Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адрозьніваецца “айчынная” музыка ад “беларускай”?


Севярын Квяткоўскі, Менск На блог-партале “Жывы журнал” карыстальнік soft_tiger зьмясьціў фатаздымкі --> http://soft-tiger.livejournal.com/38140.html#cutid1 , зробленыя ў адной з музычных крамаў у менскім гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Музычныя стэнды крамы падзеленыя на тры катэгорыі: “айчынныя выканаўцы”, “беларускія выканаўцы” і “замежныя выканаўцы”. Фатаздымак выклікаў віртуальную дыскусію: што ў беларускай краме можа значыць слова “айчынны”, калі “беларускі” стаіць асобна? Каб адказаць на пытаньне, карэспандэнт “Свабоды” выправіўся па менскіх музычных крамах.

Я адшукаў краму і зьвярнуўся да прадавачкі:

“Скажыце, калі ласка, чым адрозьніваюцца “айчынныя”, “беларускія” і “замежныя” выканаўцы?”

Прадавачка: “Цяжкае пытаньне. Лёгікі няма аніякай”.

На тое самае пытаньне спрабуе адказаць наведніца – маладая дзяўчына:

“Павінны быць “айчынныя”, “расейскія” і “замежныя”. Альбо “беларускія” і “замежныя”... Не – расейскія варта выдзеліць. Мы доўга былі ў складзе Расеі”.

Карэспандэнт: “Але ж даўно ня ў складзе...”

Дзяўчына: “Усё роўна, культура ў нас падобная, як ні круці”.

Карэспандэнт: “Адкуль гэтае слова на стэндзе – “айчынныя”?

Дзяўчына: “Савецкі Саюз”.

Карэспандэнт: “Вы памятаеце Савецкі Саюз?”

Дзяўчына: “Не. Насамрэч вельмі па-дурному”.

Побач спадар, які паводле ўзросту добра памятае Савецкі Саюз:

“Глядзіце: “айчынныя”, а побач “беларускія”. Па-мойму, гэта гаворыць само за сябе. Пуста ў галаве ў таго чалавека, які гэта зрабіў”.

Недалёка яшчэ адна музычная крама. Тут тры стэнды, але падпісаныя два зь іх: “замежныя выканаўцы” і “расейскія выканаўцы”. Пасярод непадпісаны стэнд з рознымі выканаўцамі, у тым ліку беларускімі. Пытаюся ў прадаўцоў:

“Зарубежнае” і “расейскае” – чаму два асобныя стэнды? Вы пазыцыянуеце сябе як крама Расейскай Фэдэрацыі?”

Прадавец: “Без камэнтароў. Ня буду адказваць на пытаньне, бо няма жаданьня”.

Практычна ўва ўсіх менскіх музычных крамах расейскія выканаўцы вылучаюцца асобна ад беларускіх і тых, якіх маркіруюць словам “зарубежныя”. На думку аднаго з мэнэджараў па продажы кампакт-дыскаў, беларусы асацыююць сябе з расейскай мас-культурай, таму аддзяленьне расейскіх ад замежных мае маркетынгавае абгрунтаваньне. Што да тых выпадкаў, калі ўладальнікі крамаў адрозьніваюць “айчынную” і “беларускую” музыку, мой суразмоўца мяркуе, што робіцца гэта аўтаматычна, неўсьвядомлена:

“Людзі дагэтуль, відаць, знаходзяцца ў адзінай пасьлясавецкай прасторы, і айчына ў іх дзесьці на ўсход ад Воршы”.

Менск, 28.08.2007. Аддзелы ў музычнай краме

Менск, 28.08.2007. Аддзелы ў музычнай краме

Фатаздымкі: lj user soft_tiger
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG