Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клопат пра ўласныя косьці можа засьцерагчы ад дыябэту


Сяргей Абламейка, Прага Навукоўцы Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку дасягнулі значнага посьпеху ў разуменьні прычынаў атлусьценьня і дыябэту. Разгадка была знойдзена ў незвычайным месцы – у нашых касьцях. Аказваецца, косьці чалавека адказныя за рэгуляваньне ўзроўню цукру ў крыві. Гэтае адкрыцьцё мае важнае значэньне ў барацьбе з дыябэтам і яго лячэньні.

У сваім артыкуле ў часопісе “Cell” кіраўнік калектыву мэдыкаў Калюмбійскага ўнівэрсытэту доктар Джэрард Карсэнці паведамляе, што косныя клеткі выдзяляюць гармон пад назвай остэакальцын, які рэгулюе ўзровень цукру ў крыві. Доктар Карсэнці піша, што яго каманда нарэшце на малекулярным узроўні знайшла пацьверджаньне таго, што лекары назіралі на працягу многіх стагодзьдзяў – сувязь паміж старэньнем, больш слабымі касьцямі і павелічэньнем вагі:

“Калі вам пераваліць за 50, вы абавязкова набераце вагу нават пры тым, што вы актыўна з гэтым змагаецеся і ясьце менш, чым тады, калі вам было 15-20 гадоў. Гэта адбываецца тады, калі маса касьцей зьмяншаецца і выдзяленьне остэакальцыну падае”.

Доктар Карсэці піша, што ня кожны, хто мае лішнюю вагу, захварэе на дыябэт. Але прыблізна 90 працэнтаў выпадкаў дыябэту другога тыпу (або набытага дыябэту) зьвязаныя з празьмернай вагой. Экспэрымэнты ў Калюмбійскім унівэрсытэце паказалі, што высокі ўзровень остэакальцыну ў крыві мышэй ня даў ім захварэць на дыябэт і набраць лішнюю вагу пры спажываньні вельмі тлустай ежы. На думку доктара Карсэнці, адпаведнае лячэньне для людзей можа быць знойдзена вельмі хутка:

“Гэта павінна пайсьці вельмі хутка, таму што остэакальцын – гэта гармон з нашага ўласнага цела. Таму таксычнасьць будзе абмежаваная”.

Неўзабаве заплянаваныя выпрабаваньні на малпах, а затым і на людзях. Але навукоўцы ўважаюць, што людзі могуць зрабіць шмат для здароўя касьцей ужо цяпер. Гэта, найперш, – аэробіка і фізычныя практыкаваньні. А таксама – адпаведная дыета, бо моцныя косьці вымагаюць шмат кальцыю і вітаміну D. Гэтых рэчываў вельмі шмат у малочных прадуктах, найперш малацэ і сыры, а таксама соевым тварагу (тофу), пасьце зь зярнятаў сэзаму (тахіні), сардынах ды іншых марскіх прадуктах.

Дыябэт імкліва пашыраецца ва ўсіх краінах. У 2000 годзе хворых на дыябэт у сьвеце было 171 мільён, а ў 2030 годзе будзе ўжо 366 мільёнаў. Найбольшы рост выпадкаў гэтай хваробы чакаецца ў краінах трэцяга сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG