Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У Нясьвіжы маладафронтаўцаў судзяць за графіці</B>


Любоў Лунёва, Менск У нясьвіскім судзе сёньня разглядалі адміністрацыйныя справы актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Насты Азаркі, Алеся Жукава і Арцёма Дубскага. Іх затрымалі ноччу 25 жніўня за палітычныя графіці й абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Судзьдзя нясьвіскага суду спадар Гвозд разгледзеў адміністрацыйныя пратаколы на рэгіянальнага актывіста “Маладога фронту” з Асіповічаў Арцёма Дубскага, а таксама на нясьвісцаў Насту Азарку і Алеся Жукава.

Нагадаем: у ноч на 25 жніўня міліцыянты затрымалі чатырох актывістаў “Маладога фронту”, сярод якіх была непаўналетняя Наста Палажанка. Іх адвезьлі ў міліцыю і там трымалі ўсю ноч.

Міліцыянты адабралі ў маладафронтаўцаў мабільныя тэлефоны і адмовіліся пазваніць адвакатам і бацькам затрыманых. Пратаколы склалі толькі а 10-й раніцы, абвінаваціўшы ўсіх у дробным хуліганстве.

Наста Палажанка апавяла “Свабодзе”, што ўпершыню бачыла такую трактоўку адміністрацыйнага артыкулу:

“Надпіс “Беларусь — гэта сьвятое” зьяўляўся чымсьці нецэнзурным. Нам напісалі ў пратаколах, што гэта ёсьць абразай грамадзтва”.

Алесь Жукаў паведаміў “Свабодзе”, што падчас затрыманьня міліцыянты яго зьбівалі:

“Мяне пхнулі нагой паміж ног, але, дзякуй богу, у мяне там была сумка. Міліцыянты мяне вельмі груба і нецэнзурна аблаялі. Спачатку нас пасадзілі ў камэру, у якой ужо знаходзілася дзевяць чалавек. Разам нас атрымалася адзінаццаць. Не было чым дыхаць. Арцёму нават забалела галава, бо ў камэры ўсе палілі, а ён ня паліць. Потым нас перавялі ў іншую камэру. Мы з Арцёмам абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць нашага затрыманьня”.

Насту Азарку 4 верасьня будуць судзіць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Дзяўчыне пагражае зьняволеньне да двух гадоў. Але яна вырашыла паўдзельнічаць у акцыі разам са сваімі паплечнікамі:

“Ня ведаю, які там будзе прысуд, але я, напрыклад, буду згодная з усялякім. Я вырашыла, што лепей дзейнічаць, чым сядзець склаўшы рукі й чакаць суду. Таму што ад такога чаканьня можна папросту страціць галаву”.

Арцём Дубскі прыехаў з Асіповічаў у Нясьвіж, каб падтрымаць Насту Азарку. Ён упэўнены, што справу супраць іх спыняць, бо правапарушэньня не было:

“Мы папросту вырашылі прыехаць і падтрымаць Насту Азарку, якой цяпер вельмі цяжка напярэдадні суду”.

Судзьдзя разгледзеў усе адміністрацыйныя пратаколы і паведаміў, што прысуд Алесю Жукаву, Насьце Азарцы і Арцёму Дубскаму зачытаюць а 6-й вечара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG