Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 18.08.2007 – 24.08.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Такі прыгожы, такі спакойны. Я нават не ўяўляла, што ён можа такім быць. Адна справа размова праз шкло, і зусім іншая – спатканьне. Сядзіш побач зь ім, за яго трымаесься... Чыталі з бацькам Біблію, бацька кажа адно, ён яму іншае. Кажу, Славачка, ты ўжо маўчы, бо сын за цябе разумнейшы”.

Вольга Дашкевіч, маці лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, пакаранага 1.5 гадамі турмы – пра наведваньне разам з мужам сына ў Шклоўскай калёніі.

“Вось ужо трэці месяц, як я знаходжуся, так бы мовіць, на волі пасьля “хіміі” ў Малым Сітне. Мяне ўражвае, што рэжым тут робіцца зусім падобным, а часам нават больш жорсткім, чым на той самай сітнаўскай “хіміі”. Сустрэча на прэзэнтацыі і абмеркаваньні кнігі – гэта абсалютна мірны сход, які праходзіў у афіцыйна зарэгістраваным памяшканьні сядзібы абласной філіі партыі БНФ. І навошта міліцыянтам было крычаць: “Тут у вас бандыцкая сходка! Усім рукі за галаву!”, хапаць дзяўчат і хлопцаў, выводзіць іх на тэлевізійную камэру, трымаць па 5–7 гадзін у пастарунку!? У маёй практыцы – гэта ўпершыню”.

Павал Севярынц, палітык, былі палітвязень – пра затрыманьне ў Берасьці 28-мі удзельнікаў прэзэнтацыі ягонай кнігі “Лісты зь лесу”.

“Калі мяне апошні раз затрымлівалі, то сяджу ў міліцэйскай аўтамашыне, а двухгадовае дзіцё цягне за палец: “Тата, хадзем дахаты!”. Той, хто мяне ахоўвае, кажа яму: “Я яго не адпушчу. Бо калі адпушчу, гэта будзе здрадай радзіме”.

Уладзімер Вялічкін, берасьцейскі праваабаронца – пра дзеяньні берасьцейскай міліцыі.

“Спэкуляцыі на тэмы мовы – гэта таксама праца супраць Украіны. Мне сёньня хочацца спытаць: куды падзелася ірляндзкая мова? Куды падзелася беларуская мова? Куды падзеліся дзясяткі моваў, дзяржавы якіх пайшлі па той формуле, якую нам сёньня сёй-той навязвае? Я перакананы, што гэта не палітыка Ўкраіны, а спэкуляцыі, на якіх хтосьці яшчэ можа зарабляць палітычныя дывідэнды. Я выступаю супраць гэтага”.

Віктар Юшчанка , прэзыдэнт Украіны – пра імкненьне Партыі Рэгіёнаў надаць расейскай мове статус другой дзяржаўнай.

“Думаю, вельмі важна, каб іранскі народ зразумеў, што супраць Ірану галасуе Паўдзённая Афрыка. І Інданэзія. І Індыя. І Бразылія. У падтрымку Ірану выступаюць толькі чатыры краіны – ”банда чатырох”. Яго падтрымлівае Сырыя, яго падтрымлівае Беларусь, яго падтрымліваюць Вэнэсуэла і Куба. І гэта ўсё. Ніхто больш не падтрымае Іран ні ў МАГАТЭ, ні ў ААН, ні на якім іншым форуме. І гэта надзвычай важна”.

Ніклаз Бэрнз, намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША – падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтонскім бюро “Радыё Свабода/Свабодная Эўропа”, прысьвечанай палітыцы Злучаных Штатаў у дачыненьні да Ірану ў сьвятле дыскусій аб іранскай ядзернай праграме.

“Я б паглядзеў, як бы паставіліся польскія ўлады, калі б хтосьці зь беларускіх парлямэнтароў прыехаў бы ў Гайнаўку на сьвяткаваньне ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з Ўсходняй”.

Віталь Сіліцкі, кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў – у перадачы “Праскі акцэнт”, прысьвечанай забароне на ўезд у Беларусь групе польскіх палітыкаў, якія былі запрошаныя на нефармальнае сьвяткаваньне Дня Войска Польскага, гадавіны перамогі Польшчы на Савецкай Расеяй у 1920 годзе.

“Мяркуючы па гэтых дзеяньнях ўладаў, найвялікшая пагроза ўладам сыходзіць ад тэатру. Вырашана зь ім разабрацца, і тады, падазраю, усе праблемы краіны будуць вырашаныя”.

Мікалай Халезін, рэжысэр «Свабоднага тэатру» – пра спыненьне менскімі амонаўцамі спэктаклю “Свабоднага тэатру” “Адзінаццаць кашуль”, які праходзіў у прыватным доме ў Сельгаспасёлку ў Менску.

"Толькі цяпер мы размаўлялі зь міліцыянтамі, яны перапісваюць прозьвішчы ўсіх прысутных, у тым ліку і прадстаўнікоў чэскай амбасады, яны вельмі зьдзіўленыя, што ў іх правяраюць дакумэнты. Прадстаўнік чэскай амбасады сказаў міліцыянтам, што такое адбывалася ў іх у 1970–1980-х гг. у часе камуністычнай дыктатуры, калі паліцыя перашкаджала прыватным мерапрыемствам, такім як вясельлі і г.д.”

Натальля Каляда, дырэктар "Свабоднага тэатру" – пра спыненьне амонаўцамі спэктаклю “Адзінаццаць кашуль” і затрыманьне актораў і гледачоў.

“Як быў атрыманы званок ад суседзяў пра нейкі шум, міліцыя мусіла дзейнічаць. Але ўсё рабілася паводле закону. А калі нехта лічыць, што ягоныя правы парушылі, дык ёсьць пракуратура, куды магчыма паскардзіцца”.

Аляксандар Ластоўскі, прадстаўнік прэсавай службы менскай міліцыі – пра спыненьне амонаўцамі спэктаклю “Адзінаццаць кашуль” і затрыманьне актораў і гледачоў.

”Гэта трагічная фігура. Калі б у яго цяпер хапіла мужнасьці сысьці, ён бы застаўся ў гісторыі, і перакананая, што меркаваньні пра яго падзяліліся б. Але я думаю, што гэтага не адбудзецца. Аднак ягоны час скончыўся”.

Сьвятлана Алексіевіч – пра Аляксандра Лукашэнку падчас онлайну на сайце “Свабоды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG