Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Расея марыць вярнуць у Беларусь ядзерную зброю?</B>


Алесь Дашчынскі, Менск У інтэрвію "Інтэрфаксу" пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што не выключае разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх аб’ектаў, якія “маюць дачыненьне да ядзернай зброі”. Як на гэта рэагуюць беларускія ўлады?

Расейкі пасол заявіў, што не адкідае магчымага разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх аб’ектаў, якія “маюць дачыненьне да ядзернай зброі”, у адказ на ўстаноўку амэрыканскіх проціракет у Эўропе. Ён заявіў, што гэта залежыць ад узроўню расейска-беларускай палітычнай інтэграцыі. А таксама ад меркаваньняў экспэртаў, дыпляматаў, вайскоўцаў.

"Ні пра якую рэальнасьць насамрэч гаворкі не ідзе. Гаворка ідзе пра магчымасьць"

Прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі Аляксандар Фралоў патлумачыў, што меў на ўвазе Аляксандар Сурыкаў. Ці хоча Расея вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь?

“Ён проста адказаў у такім пляне верагоднасьці — што, у прынцыпе, магчымае разьмяшчэньне нейкіх новых аб’ектаў. Асабліва ў сьвятле пэрспэктываў разьмяшчэньня ва Ўсходняй Эўропе амэрыканскіх проціракет. Тады экспэрты дзьвюх краінаў, магчыма, абмяркуюць пытаньне адэкватнага адказу нейкага. Магчыма”.
А.Фралоў: “Ён проста адказаў у такім пляне верагоднасьці — што, у прынцыпе, магчымае разьмяшчэньне нейкіх новых аб’ектаў”.
Ці ідуць нейкія перамовы з афіцыйным Менскам пра вяртаньне ядзернай зброі? Аляксандар Фралоў сказаў:

“Не, ніякіх перамоваў не вядзецца. Ён проста сказаў як магчымае, у выпадку неабходнасьці, што так магчыма, у прынцыпе. Калі экспэрты, у тым ліку вайсковыя, дыпляматы і іншыя знойдуць гэта магчымым. Ні пра якую рэальнасьць насамрэч гаворкі не ідзе. Гаворка ідзе пра магчымасьць у выпадку неабходнасьці”.

Беларускі МЗС: "Жыцьцё пакажа, ці будзе такое абмеркаваньне”

Прадстаўніца беларускага Міністэрства замежных справаў Марыя Ваньшына заявіла:

“У нас высокая ступень інтэграцыі ў розных сфэрах з Расеяй. І ў вайсковай у тым ліку. На тэрыторыі Беларусі ёсьць расейскія вайсковыя аб’екты. Што да пытаньня разьмяшчэньня аб’ектаў, якія маюць дачыненьне да ядзернай зброі, то гэтае пытаньне пакуль не абмяркоўвалася. Жыцьцё пакажа, ці будзе такое абмеркаваньне”.

Карэспандэнт: “Значыць, вы таксама заяўляеце, што такое магчыма?”

Ваньшына: “Не, вы гэта ў Сурыкава спытайце. Я кажу, што гэтае пытаньне не абмяркоўвалася”.

Пасьля распаду савецкай імпэрыі Беларусь першая вывела ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі. Беларусь ратыфікавала Дамову аб скарачэньні й абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў. Яна падпісала Лісабонскі пратакол, паводле якога абавязалася далучыцца да Дамовы аб скарачэньні й абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў, а таксама ліквідаваць усе стратэгічныя ўзбраеньні на сваёй тэрыторыі.

У 1993 годзе Рэспубліка Беларусь далучылася да Дамовы аб непашырэньні ядзернай зброі як няядзерная дзяржава.

У лістападзе 1996 году Беларусь вывела ўсю стратэгічную ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі. Згодна з Канстытуцыяй Беларусь – нэўтральная сувэрэнная краіна.


Расейскі амбасадар: У Беларусі могуць зьявіцца аб''екты, якія маюць дачыненьне да ядзернай зброі 27.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG