Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала “Вясну”


Алесь Дашчынскі, Менск Мін’юст адмовіў у дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”. Нагадаем, адпаведныя дакумэнты група праваабаронцаў накіравала 23 ліпеня.

Мін’юст заявіў, што статут аб’яднаньня не адпавядае патрабаваньням закона аб грамадзкіх аб’яднаньнях. Уладам не спадабалася назва “Вясна”, якую меў раней ліквідаваны Вярхоўным судом праваабарончы цэнтар.

У адмове мін’юсту напісана, што “статут аб’яднаньня ўтрымлівае неканкрэтныя мэты і мае на ўвазе магчымасьць гэтага аб’яднаньня дзейнічаць для дасягненьня іншых, не ўказаных у статуце мэтаў”.

Паводле мі’нюсту, у сьпісе заснавальнікаў асобныя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці, а таксама ўстаноўлены іншыя парушэньні дзейнага заканадаўства.

Таксама мін’юст зважае на тое, што 20 з 69-ці заснавальнікаў аб’яднаньня прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за розныя правапарушэньні, прычым асобныя зь іх – па 5 разоў.

У сувязі з гэтым, заяўляе мін’юст, Грамадзкаму праваабарончаму аб’яднаньню “Вясна” адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, правабаронца Алесь Бяляцкі заявіў:

“Беларускія ўлады не гатовы да шчырага дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю і зь беларускімі праваабаронцамі. Ёсьць табу на пэўныя арганізацыі, на пэўныя накірункі дзейнасьці, у тым ліку на праваабарончы. За апошнія гадоў 7-8 ніводнай праваабарончай арганізацыі не было зарэгістравана. Па любых прычынах у рэгістрацыі адмаўлялі. Гэтая палітыка вузкалобых чыноўнікаў – недальнабачная і прывядзе да шырокіх нэгатыўных наступстваў для разьвіцьця нашай краіны”.

Алесь Бяляцкі заявіў, што і без рэгістрацыі праваабаронцы працягнуць сваю дзейнасьць. А сытуацыя нагадвае савецкія часы:

“Мне гэта вельмі нагадвае сытуацыю 1970-80-х гадоў у Савецкім саюзе, калі ўсе праваабарончыя групоўкі, аб’днаньні дзейнічалі ў такім незарэгістраваным стане. А ўлады ў Савецкім саюзе таксама рабілі выгляд, што ў нас усё нармальна з правамі чалавека і ніякіх праблем не існуе”.

Заснавальнікі Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” абскардзяць рашэньне мінюста ў Вярхоўным судзе, а потым накіруюць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Дарэчы гэты Камітэт ААН нядаўна прызнаў, што праваабарончы цэнтар “Вясна” быў незаконна ліквідаваны беларускімі ўладамі ў 2003 годзе.

Ці зарэгіструюць “Вясну”?, 23.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG