Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Пасьля сьмерці кветак мне ня трэба, а пры жыцьці вярніце тое, што зарабіў”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 27 жніўня, пнядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24

Ларыса, Менск: “Апошнім часам усё забараняецца з боку ўлады, нават спэктаклі ў прыватным доме. А я лічу, гэта вельмі добра, калі зьбіраюцца аднадумцы, якім цікава глядзець спэктаклі, а потым дзяліцца сваімі ўражаньнямі. Што тут крамольнага? А гэтым разам прысутнічалі замежнікі, і неяк не прыгожа было чуць, што яны таксама патрапілі ў міліцэйскі пастарунак. Праўда, са слоў гледача, міліцыянты паводзілі сябе вельмі карэктна. Гэта сьведчыць пра тое, што наша міліцыя выконвае загад высокапастаўленых асобаў. Чаго яны баяцца? Мне не зразумець”.

Пэнсіянэр, Гарадзенская вобласьць: “Зь вялікім задавальненьнем дазнаўся пра вылучэньне Станіслава Шушкевіча на Нобэлеўскую прэмію. Спадзяюся, што зацьвярджэньне ягонай кандыдатуры стане сьвятам для беларусаў. Станіслаў Станіслававіч, віншую вас”.

Спадарыня: “Пра прадпрымальнікаў ужо невыносна слухаць. Чаму яны ня могуць прачытаць, што там напісана на стэндах, якая інфармацыя? Ну, значыць, такая ў іх адукацыя. Значыць, яны нават 8 клясаў так закончылі, што ня ведаюць ні расейскай, ні беларускай моваў. Чаму абітурыент, які паступае ў любое ВНУ, напрыклад, вывучае замежныя мовы, на сумоўі павінен размаўляць па-ангельску і валодаць гэтай моваю, як сваёю, чаму ён павінен гэта ведаць? Значыць, трэба іх адпраўляць у аграгарадкі, каб яны працавалі там, дзе яны павінны быць, і не псавалі астатнім людзям здароўя. Гэта проста самыя сапраўдныя спэкулянты. Яны, ня маючы ні адукацыі, ні належнага выхаваньня, толькі псуюць пакупнікам здароўе і хочуць мець найболей грошай. Проста невыносна слухаць гэтую лухту па вашым радыё”.

Слухач: “Што думаюць царкоўныя дзеячы ды простыя вернікі розных канфэсіяў наконт этычнасьці выказваньняў у рэлігійным храме “глаўнага” ў Рэспубліцы? Той на сьвяты Калядаў і Вялікадня замест духоўнасьці распавядаў парафіянам пра палітычныя і эканамічныя тэмы. Ён што, паблытаў Амбон з трыбунаю? Альбо тая царква, дзе выступаў, далучана да дзяржавы сакрэтным дэкрэтам? А можа, ён намесьнік Бога на Беларусі? І другое, нядаўна былі папярэджаны шэраг палітычных партыяў, а дзе можна пачуць і пабачыць партыю лібэралаў? Нешта пра іх няма нічога, нават у дзяржаўных СМІ. Дзе іхныя дзеяньні ў рэгіёнах? А хто там кіруе? Калі іхні кіраўнік – дэпутат, значыць яны патрэбны сыстэме ўлады, напрыклад, у час любых выбараў. Таму і ніякіх праблемаў зь Міністэрствам юстыцыі ніколі ня будзе”.

Спадар: “Сёньня ў перадачы па НТВ паведамілі, што кіраўнік Вэнэсуэлы, выступаючы ў сябе на мітынгу сказаў, што Фідэль Кастра жывы і будзе вечна жыць у памяці беднага народу. Няўжо народ Кубы стаў заможна жыць? Раней яго жыцьцёвы ўзровень быў вельмі нізкі. З улікам таго, што кіраўнік Вэнэсуэлы зьяўляецца сябрам Аляксандра Рыгоравіча, хацелася б ведаць праўду пра жыцьцёвы ўзровень народу Кубы”.

Тацяна Барыль, Асіповічы: “Ведаю Арцёма Дубскага як сур’ёзнага маладога чалавека, у каторага рамантычная душа, у каторага жыцьцёвы прынцып: “Каго любіш? Люблю Беларусь!” Трымайся, Арцём, мы з табой!”

Спадарыня: “Сумна і сьмешна слухаць Ігара Паснова зь Віцебску, які рассыпаецца ў падзяках і паклонах харошым і спачувальным чыноўнікам. Мне, нажаль, не пашанцавала, як яму. Я, каб прымусіць суд Маскоўскага раёну горада Менску выканаць ягонае ж уласнае рашэньне аб ўтрыманьні элемэнтаў на непаўнагадовага сына з бацькі хлопчыка, вымушаная была зьвяртацца ў Вярхоўны суд. Мой сын ужо вырас, але алімэнтаў ён так і не дачакаўся, а бацька хлопчыка за гэта не пакараны”.

Спадар: “Слухаю ўспаміны пра Караткевіча. Памятаю нейкі час назад адзін з сяброў тапіў у сваіх успамінах памяць пра Караткевіча, расказваючы пра тое, як ён насіў бутэлькі Караткевічу. Ну, любіў чалавек выпіць, але ж сябры, каторыя засталіся цяпер жыць, у сваіх успамінах зноў топяць Караткевіча, зьневажаюць. Ну, бывае чалавек п’е – маўчыце і не распавядайце пра гэта”.

Слухач: “Хачу падзяліцца такім меркаваньнем: гэта проста наш абавязак падтрымаць тое, што Лех Валэнса вылучыў Станіслава Станіслававіча Шушкевіча ў нобэлеўскія ляўрэаты. Гэта ў найноўшай гісторыі чалавек, які зрабіў столькі для бясьпекі ня толькі Эўропы, зьвёзшы адсюль ядзерную, сьмяротную небясьпеку, гэта яшчэ для сьвету прыклад барацьбы за мір. Разваліў монстра Савецкі Саюз, якія не маглі трымаць ужо абцугі КДБ. Усё гэта складалася рукамі Станіслава Станіслававіча Шушкевіча. Давайце разгорнем кампанію ягонае падтрымкі, тлумачэньня ягоных заслуг у найноўшай гісторыі”.

Спадар: “Калі я слухаў пра гісторыкаў, пра напісаньне падручнікаў, дык падумаў, чаму згадваючы нашу гісторыю пра нашу дзяржаву, як яна стваралася, зусім забыліся згадаць Міколу Ермаловіча? Ён столькі зрабіў, і я лічу яго чалавекам сьвятым. І прапаную яго ўлучыць у сьпіс сьвятых”.

Спадар: “Некалі вы задавалі пытаньне: ад каго ці ад чаго залежыць паляпшэньне Вашага дабрабыту? Дык вось адказваю: паляпшэньне майго дабрабыту залежыць ад міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Патупчыка Ўладзімера Мікалаевіча. Згодна з канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (артыкул 10, артыкул 47) запрацаваную пэнсію я магу атрымліваць, а згодна Закону аб пэнсійным забесьпячэньні – не. Спадар Патупчык учапіўся за Закон ды забыўся пра Канстытуцыю, а там ёсьць вельмі цікавы артыкул 7. Пасьля сьмерці кветак мне ня трэба, а пры жыцьці вярніце тое, што зарабіў. І яшчэ. Хачу выказаць удзячнасьць спадару Івашкевічу за ягоную актыўную грамадзянскую дзейнасьць. Каб жа ўсе апазыцыянэры былі такімі актыўнымі! Івашкевіч ёсьць Івашкевіч”.

Спадар: “Пра Паўла Севярынца. Усе судовыя загады нішчаць моладзь, як праказу, каб пры кратах панаваў русыфікатар. Філязофія Паўла дэмакратычнага хрысьціянства разбурае філязофію клясыкаў сталінізму, таму яе баяцца. І гэта -- галоўнае дасягненьне ягонай працы. Жадаю яму волі. І праз 15 сутак яго будуць сустракаць як філёзафа з касьмічнай філязофіяй. Ён патрэбен беларускай гісторыі і беларускай сучаснасьці. І яшчэ. Глянуў на кнігу для дзяцей “Гісторыя Бібліі”. Вядома, што Біблія стала клясычнай кнігай для ўсіх. Такую кніжку трэба даваць па пяць хвілін дзецям, якія пойдуць у школу. Так трэба выкладаць і гісторыю Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG