Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 28 жніўня


Юлія Шарова, Менск Агляд форумаў і блогаў белнэту

На форумах парталу абмяркоўваюць намер ураду падвысіць розьнічныя цэны на хлеб і тавары малочнай групы. Вось што кажуць удзельнікі:

“Добры дзень, інфляцыя!”

“Дзіўна. Набываў дзіцяці марозіва гарадзкога малочнага заводу, 710 рублёў каштавала на мінулым тыдні, 790 учора. Гэта 2 адсоткі?”

“На самым высокім узроўні пра цану на малако, муку, хлеб думаюць. Для кампэнсацыі выдаткаў вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі вырашана ўзьняць закупачныя цэны, для кампэнсацыі выдаткаў перапрацоўчай прамысловасьці вырашана падвысіць цэны на муку, для кампэнсацыі выдаткаў хлебабулачных прадпрыемстваў і малаказаводаў вырашана падвысіць розьнічныя цэны на некаторыя групы харчоў.

Як усё складана, галовы не баляць за ўсіх думаць. Усё павінен рынак рэгуляваць, а калі ня выгадна нейкія сацыяльна значныя сяльгаскультуры вырошчваць з прычыны нізкіх закупачных цэнаў, то кампэнсаваць вытворчасьць толькі гэтых культураў – і толькі сялянам”.

У суполцы “Жывога журналу” абмяркоўваюць чарговае падвышэньне тарыфаў на праезд у менскім транспарце: ад 30 жніўня адзін талёнчык ці жэтон будзе каштаваць 600 рублёў.

“У зьвязку з гэтым я альбо падумаю пра набыцьцё праязнога за 31 570, альбо ўвогуле адмоўлюся ад аплаты там, дзе ня будзе кандуктараў, з мэтай аплаты штрафу...”

“Можа, вы і ня чулі, але, напрыклад, у Кіеве (быў там тыдзень таму), у якім станцыяў мэтро ў паўтара разу болей, праезд удвая таньнейшы. Паўгрыўні – меней за 250 рублёў!”

“Адпаведна падаражэюць маршруткі й таксоўкі”.

Eolonir на сайце блогаў піша пра каляніяльныя комплексы беларусаў. Ён прыводзіць у якасьці прыкладаў, як у асобных музычных крамах паліцы з кружэлкамі дзеляць на “беларускіх”, “айчынных” і “замежных” выканаўцаў. А на сайце Oz.by – найбольшым у Беларусі партале для продажу кніжак – Васіль Быкаў фігуруе ў разьдзеле “Расейская клясычная літаратура”.

“Тое, што беларускае грамадзтва хворае на каляніяльныя комплексы, вядома больш-менш усім, – піша Eolonir. – “Лапку” сваю тут прыклала і БТ, і выхаваньне новых пакаленьняў у духу, што беларусы ніколі нічога не рабілі, акрамя як з “братняю Русьсю”. Але й адсутнасьць інфармацыі грае вельмі вялікую ролю. Калі хто атрымлівае заробак, крыху большы за сярэдні па краіне, ці лічыць, што дзяржава падтрымлівае яго такім ці іншым чынам, ня будзе лезьці не ў сваё, лічачы, што ён (яна) вінныя дзяржаве. Вось, напрыклад, як атрымальнікі прэзыдэнцкіх стыпэндыяў. Наўрад ці шмат хто зь іх будзе задавацца пытаньнем, а ці можа быць больш? Яны проста прымаюць яе як дадзенае. А стыпэндысты, што навучаюцца за мяжой, яшчэ мусяць і падатак на сваю стыпэндыю сплачваць: маўляў, яна вышэйшыя за нацыянальныя стыпэндыі. Вось і атрымліваецца, што няма сэнсу беларускія стыпэндыі падвышаць”.

На форуме сайту абмяркоўваюць моўнае пытаньне: ці павінна быць беларуская мова адзінай дзяржаўнай і ці трэба яе захоўваць?

“Я супраць прызнаньня яе як адзінай дзяржаўнай. І ўвогуле, хоць я й беларус, я не хачу размаўляць па-беларуску, бо прызвычаіўся па-расейску. І каб не казалі, што я ня ўмею, дык скажу, што вучыўся я ў беларускамоўнай школе”.

“Будзе непрыемна, калі нашыя ўнукі ўжо ня будуць ведаць зусім, што некалі мы мелі родную мову! Бо этнічная каштоўнасьць народу на 90 адсоткаў заключаецца менавіта ў мове!”

“Вядома ж, кідацца перакладаць усе падручнікі на беларускую мову няслушна – гэта можа выклікаць адваротную рэакцыю, аж да гідоты. А вось памяняць, напрыклад, усе шыльды на беларускія – гэта было б няблага. Альбо напісаць іх на дзьвюх мовах – расейскай і беларускай. Як у Бэльгіі, дзе ўсе шыльды на дзьвюх мовах. Гэта раўнапраўе”.

“Сябры мае! Калі вы выступаеце за адраджэньне беларускай мовы, то пачніце зь сябе. Пачніце ёй карыстацца і ўбачыце, што ўжо многія ў Беларусі размаўляюць на роднай мове. Гэта самы просты спосаб і самы эфэктыўны, паверце мне”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG