Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мода на “зьнесьці” можа давесьці...


Радыё Свабода, Менск У аўтобусах і мэтро, з тэлеэкранаў і радыёкропак нас папярэджваюць: сьцеражыцеся зладзеяў, будзьце пільныя, не пакідайце без дагляду свае рэчы. Этычна ды юрыдычна крадзеж лічыцца непрымальнай зьявай. Тым ня менш, крадзеж з бараў, рэстарацыяў і гатэляў даўно стаўся звыклай зьявай. Што рухае людзьмі, якія лічаць справай гонару спачатку пад’есьці, а потым нешта з сабой зьнесьці?

Мода на што?

За савецкім часам, каб у кафэтэрыях ня кралі лыжкі, іх прывязвалі да барнай стойкі. Каб папіць кавы з прыстойнага цывільнага кубка, а не плястыкоўкі, трэба было пакінуць грошы ў заклад. Але гэта быў час, калі на паліцах у крамах посуду было пуста і ціха. Цяпер сытуацыя іншая. А крадзеж з бараў, рэстарацыяў ды гатэляў квітнее. Прычына не ў дабрабыце грамадзянаў. Бо на курортах у пяцізоркавых гатэлях таксама крадуць.

Адзін з аматараў прынесьці “сувэнір” дадому, 30-гадовы Раман, аргумэнтуе жаданьне схаваць у заплечнік кубак патрэбай у адчуваньні азарту і адрэналіну. А час ад часу – папросту пачуцьцём прыгожага.

Раман: “Быў на адкрыцьці маскоўскай моднай кавярні. Гарбата была смачная і каштавала вельмі даступна – 20 рублёў, гэта на той час былі дзьве трэці даляра. Але налітая тая гарбата была ў кубкі “Villeroy & Boch” – вельмі дарагога брэнду, у якога такі кубак са сподачкам – сапраўдны, парцалянавы – каштуе баксаў 250. Ну і што? Натуральна, я спакусіўся. Тым больш быў не адзін, зь сябрамі. Карацей, спакусіўся і зьнёс. А ўвечары кубак трагічна разьбіўся”.

Цікава, што наступным днём, калі аматар посуду маркі “Villeroy & Boch” пайшоў па наступны кубак, яго чакала расчараваньне – гарбату налівалі ўжо ў модныя шклянкі – эстэтычна яны Рамана на крадзеж не натхнілі.

“У нас не крадуць... Хіба што лыжкі, відэльцы ды попельніцы...”

У менскіх барах рэдка дзе падаюць стравы і наліваюць напоі ў вельмі дарагі посуд. Але і танныя попельніцы таксама цягнуць. Адміністратар бару “Amore mio” Дар’я апавядае:

“Не, у нас не крадуць. Здараецца, калі па дробязі: лыжка, відэлец, попельніца, сурвэткі...”

На маё пытаньне, што значыць у разуменьні Дар’і “сур’ёзны” крадзеж, яна адказала, што гэта калі скрадуць гаршчок з кветкай, набор для спэцыяў разам са зьмесьцівам... Дзе крадуць, а дзе не, на погляд адміністратара, залежыць ад кантынгенту наведнікаў.

Дар’я: “Наведнікі нармальныя, салідныя. Хадзілі б нейкія найніжэйшага роўню – мусіць, было б цяжка. А так у нас кантынгент даволі высокі, таму гэткага не здараецца”.

Лыжка можа каштаваць паўтара мільёна беларускіх рублёў

“Адміністратарка памыляецца”, – сьведчыць псыхоляг Марцін Кошаль. –Парадокс дробных крадзяжоў у тым, што гэта модна. Маўляў, адзін са сьцёбам зрабіў, другому з гонарам распавёў, той таксама вырашыў паспрабаваць”. То бок, тлумачыць псыхоляг, з аднаго боку гэта – фанабэрства, балаўство і кураж. Эмоцыі, блізкія да тых, што кіруюць падлеткамі. А з другога – той самы “сындром сарокі”, які ёсьць глебай клептаманіі. Расказвае Марцін Кошаль:

“Чалавек не прыходзіць туды з намерам скрасьці. Гэтае жаданьне ўзьнікае потым, калі нешта спадабалася. Як сарока – пабачыла нешта бліскучае – у дзюбу ды панесла. Гэта ў любым выпадку клептаманія. Клептаманія ўзьнікае спантанна”.

Сярод аматараў адрэналіну і азарту распаўсюджаны міт пра беспакаранасьць. Маўляў, калі раптам заўважаць ды зловяць за руку, пагражае ня болей як папярэджаньне – таму што занадта танныя прадметы. Насамрэч, зазначае адвакат Павал Сапелка, адказнасьць у кожным разе ёсьць:

“Не падлягае крымінальнай адказнасьці асоба, якая ўчыніла крадзеж маёмасьці юрыдычнай асобы коштам, ня большым за 10 базавых велічынь. Калі гэта не крымінальная, значыць адміністрацыйная адказнасьць. У гэтым выпадку – штраф ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт да 15 сутак”.

Калі зловяць наступным разам, штраф можа вагацца ад 30 да 50 базавых велічынь, такім чынам, лыжка ці кубак могуць каштаваць “калекцыянэру” каля 750 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG