Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Халезін: “Улады хочуць, каб мы зьехалі з краіны”


Валер Каліноўскі, Прага Госьць “Начной Свабоды” – кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін.

Каліноўскі: “Мікалай, прэм’ера вашага новага спэктаклю ўсё-ткі адбылася, міліцыя зьехала дзьве гадзіны таму... А ці ведае Мік Джагер пра вашу ўчорашнюю начную прыгоду?”

Халезін: “Ведае, і ня толькі ён. Яму мы даслалі СМС проста з пастарунку, таксама як і Вацлаву Гавэлу і Тому Стопарду, нашым патронам... Том пазваніў тры-чатыры разы цягам ночы і шкадаваў, што ён не прыехаў – ён павінен быў быць тут, але так склалася наша авіяцыйная сытуацыя, што ён ня змог прыляцець на адзін дзень – у яго зараз вельмі шмат працы, а пяцю днямі ён ня мог ахвяраваць... Учора ён званіў і казаў: я павінен быў прыляцець…”

“Кіравалі міліцыянтамі-рэгіяналамі тыя ж самыя два супрацоўнікі КДБ, што і ўчора”

Каліноўскі: “У інтэрвію агенцтву "БелаПАН" ён заявіў, што быў “вельмі ўстрывожаны, калі позна ўначы атрымаў ад Мікалая Халезіна паведамленьне пра арышт актораў і гледачоў..." Ён не камэнтаваў дзеяньні беларускіх уладаў, бо знаходзіцца далёка і не зусім разумее сытуацыю. Мікалай, а вы сам разумееце сытуацыю, якая склалася вакол вашага тэатру?”

Халезін: “Калі б мы разумелі, разумеў бы і Том, мы не змаглі яму нічога нават растлумачыць, бо гэта нейкі такі жах... Гэта настолькі нелягічна, што мы паміж сабой нават пра гэта не размаўляем – нават у Савецкім саюзе, калі дысыдэнцкі рух быў ня вельмі моцны, але праходзілі і кватэрныя выставы, і кватэрныя спэктаклі, і пра гэта ведалі спэцслужбы, але яны не перашкаджалі. Гэта было вельмі небясьпечна, гэта ўздымала нейкія іншыя, непалітычныя сілы”.

Каліноўскі: “Калі ўчора вам перашкодзілі выступаць, можна было падумаць – нейкая прыкрая памылка начальнікаў КДБ... Але сёньня зноў прыехалі – гэта ўжо нейкая сыстэма?”

Халезін: “Кіравалі міліцыянтамі-рэгіяналамі тыя ж самыя два супрацоўнікі КДБ, якія кіравалі гэтым іхным "праектам" учора... Больш таго, нашаму францускаму сябру Джэрому тэлефанавалі з францускай амбасады і сказалі: мы ведаем, што ўвесь аўтобус будзе арыштаваны – можа, вам туды ня трэба ехаць? Мы, ведаючы, што ёсьць прынамсі 1 адсотак такой верагоднасьці, ня хочам падстаўляць пад прэс нашых сяброў...”

Каліноўскі: “Адзін з удзельнікаў форуму "Нашай нівы" напісаў, што гэта “Норд-ост” па-беларуску... Ёсьць нейкае падабенства, па-вашаму?”

Халезін: “Сапраўды, было такое адчуваньне, што гэта "Норд-ост", і не аднаму яму прыйшла гэтая думка... Бо калі Крысьціян Бэнэдэці сказаў "Прыемнага вам прагляду" і сеў у залі, празь невялічкую паўзу ў 10 сэкунд на сцэну выйшаў крэпкі, з паголенай галавой чалавек і сказаў: "Так. Что тут происходит?" Гэта выглядала як пачатак спэктаклю, але многія тут жа зразумелі, што ўсё зусім ня так. У яго было другое пытаньне, якога я не зразумеў: "Почему пол чёрный?" Ня ведаю, які ён мусіць быць – можа, яны прынялі нас за сатаністаў?”

“Мы застаемся беларускім “Свабодным тэатрам” і не плянуем ніякіх ад''ездаў”

Каліноўскі: “Калі паглядзець на вашую біяграфію, то выглядае так, што ўсё, што вы пачыналі, разбураў Лукашэнка. Можа, ён хоча разбурыць і гэтую вашую ініцыятыву?”

Халезін: “Вядома ж. Але мне падаецца, што зараз улады хочуць не таго, каб гэта ўсё зруйнавалася, а каб мы ўжо зьехалі з краіны. У мяне такі нестандартны погляд на гэтую сытуацыю. Бо калі мы за мяжой, калі мы там выступаем – усё спакойна. Як толькі мы прыяжджаем у Менск і хочам дайсьці да нашага гледача – усё, як быццам нэўтронная бомба выбухае, толькі тая, што не людзей забівае, а памяшканьні, дзе можна выступаць, бары, клюбы...

Два клюбы былі пазбаўлены ліцэнзій з-за нашых выступаў там. Усе акторы звольнены з дзяржаўных тэатраў. Рэжысэр Уладзімер Шчэрбань, які працаваў у Купалаўскім тэатры, быў звольнены, а ўсе спэктаклі, якія ішлі, былі зьнятыя з рэпэртуару. Навошта гэта было рабіць?..”

Каліноўскі: “Дык ці дачакаюцца яны таго, што выціснуць вас зь Беларусі?”

Халезін: “Не дачакаюцца. Але, па-першае, калі мы нават працуем за мяжой, у нас цяпер шмат замежных праектаў, мы заўсёды застаемся беларускім “Свабодным тэатрам”. Мы не плянуем ніякіх ад''ездаў.

Я проста ведаю, што наша ўлада не чытае кніжкі. Гэта асноўная бяда. Яны ня ведаюць, што такія прыклады былі ў той час, калі ўлада ішла да бездані. Вось гэтыя ўсе перагібы, – барацьба з мастакамі, тэатраламі, – усё было прадвесьцем скону рэжыму. Прадстаўнікі ўлады і КДБ, наколькі я ведаю, ня ходзяць у тэатар, нават кіраўнік краіны быў у тэатры за ўвесь час, за 13 гадоў, адзін раз”.

АПЫТАНЬНЕ: якія тэатры вы наведваеце?



Каліноўскі: “У апытаньні згадалі ваш тэатар, але таксама адзін чалавек сказаў, што ўвогуле тэатар як мастацтва прыйшоў у тупік. Вы пагаджаецеся?”

Халезін: “Пагаджаюся. Але гэта доўгая размова, чаму ён туды прыйшоў і што зараз адбываецца з усясьветным тэатрам. На жаль, беларускі тэатар нават ня ведае, куды прыйшоў сучасны ўсясьветны тэатар. Гэта розныя становішчы. Ніводны беларускі тэатар не выяжджае ні на адзін прэстыжны фэстываль, беларускага тэатру не існуе ў тэатральным усясьветным кантэксьце. Таму гэта наша праблема, наша бяда, і цяпер, калі пайшлі беларускія драматургі і іх сталі разглядаць як эўрапейскіх, сучасных драматургаў, калі пачалі выдаваць іх п''есы ў Эўропе – гэта быў той выбух, які даў нам нейкую надзею на тое, што сытуацыю можа зьмяніцца”.

“АМАПу – АМАПава, а тэатру – тэатральнае”

Каліноўскі: “Ваша сёньняшняя прэм''ера, відаць – найбольш гучная падзея ў беларускім тэатральным жыцьці за апошні час. "11 кашуль" Эдварда Бонда – пра што гэтая п''еса? Можа, яна якая крамольная з гледзішча беларускіх уладаў?”

Халезін: “Парадокс сытуацыі ў тым, што сам Эдвард Бонд забараніў іграць спэктаклі па гэтай п’есе ў вялікіх тэатрах, і сказаў, што гэтая п''еса павінна даходзіць да моладзі там, дзе моладзь існуе – у клюбах, актавых залях, барах, дзе заўгодна... Гэтая п''еса адрасаваная маладым людзям, якія патрапляюць пад уплыў гвалту, калі гвалт на іх ідзе з боку настаўнікаў, сваіх жа сяброў, мілітарысцкай машыны...”

Каліноўскі: “Дык яна ўсё-ткі актуальная ў нашых умовах?”

Халезін: “Безумоўна, мы і не займаемся неактуальным мастацтвам, гэта тое, што патрэбна цяпер моладзі. У нас няма такога, каб было вольнае месца ў тэатры...”

Каліноўскі: “Якія вашыя творчыя пляны, ці будзеце вы ладзіць свае спэктаклі з аглядкай на АМАП?”

Халезін: “Мы будзем іх ладзіць без аглядкі на АМАП, таму што АМАПу – АМАПава, а тэатру – тэатральнае. У нас будзе вельмі цяжкая восень – гастролі ў шмат якіх краінах, фэстывалі, сустрэчы і г.д. Галоўнае адбудзецца ў красавіку наступнага году, калі мы паедзем у Салёнікі ў Грэцыю, каб атрымаць там эўрапейскі тэатральны "Оскар" – "Прэмію Эўропы", на цырымонію ўручэньня якой зьяжджаецца ўсясьветны тэатральны бамонд...”

Каліноўскі: “Але будуць пастаноўкі і ў Беларусі?”

Халезін: “Безумоўна. Мы працуем перадусім для беларускага гледача, а ўжо потым – для эўрапейскага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG