Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці падчас суду над Севярынцам паказалі відэастужку


Радыё Свабода На судовым разглядзе справы Паўла Севярынца, які прайшоў у другой палове дня 21 жніўня, суду была паказана відэастужка з падпалкоўнікам Сьцяпанавым, намесьнікам начальніка Маскоўскага РАУС Брэста, у галоўнай ролі.

Дзея адбываецца пад дзьвярыма арандаванага офісу Партыі БНФ. Яны зачыненыя, і падпалкоўнік Сьцяпанаў крычыць адміністратарцы, каб тая дала ключы. “Няма ключоў”, адказвае напалоханая кабета. Сьцяпанаў пад пагрозай заўтра ж звольніць з працы патрабуе, каб тая гучна назвала сваё імя і пасаду і загадала адчыніць дзьверы. Жанчына нэрвуецца. Сьцяпанаў сам крычыць, каб адкрылі дзьверы. З-за дзьвярэй пытаюцца, хто там. У адказ гучыць “Дзед Піхто”.

Потым па мабільніку тэлефануюць гаспадару, пытаюць, ламаць дзьверы ці не. Сьцяпанаў пытаецца ў кабеты: “Что там у вас происходит?” і адразу ва ўвесь голас крычыць “Воровская сходка там, вот что у вас происходит!” Тут ён называе сябе, патрабуе адчыніць дзьверы і пагражае прымяніць зброю, калі праз хвіліну яны ня будуць адчыненыя. Пачынае весьці паскораны адлік часу. Шчоўкае замок. Сьцяпанаў урываецца ў памяшканьне, загадвае ўсім закласьці рукі за галаву і заставацца на месцах, пагражае пакласьці на падлогу.

Міліцыянт, што дэманстраваў стужку, шматкроць парываўся перапыніць паказ відэа, але шматлікія прысутныя патрабавалі паказаць да канца. Судзьдзя Вольга Сьмірнова не пярэчыла.

Такім чынам, на думку назіральнікаў, рассыпаецца асноўная вэрсія міліцыі пра апэратыўную інфармацыю аб “злодзеях у бары” . Калі б у памяшканьні сапраўды была сходка злодзеяў, міліцыянты ня сталі б па тэлефоне прасіць дазвол на ўзлом дзьвярэй. Па-другое, кіраўнік апэрацыі ў такім выпадку наўрад ці кінуўся б першым у пройму.

Характар апэратыўнай інфармацыі становіцца зразумелы з маналёгу спадара Сьцяпанава ў актавай залі Маскоўскага РАУС. Там ён распавядаў дзясяткам затрыманым юнакам і дзяўчатам, што любая дзяржава павінная мець карныя органы.

Увечары 21 жніўня судзьдзя Вольга Сьмірнова аб’явіла перапынак. Ёю выкліканыя яшчэ сьведкі з боку міліцыі.

Таксама яна адхіліла хадайніцтва адваката Алесіка аб зьмяненьні меры ўтрыманьня Паўла Севярынца на падпіску аб нявыезьдзе з абавязацельствам зьявіцца на працяг разгляду сёньня а 10-й гадзіне.

• Берасьце: Паўла Севярынца абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе, 20.08.2007 • Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П. Севярынцам, 20.08.2007 • Берасьце: затрымана каля 40 прыхільнікаў хрысьціянскіх дэмакратаў, 19.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG