Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заробку не дадаюць, а кошты растуць вельмі хораша”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 20 жніўня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня: “Баліць мая душа глядзець на тое, што адбылося ў сераду. Павінен быў прыехаць Чаравецкі Сяргей Віктаравіч з Дзяржкантролю. Сабралі людзей, напісалі ў раённую газэту. Людзі былі ўсе ўсхваляваныя, а ён сам не зьявіўся. Пасадзілі і зноў нашага “кулака” прымаць. Навошта ж пісаць, нашто падманваць народ і зьбіраць іх? Людзі былі вельмі незадаволеныя. Атрымліваецца, што нават Гарадзенскія ўлады стараюцца падмануць народ. Калі скончыцца падман? Аляксандр Лукашэнка гаворыць, маўляў, усё для народа, усё для людзей, але гэта няпраўда. Вось зараз жнівень месяц на вуліцы, а кошты памідораў на кірмашы 1 800. Калі запытацца, чаму такі кошт? Усё адказваюць – гэта кошт ад Лукашэнкі. Гэта ж жнівень – людзі закупляюць усё на зіму. Людзей проста падманваюць. Пэнсіі не дадаюць, заробку не дадаюць, а кошты растуць вельмі хораша. Баліць мая душа яшчэ і за тое, што не так прыбраныя палі – лебяда сядзіць. Сядзяць бур’яны. І на гэта ўсё “кулак” глядзіць спакойна. Чаму не замяніць старшыню райвыканкаму? Паставіць чалавека, каторы мог бы трымаць сапраўды парадак, чысьціню. А тут усё глушыцца і душыцца. Ды яшчэ і ў дэпутаты пайшоў. А што ён зрабіў для народу ў дэпутатах? Нічога”.

Спадар: “Зьвяртаюся да кіраўніцтва Радыё Свабода і да кіраўніка Аляксандра Лукашука. Спадары, вы варочаеце мільёнамі, каторыя вам выдаткоўвае Кангрэс ЗША, зьбярыце хоць адзін мільён і падарыце якому-небудзь Дзіцячаму дому. Дзеткі вам будуць да канца жыцьця ўдзячныя. Я думаю, што ўсё ж вы зьбярэце яго і падорыце дзецям. І таксама спадзяюся, што маё тэлефанаваньне паслухаеце”.

Іван Нелукашоў: “Адказваю на пытаньне тыдня: Беларусь адназначна зьяўляецца стабільнай краінай у пляне стабільнасьці жабрацтва, стабільна нізкіх заробкаў і пэнсіяў. Стабільнасьці палітычных рэпрэсіяў, стабільнасьці страху людзей, якія маюць сваю думку, адрозную ад афіцыйнай, стабільнасьці страху згубіць працу альбо быць аштрафаваным на касьмічныя сумы. Стабільнасьці беспакаранасьці сілавых структураў. Стабільнасьці бяздарнай недальнабачнай палітыкі, што праводзіць кіраўніцтва. Стабільнасьці “Лініі Сталіна” альбо новых палацаў. Стабільнасьці знаходзіцца ў ліку праблемных краінаў-ізгояў”.

Слухач: “Па тэлебачаньні сказалі, што ваенны пэнсіянэр, падпалкоўнік, будзе сыходзіць на пэнсію ў 50 гадоў. А я прапрацаваў 24 гады зваршчыкам – па падвалах, на вышыні, зь кіслотамі. Я стаў сьляпы, а ён будзе атрымліваць у 10 разоў больш. Хіба гэта справядліва? А тое, што яны нас абараняюць – дык мы іх кармілі і кормім. Яны абаранялі і абараняюць толькі самі сябе”.

Жыхар Браславу: “У Браславе ў сярэдзіне верасьня адбудзецца “Экалягічны форум”. Мясцовыя ўлады, Нацыянальны парк рыхтуюцца да яго. На гэтае мерапрыемства выдаткаваныя немалыя сродкі. Але куды яны пойдуць? І ўжо ідуць. Магутная тэхніка руйнуе берагі азёраў Дрывяты, Бярэжа. Высякаюцца дрэвы й кусты. Зьдзіраецца берагавая расьліннасьць. Гэта ўсё ў Нацыянальным парку. А калі грамадзянін на беразе возера паставіць машыну, высеча дрэўца альбо выкапае ямку, яго прыцягнуць да адказнасьці. А штрафы непасільныя. Дзе Зянон Ломаць? Яму і зноў пара ў Браслаў – кандыдаты на пакараньне ёсьць. “Зялёныя” таксама маўчаць. Будучы форум трэба назваць “Глядзіце, як ня трэба душыць навакольле”.

Міхаіл Валочка: “Паважаная радыёстанцыя, сёньня я пачуў перадачу пра коласаўскі ліцэй. Зноў ён зьявіўся. А я задаваў вам пытаньне: чаму 13 вучняў выключылі зь ліцэю перад новым годам і выкінулі іх на вуліцу? Сёньня зноў спатрэбіліся гэткія ж ахвяры, якіх ён вучыць на задворках, каб атрымліваць фундатарскія грошы. І вы іх падтрымліваеце. Я лічу, што ганьба вам умешвацца ў чорную справу – атрымліваць грошы і дзяліць іх між сабою”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Уводзіць цэнзуру ў інтэрнэце нельга, бо злачынства ня тое, што паказана, а тое, што зроблена. Лепей, калі людзі будуць ведаць, у якім сьвеце яны жывуць і ня будуць выходзіць з дому без нажа ў кішэні ці без пісталета, у каго ёсьць. Хаваць галаву ў пясок, каб ня бачыць, што тыя фашысты маюць і нажы і пісталеты, неразумна”.

Слухач: “Наконт стварэньня Саюзнай дзяржавы: я мяркую, што будзе праведзена апэрацыя “пераемнік”, і бліжэйшым часам мы дазнаемся некаторыя падрабязнасьці. Найхутчэй, расейскае кіраўніцтва будзе хіліцца да таго, каб падпісаць канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы. Гэта і будзе апэрацыя “пераемнік”. Бліжэйшым часам, можа нават у гэтым годзе, паколькі беларускія ўлады хочуць атрымаць крэдыт, будзе праведзены рэфэрэндум саюзнай дзяржавы. Калі будзе падпісаны Канстытуцыйны акт, то, магчыма, нешта і будзе. Але ня трэба займацца фантазіямі, а трэба пачакаць вынікаў. Ад нас тут нічога не залежыць. Усё залежыць ад таго, што будзе прынята ў Крамлі. Маё меркаваньне: калі Канстытуцыйны акт будзе падпісаны, то адразу ж будуць і крэдыты, і іншыя атрыбуты, і кошты зьнізяцца на газ і на нафту. Калі ж ён нЯ будзе падпісаны, дык пачнецца больш моцны ціск. Таксама бліжэйшым часам, магчыма, будзе сустрэча вышэйшага савету прэм’ер-міністраў, можа, нават на ўзроўні прэзыдэнтаў будуць пытаньні вырашацца. Найхутчэй, расейскі прэзыдэнт запросіць нашага прэзыдэнта на сустрэчу, але праходзіць сустрэча будзе за закрытымі дзьвярыма. Але ёсьць яшчэ і кастрычнік. Па-першае, яны дамовіліся, што толькі ў кастрычніку расейскі ўрад будзе разглядаць пытаньне выдаткаваньня крэдытаў. У кастрычніку зноў будуць весьціся перамовы, і зноў нічога не атрымаецца, калі толькі нашае кіраўніцтва ня дасьць згоды ўвесьці расейскі рубель. Будуць яшчэ ісьці перамовы. Мяркую, што адмова ад прывязкі да расейскага рубля на сёньня – гэта рэклямны крок, каб Расея зразумела, што з боку Беларусі ідуць канкрэтныя дзеяньні. Пачнецца абясцэньваньне беларускага рубля адносна валюты. Курсы будуць скакаць. І ў выніку прэзыдэнт выступіць і скажа, што мы ня можам без Расеі, і нам трэба нешта рабіць. Адпаведна – падпісваць канстытуцыйны акт і згаджацца на ўмовы Расеі ў стварэньні саюзнай дзяржавы. У кастрычніку мы пра ўсё гэта дазнаемся. Трэба чакаць.Час пакажа. Расейскі урад выношвае плян. Які плян, – мы дазнаемся ў кастрычніку”.

Слухач: “Не разумею, навошта Свабода перакладае выступы з расейскай, усім зразумелай мовы, на беларускую? Відаць, Свабода хоча каб усё насельніцтва краіны думала і размаўляла па-беларуску. А што будзе з тымі, хто ніколі ў жыцьці, напрыклад, на сабаку ня скажа “ён”? Чаму пра лёс расейскамоўных ва ўмовах адраджэньня Свабода маўчыць?”

Спадар: “Спадарства, калі вы гаворыце на ўсю Эўропу, што ў вас “свабодны мікрафон” і можна выказацца, дык не скажайце тэкст і не заціскайце тэлефанаваньні. Інакш давядзецца вам абрэзаць тэлефон. Гэта вам першае папярэджаньне, улічыце”.

Спадарыня: “Да пытаньня стабільнасьці. Сёньня мы маем стабільную духоўную і фізычную дэградацыю асноўнай масы нашага насельніцтва, незалежна ад таго, з’еў нехта на раніцу посную бульбіну ці кавалак добрага мяса”.

Спадарыня: “Быў вольны час, і два разы праслухала Голубева ўчора на Свабодзе. Ягоныя адказы – гэта інтэлігентнае, прыхаванае апраўданьне Лукашэнкі. Выснова для слухачоў – жыві спакойненька, прыстасоўвайся, чакай. На “Эўрапейскі марш” можна пайсьці толькі ў тым выпадку, калі ў ім возьмуць удзел кіраўнікі і, наогул, бліжэйшыя 12 год нічога значна ня зьменіцца на Беларусі. А загаворым мы толькі тады па-беларуску, калі загаворыць спадар Лукашэнка, ну, можа, і загаворыць пасьля няўдалых для ягоных прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. А апазыцыі ў нас няма. Толькі дзе зьніклыя ад гэтага рэжыму? Ёсьць у нас, канечне, сялянская абшчына ў выглядзе калгасаў і аграгарадкоў. Вельмі актуальная тэма дысэртацыі Голубева – толькі вось 16 -18 стагодзьдзі. Але чаму з гэтай абшчыны беларускі селянін бег і ішоў на хутары, а сялянская абшчына ў Расеі кланялася за Царя-бацюшку? Канечне, гісторыкам лепей бачна. А на “Эўрапейскі марш” сапраўдны ня пойдуць. Проста ў Лябедзькі і Вячоркі няма іншага выйсьця. Даруйце за пэсымізм. Самае страшнае, што робіць рэжым Лукашэнкі, – гэта маральнае спустошваньне людзей. Упартае скалечваньне моладзі, і робіцца гэта ўсімі магчымымі і немагчымымі сродкамі. Паважаная Свабода, можа тэлефануючы вам пра вынішчэньне мовы, пра зьдзекі зь беларускасьці, мы тым самым даем рэкляму Лукашэнку перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі? Рэжым вельмі гнутка стаў да ўсяго прыстасоўвацца. А пятая калёна? Голубеў сказаў бы: спакойна, абы не пралілася кроў. Гэта так, але спакою у нас няма, толькі зьнешне спакой”.

Спадар: “Паважаныя сябры, зараз надышоў такі момант, калі мы і нашы родныя жывем у такой сытуацыі, што ня можам болей цярпець. Мы хочам, каб нашы дзеці, нашы ўнукі і праўнукі жылі ў свабоднай краіне. Сёньня мы жывем у краіне, якая пад генацыдам, калі ў краіне зьдзекуюцца з народу, калі ў краіне зьнішчаецца беларуская мова і культура. Я хацеў бы перадаць нашым суродзічам, беларускаму народу – “Жыве Беларусь!”

Генадзь, Віцебск: “Пытаньне да Алега Трусава: калі ў нас дзьвюхмоўе, дык чаму на мабільных тэлефонах няма беларускай мовы? І што для гэтага робіць ТБМ?”

Слухач, Гомель: “Расея адзначыла сямідзесяцігодзе бальшавіцкага сталінскага тэрору над народам у 1937 годзе. Як і калі мяркуюць адзначыць гэтую страшную дату нашы дэмакраты? Улада, як і ў Расеі, ніяк не згадае пра гэтую жудасную падзею, а пра яе павінна помніць яшчэ не адно пакаленьне”.

Спадарыня: “Не так даўно мне патрапілася цудоўная кніжка, якая называецца “Пляц Волі” пад аўтарствам старшыні Саюза Пісьменьнікаў Пашкевіча. Я да гэтага ня ведала, што ёсьць двое Курапатаў. Першыя Курапаты былі ў 1918 годзе. Я прапаную, каб Радыё Свабода наладзіла зь пісьменьнікам гутарку, бо многія людзі ня ведаюць і не чыталі гэтае кнігі”.

Спадар: “Спадар, Лукашук. Калі вы мне адкажаце на званок пра тое, што Свабода не камэнтуе падзеі ў Польшчы. І другое, цікава даведацца ці дапаможа Свабода Дзіцячаму дому?”

Спадар: “Я ўжо некалькі гадоў слухаю эканамістаў, якіх вы запрашаеце. Яны ўсё, як адзін, гавораць пра крах эканомікі нашай краіны. Але нічога з гэтага не здараецца. Гэта значыць, што вы запрашаеце людзей, якія ў эканоміцы нічога не разумеюць, а спэцыяльна напружваюць абстаноўку, каб стварыць хаос у краіне. Я б хацеў, каб вы запрасілі эканаміста, каторы б аб’ектыўна ацаніў сытуацыю ў краіне, а не апазыцыянэра”.

Спадар: “Слухаю нараканьні на выдавецтвы, што малыя наклады літаратуры. Варта тым людзям наведацца ў фонды і бібліятэкі і паглядзець, колькі там людзей. Там пустыя залі. А яшчэ раіў бы наведаць прыёмныя пункты макулятуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG