Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жыровіцкім манастыры цяпер жыве 700 чалавек


Міхал Карневіч, Жыровічы Наш карэспандэнт Міхал Карневіч днямі наведаў славуты праваслаўны манастыр у Жыровічах, частаваўся хлебам, які пякуць манахі, слухаў малебен і акунуўся тры разы ў рацэ Ярданцы. Увесь гэты час яго суправаджаў брат Мікалай, у сьвецкім жыцьці – беларускі паэт Алег Бембель, які мае псэўданім Зьніч.

Да Жыровічаў дабраўся а палове на дзявятую, таму малебен захапіў толькі на паўгадзінкі. Асабліва ўразіў хор – такія сьпевы можна слухаць хоць цэлы дзень.

Брат Мікалай запрасіў у трапезную. Звычайная сталоўка, толькі сталы ссунутыя, быццам для нейкай урачыстасьці. Сёньня яшчэ пост: на сьняданак – бульбяная каша (нічым не запраўленая, з памідорамі), гарбатка з варэньнем.

Жыровіцкі манастыр, брат Мікалай (Зьніч, Алег Бембель)

Хлеб вельмі спадабаўся. Яго пякуць у манастыры і ніколі не кладуць аніякіх штучных дадаткаў.

А зараз мы ў будынку кляштара. ХVІІІ стагодзьдзе, таўшчыня сьценаў – 1,5 мэтры. Праўда, пасьля рэстаўрацыі ўсё зроблена пад эўрарамонт. Аўдыторыі нагадваюць звычайныя студэнцкія.

Жыровіцкі манастыр

Карэспандэнт: “Тут толькі вучацца ці таксама жывуць?”

Брат Мікалай: “На чацьвертым паверху жывуць тыя, хто ў акадэміі духоўнай вучыцца, а сэмінарысты ў асобным будынку недалёка ад манастыра”.

Па стромкай лесьвіцы выходзім на вуліцу. Жыровіцкі манастыр быў закладзены ў 1493 годзе. Брат Мікалай распавядае, што асабліва цяжкія часы давялося перажыць за бальшавікамі, калі была зачынена сэмінарыя й заставалася толькі некалькі старых манахаў:

Брат Мікалай: “Адабралі ўсе землі, засталіся толькі храмы й сьцежка, якая вяла ў дом, дзе жылі сэмінарысты”.

Мы стаім на вуліцы сярод храмаў, брат Мікалай распавядае, што зараз тут вучыцца каля 200 сэмінарыстаў, і 50 чалавек пішуць акадэмічныя працы па тэалёгіі. А наагул у манастыры каля 700 чалавек.

Мой гід узгадвае, як пастушкі знайшлі на дрэўцы цудатворную іконку, і на гэтым месцы памешчыкам Солтанам быў збудаваны храм. А зараз тут цэлы комплекс храмаў.

Жыровіцкі манастыр, Сьвята-Ўсьпенскі сабор

Брат Мікалай: “Вось гэта самы вялікі Сьвята-Ўсьпенскі сабор, побач меншы – Нікольскі храм, Яўленскі, там, дзе Багародзіца зьявілася, і на самай высокай горачцы – Крыжа-Ўзьдзьвіжанскі. Яшчэ адзін драўляны ёсьць на могілках зь сямісотага году. Вельмі рэдкі храм”.

У двары кляштара шмат экскурсантаў. Брат Мікалай кажа, што яны прыяжджаюць ня толькі з Беларусі, але з Эўропы, Амэрыкі, нават Аўстраліі. Экскурсіі ім праводзяць сэмінарысты на замежных мовах.

А далей інак Мікалай запрашае паехаць на месца, дзе некалі быў палац пана Солтана, побач зь якім – рака Ярданка, якая бярэ пачатак са сьвятых крынічак.

Жыровіцкі манастыр, брат Мікалай (Зьніч, Алег Бембель), рэчка Ярданка

Брат Мікалай: “Цяпер мы на ручаіне імклівай і чыстай, якая завецца Ярданка. Тут крыху глыбей калена, але чыстае донца, пясочак, каменьчыкі. У гэтым месцы паломнікі звычайна вельмі любяць акунацца. Калі ў сіле брат Міхал, можам і мы акунуцца...”

І мы сапраўды акунуліся, тры разы, як належыць. Дзень пасьля гэтага мінуў больш, чым прыемна.

А на разьвітаньне брат Мікалай сказаў:

Брат Мікалай: “Прыяжджайце, браты й сёстры. Тут вы набудзеце вялікую сілу й дапамогу ў цяжкіх вашых жыцьцёвых абставінах”.

Вершы жыровіцкага манаха Мікалая (у сьвецкім жыцьці – Алега Бембеля), які піша пад псэўданім Зьніч, прагучаць на хвалях "Начной Свабоды" на наступным тыдні ў начной чытанцы.
XS
SM
MD
LG