Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: суд выявіў недакладнасьці ў міліцэйскім пратаколе на апазыцыянэра


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня суд Маскоўскага раёну Берасьця выявіў недакладнасьці ў міліцэйскім пратаколе на сябра руху “За Свабоду” Рамана Кісьляка. Праз гэта судовы працэс спынілі, а недакладны пратакол накіравалі ў райаддзел унутраных справаў Маскоўскага раёну Берасьця.

Сёньня ў суд выклікалі Рамана Кісьляка, Андрэя Шарэнду і Юрку Бакура. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе. Нагадаем, 19 жніўня ў Берасьці адбывалася прэзэнтацыя новай кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. У той дзень міліцыянты затрымалі амаль сорак чалавек.

Паседжаньне адбывалася ў найвялікшай залі будынку суду Маскоўскага раёну Берасьця. Падтрымаць прыцягнутых да суду прыйшлі больш як сорак чалавек.

Сярод іх лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, старшыня камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей, сустаршыня аргкамітэту ў стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Аляксей Шэін.

Судзьдзя тая самая, якая пасадзіла Севярынца на 15 сутак

Пра пачатак суду расказаў Андрэй Шарэнда:

“Першае судовае паседжаньне разглядае справу Рамана Кісьляка. Ён адразу заявіў сьведак — мяне, Юрку Бакура, Паўла Севярынца. Назваў таксама тых, хто мусіць быць выкліканы ад міліцыянтаў, якія затрымлівалі людзей на сустрэчы з Паўлам Севярынцам. Судзьдзя тая самая — Вольга Сьмірнова”.

Больш як тыдзень таму Вольга Сьмірнова асудзіла Паўла Севярынца да 15 сутак арышту.

Міліцыянт сьведчыць, хаця ня ведае, што адбывалася

Але вось што заявіў у перапынку паседжаньня Раман Кісьляк:

“Былі дапытаныя сьведкі, у тым ліку супрацоўнікі міліцыі. У прыватнасьці, міліцыянт Лук. І ён ня ведае, хто яму аддаў загад складаць на мяне пратакол. Ён ня ведае, што гэта быў за сход. Але, тым ня менш, мяне прыцягваюць да адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванага сходу Партыі БНФ”.

“Гэты суд — тэатар гумару і сатыры”

Меркаваньне пра хаду працэсу Аляксандара Мілінкевіча:

“Тэатар гумару й сатыры — так выглядае гэты суд. У залі людзі сьмяюцца кожныя пяць хвілінаў. Таму што абвінавачаньні недарэчныя. Сьмешна выглядае пазыцыя тых міліцыянтаў, якія сьведчаць. Абсалютна відавочна нават самой судзьдзі. Яна апускае вочы і разумее, што ўсё рассыпаецца. І само абвінавачваньне — абсурднае. Людзі ў афіцыйна зарэгістраваным памяшканьні праводзілі сход, а іх забралі”.

Суд над сябрамі апазыцыі Андрэем Шарэндам і Юркам Бакурам перанесьлі на заўтра, на 9 раніцы.

• Суд Маскоўскага раёну Берасьця прысудзіў Паўлу Севярынцу 15 сутак арышту, 22.08.2007 • Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П. Севярынцам, 20.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG