і далей за цэнамі пасьпяваць ня будуць. (Прынамсі, на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў.) Ці непакоіць гэта ўладу?

З аднаго боку, палітычная сыстэма ў Беларусі нібыта гарантуе намэнклятуры стабільнасьць ейных крэслаў: ад вынікаў выбараў, праведзеных пад жорсткім кантролем улады, мала што залежыць. Але рэальныя грамадзкія настроі пры пэўных абставінах могуць істотна паўплываць на ўстойлівасьць рэжыму — незалежна ад таго, якія лічбы будзе агучваць Цэнтравыбаркам.

У Савецкім Саюзе, памятаеце, з вынікамі выбараў у камуністаў ніколі не было праблемаў: меней чым 99 працэнтаў яны сабе не пісалі. Але калі пачаліся катастрафічныя праблемы з эканомікай — ніякія маніпуляцыі зь бюлетэнямі не дапамаглі.

Наш слухач Андрэй Паско зь Берасьця ў новым лісьце на “Свабоду” згадвае сваё школьнае жыцьцё. Успаміны гэтыя ён называе “ня вельмі прыемнымі”. І вось чаму:

“У 5-й клясе аднаклясьнік Гена гуляў з п’яным настаўнікам замежнай мовы ў “бэрыка” (даганялку) падчас уроку.

У 6-й клясе Гена, Сяргей ды іншыя на ўроку геаграфіі бегалі па партах, пускалі папяровыя самалёцікі, а настаўніка геаграфіі ў вочы называлі “Кефірам”.

Тады ж, у 6-й клясе, у верасьні падчас нейкай забаўляльнай імпрэзы на прыродзе некалькі аднаклясьнікаў у намёце напіліся сьпірту і не змаглі самі дайсьці дамоў: давялося іх цягнуць за рукі і ногі.

…З хлопцам, якога звалі Пеця, я вучыўся ў 8-й і 9-й клясах. Яго білі ўсе два гады безь перапынку. Плявалі, выкручвалі рукі, прымушалі, каб даваў сьпісваць. Аднаго разу выкінулі з трэцяга паверху Пецеў ранец на сьнег. На летняй практыцы Пеця пастаянна цягаў дзьве поўныя палівачкі, у той час як некаторыя не цягалі ніводнай.

У 9-й клясе палова хлопцаў паліла, піла і ўжывала “нясвай” (лёгкі наркотык).

Шмат сустракаў я і добрых, таленавітых аднагодкаў, але згадваецца цяпер чамусьці менавіта гэта”.


Пра жорсткія норавы, якія пануюць у многіх школьных калектывах, у Беларусі пішуць мала — хіба толькі тады, калі даходзіць да адкрытага крыміналу і трагічных здарэньняў.

Тым больш цікавыя гэтыя сьведчаньні Андрэя Паско, які зусім нядаўна вучыўся ў школе і захаваў у памяці эпізоды, у праўдзівасьці якіх не даводзіцца сумнявацца, і якія хіба толькі ў выключных выпадках становяцца прадметам грамадзкага абмеркаваньня. Хоць, пакуль настаўнікі, бацькі і дзеці не пачнуць адкрыта казаць пра гэтую праблему — пазбавіцца ад ганебнай зьявы, ад гвалту і прыніжэньня ў школах наўрад ці магчыма.

Аўтар наступнага ліста, Алесь Станкевіч з Горадні, адгукнуўся на нядаўнюю перадачу “Праскі акцэнт”, у якой ішла размова пра беларуска-польскія дачыненьні, пра ацэнку гістарычных падзеяў пачатку і сярэдзіны мінулага стагодзьдзя, калі распалася Расейская імпэрыя, а ў выніку некалькіх войнаў беларускі народ апынуўся разьдзеленым савецка-польскай дзяржаўнай мяжой. Алесь Станкевіч піша:

“Гэты падзел Беларусі, які адбыўся ў выніку Рыскай дамовы, ваш камэнтатар назваў нацыянальнай катастрофай. Дазвольце з гэтым не пагадзіцца. Вядома ж, што Сталін і Пілсудзкі ўмоваў гэтай дамовы не выконвалі. Бальшавікі накіроўвалі ў Заходнюю Беларусь сотні шпіёнаў і дывэрсантаў — агентаў НКВД, якія тут кіравалі КПЗБ.

А вось сапраўднай катастрофай беларускага, польскага ды іншых народаў стала дамова Сталіна з Гітлерам (так званы пакт Молатава — Рыбэнтропа) ад 23 жніўня 1939 году. Сталін даў зялёнае сьвятло для гітлераўскай агрэсіі. Яны разам як саюзьнікі нападам на Польшчу ў 1939 годзе пачалі Другую ўсясьветную вайну. Пра гэты хаўрус Сталіна і Гітлера пуцінскія і лукашэнкаўскія гісторыкі ня любяць успамінаць.

А тое, што Пілсудзкі заняў Заходнюю Беларусь, пазьней прынесла вялікую карысьць, бо выратавала сотні тысяч людзей ад сталінскага тэрору, які лютаваў у БССР.

У Польшчы таксама былі турмы, у тым ліку ў Бярозе Картускай. Але траплялі туды сапраўдныя актывісты КПЗБ і НКВД, якія адкрыта заклікалі да зьвяржэньня ўраду і далучэньня да СССР”.


Давайце, спадар Станкевіч, зьвернемся да той фразы палітоляга Віталя Сіліцкага, якая прагучала ў перадачы “Праскі акцэнт” 22 жніўня і выклікала ваш пратэст. Віталь Сіліцкі сказаў:

“Я б паглядзеў, як бы паставіліся польскія ўлады, калі б хтосьці зь беларускіх парлямэнтароў прыехаў у Гайнаўку на сьвяткаваньне ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з Усходняй. Тая дата, на сьвяткаваньне якой хацелі прыехаць польскія парлямэнтары, зьвязаная з ключавой падзеяй у сучаснай гісторыі Польшчы. Але яна зьвязаная з адной з найвялікшых нацыянальных катастрофаў у гісторыі Беларусі ў ХХ стагодзьдзі”.

На ўроках гісторыі ў савецкіх школах вучылі, што Рыская дамова дала магчымасьць “маладой савецкай дзяржаве” выйсьці з вайны і распачаць “камуністычнае будаўніцтва”. У польскіх школах дзецям даводзяць, што Рыская дамова засьведчыла перамогу ў вайне з бальшавіцкай Расеяй і стала крокам да аднаўленьня Рэчы Паспалітай у тых межах, у якіх яна існавала да падзелаў канца XVIII стагодзьдзя.

А дзе ж беларускі погляд на падзеі? Хіба што на карыкатуры, выдадзенай у 1921 годзе за межамі Беларусі, на якой з аднаго боку — польскі "жолнеж", а з другога — расейскі "краснагвардзеец" рвуць на два кавалкі мапу Беларусі. Надпіс пад карыкатурай: “Далоў ганебны Рыскі падзел!”

Так, спадар Станкевіч, для беларускага народу гэта была ў пэўным сэнсе катастрофа: пасьля кароткай вясны 1918 году і спадзяваньняў на незалежнасьць краіна была падзеленая паміж камуністычнай ленінскай Расеяй і зусім не дэмакратычнай Польшчай маршала Пілсудзкага.

На заканчэньне кароткі ліст, які пакіну без камэнтара.

Нам піша Іван Дзялендзік з Ашмянаў:

“Гэтулькі рознай пошасьці перажылі беларусы — і неяк жа выжылі. Але ці засталіся б мы, каб ня мова? Напэўна, ужо даўно сталі б ці расейцамі, ці палякамі.

Паглядзіце, што засталося ад беларусаў на Смаленшчыне ці на Беласточчыне. Толькі прозьвішчы ды назвы вёсак. Нічога беларускага там расейцы і палякі амаль не пакінулі. Яны дбаюць пра сваю мову і сваю дзяржаву. Таму асыміляцыя ўсіх іншародцаў там вядзецца шпаркімі тэмпамі.

А што ў нас, у Беларусі? Няўжо беларуская ўлада ня бачыць, што вынішчэньне мовы — гэта аслабленьне бясьпекі дзяржавы, а ў выніку — і асабістай бясьпекі ўсіх гэтых самаўпэўненых чыноўнікаў? Ня будзе мовы — ня будзе і беларускай дзяржавы, і гэтых цёплых чыноўніцкіх месцаў. Няўжо мы ня спынімся на мяжы, якая аддзяляе наш народ ад канчатковага зьнікненьня і забыцьця?”


Дзякуй, спадар Дзялендзік, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG