Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Сіліверст спыніў галадоўку


Радыё Свабода, Гомель Сёньня ліквідатар-чарнобылец Васіль Сіліверст з Калінкавічаў прыехаў у Гомель у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны, каб зрабіць заяву аб спыненьні галадоўкі.

На мінулым тыдні спадар Сіліверст праходзіў дасьледаваньне ў цэнтры. Ён прасіў высьветліць, ці абумоўленыя ягоныя захворваньні й інваліднасьць узьдзеяньнем радыяцыі.

Кансыліюм цэнтру заявіў, што ня можа кваліфікаваць ягоныя захворваньні й інваліднасьць як наступствы Чарнобылю без дадатковых даведак з вайсковай часьці, дзе Сіліверст служыў у 1988 годзе. У адказ Васіль Сіліверст абвясьціў галадоўку.

Але больш за ўсё абурыў чарнобыльскага ліквідатара пункт 4 пісьмовай рэкамэндацыі кансыліюму: “У сувязі зь неаднаразовымі дэманстрацыйна-шантажнымі паводзінамі, трохразовай галадоўкай у мінулым і пагрозай абвяшчэньня галадоўкі пасьля заканчэньня кансыліюму — прайсьці абсьледаваньне ва ўмовах Гомельскай абласной клінічнай псыхіятрычнай бальніцы для комплекснай ацэнкі псыха-эмацыйнага стану”.

“Калі я закончыў службу ў Чарнобылі, камандзір часьці №98312 аб’явіў мне падзяку за мужнасьць і высокія маральна-псыхалягічныя якасьці. А цяпер навукова-мэдычны кансыліюм накіроўвае мяне ў псыхіятрычную бальніцу, каб я там праверыў стан свайго здароўя. Я пытаюся ў дактароў: “Ці зьвязаныя мае захворваньні з узьдзеяньнем радыяцыі”? А яны мне адказваюць: “Ідзі ў псыхіятрычную бальніцу”, — заявіў Васіль Сіліверст.

Ён таксама паведаміў СМІ, што многія зь ягоных таварышаў — напрыклад, Аляксей Бондар і Георгі Райко з Мазыра — памерлі.

Абласны міжведамасны экспэртны савет даваў сваякам памерлых заключэньне: “Захворваньні, якія прывялі да сьмерці, зьвязаныя з працаю дзеля ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”.

З прычыны пагаршэньня стану здароя Васіль Сіліверст аб’явіў, што зь сёньняшняга дня спыняе галадоўку.

“Сёньня я спыніў галадоўку, бо адчуў моцны боль у сэрцы, у мяне падняўся ціск. Але спыненьне галадоўкі не азначае, што я спыню барацьбу за свае правы, за прызнаньне маіх захворваньняў ды інваліднасьці з працай у Чарнобылі.

Я думаю, што мой голас, можа, пачуе і кіраўнік Беларусі ды нарэшце зьверне ўвагу на здароўе й праблемы чарнобыльскіх ліквідатараў”, — сказаў “Свабодзе” спадар Сіліверст.

Як пацярпелы ад чарнобыльскай катастрофы Васіль Сіліверст разам зь іншымі ліквідатарамі плянуе зьвярнуцца ў Міжнародны суд правоў чалавека.

Ліквідатар-чарнобылец В.Сіліверст працягвае галадоўку, 24.08.2007 Чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст абвясьціў галадоўку, 23.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG