Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці “сумяшчальныя” Беларусь і Ліга чэмпіёнаў?


Ігар Карней, Менск Ці можна чакаць сэнсацыі ад БАТЭ? Чаго не хапае беларускім камандам, каб зрабіць самы важны крок да эўрапейскай Лігі чэмпіёнаў?

За крок ад групавой стадыі самага прэстыжнага з эўрапейскіх футбольных турніраў – Лігі чэмпіёнаў – стаіць барысаўская каманда БАТЭ. Напярэдадні на стадыёне ў Барысаве адбыўся першы матч трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і румынскай “Сьцяўай”. У дададзеныя да асноўнага часу гульні хвіліны беларусы зраўнавалі лік (2:2), тым самым падвысіўшы тэарэтычныя шанцы на станоўчы зыход двухматчавага процістаяньня з румынскай камандай (матч у адказ пройдзе ў Бухарэсьце 29 жніўня).

Ніколі яшчэ беларускія каманды так не набліжаліся да эліты эўрапейскага футболу. У выпадку перамогі 29 жніўня ў гасьцявым матчы на полі бухарэсцкай “Сьцяўы” БАТЭ пачне эўрасэзон (пакуль гіпатэтычна) разам з такімі футбольнымі грандамі, як гішпанскі “Рэал”, італьянскі “Мілян”, брытанскі “Манчэстэр Юнайтэд”.

Ліга чэмпіёнаў: маральнае + матэрыяльнае задавальненьне

Дзеля справядлівасьці, маральнае задавальненьне ў гэтым выпадку наўпрост адрэзануе і на матэрыяльным баку – за выхад у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў каманда атрымае ад УЭФА значныя прэміяльныя. Зрэшты, нават у выпадку паразы БАТЭ “канец сьвету” не наступіць: каманда працягне выступ у асноўным раундзе Кубка УЭФА.

Учорашні матч на канале “Лад” камэнтаваў Уладзімер Навіцкі. Ці ўбачыў ён прагрэс у гульні барысаўскай каманды, якая ўпершыню трапіла ў трэці раўнд кваліфікацыі да Лігі чэмпіёнаў? Ці ёсьць пэрспэктывы ўвогуле ў беларускага футболу?

“Думаю, наўрад ці які спэцыяліст у галіне футболу зможа цяпер адказаць: ці гэта сьведчаньне таго, што наогул наш футбол паляпшаецца, уздымаецца яго ўзровень, ці гэта нейкі выпадковы момант? І ўсё ж, на мой погляд, у гэтым выпадку на 100 % заслуга менавіта кіраўніцтва БАТЭ – гэта сьведчаньне таго, што наш чэмпіён здолеў падысьці да такіх адказных сустрэч у добрым стане.

Гэта сьведчыць, што Ігар Крывушэнка, таленавіты малады трэнэр, здолеў перш-наперш у сэнсе псыхалёгіі знайсьці правільныя шляхі, адпаведныя ноткі, каб нібыта па нейкім камэртоне наладзіць каманду. Ня будзем сьпяшацца зь нейкімі сур’ёзнымі, грунтоўнымі высновамі. Але тое, што БАТЭ прадэманстраваў куды больш якасны футбол у кваліфікацыйных матчах Лігі чэмпіёнаў, больш якасны, чым мы бачым у выкананьні іншых клюбаў унутранага чэмпіянату, гэта, на мой погляд, факт бясспрэчны”.

Ці прабівальны румынскі бастыён?

На пасьляматчавай прэс-канфэрэнцыі галоўны трэнэр БАТЭ Ігар Крывушэнка выказаў незадаволенасьць канчатковым вынікам матчу, бо, паводле спэцыяліста, “румыны не паказалі нічога звышнатуральнага”. Тым ня меней настаўнік барысаўцаў ня лічыць, што трэці раўнд кваліфікацыі для БАТЭ – гэта столь і на адказны матч настройваецца надзвычай сур’ёзна.

А вось апанэнт Крыўшэнкі, галоўны трэнэр “Сьцяўы” Георге Хаджы хоць і адзначыў камандны дух беларусаў, аднак перакананы, што ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў паводле вынікаў дзьвюх сустрэчаў выйдзе менавіта яго каманда. “Мы не павінны страціць такога шанцу”, – заявіў ён у інтэрвію румынскім журналістам (беларускіх журналістаў Хаджы папросту праігнараваў).

Для Барысава БАТЭ даўно стаў знакавай зьявай. Многія гараджане лічаць, што па-сапраўднаму ганарыцца ў Барысаве няма чым, і футбалісты годна кампэнсуюць недахоп славы. Праўда, прадпрымальнік Юры, заўзятар зь вялікім стажам, досыць цьвяроза ацэньвае шанцы землякоў на шляху да Лігі чэмпіёнаў:

“Што ёсьць, дык ёсьць! Тут фанаты ў гэтым сэнсе, вядома, падтрымліваюць каманду. Дый гулялі нядрэнна. Трохі падвёў брамнік: два галы прапусьцілі са стандартных палажэньняў, і ўва ўсіх стандартах ён няправільна выстаўляў “сьценку”. То бок маглі нават і выйграць. Але ўся рэч у тым, што маладыя яшчэ. Каб было болей досьведу, мяркую, “выдралі” б перамогу ў “Сьцяўы”. А ў Бухарэсьце, па вялікім рахунку, яны “згараць”. То бок калі б гульня, зноў жа, была на нейкім напаўнэўтральным полі, можна было б на нешта спадзявацца. Але на выезьдзе яны проста перагараць, хутчэй за ўсё. Прагноз, на жаль, пэсымістычны”.

Ці пакажа Штанге, дзе брама?

На пачатку верасьня нацыянальная зборная Беларусі працягне перарваныя на лета гульні адборачнага цыклю да чэмпіянату Эўропы-2008. Дарэчы, найбліжэйшы матч – зноў жа супраць румынскіх гульцоў. Ці ўдасца зборнай прадэманстраваць кляснае відовішча пад кіраўніцтвам новага трэнэра, першага ў гісторыі Беларусі легіянэра зь Нямеччыны Бэрнда Штанге? Шмат у чым адказ на пытаньне дасьць таварыская гульня 22 жніўня ў Менску са зборнай Ізраілю.

Шматгадовы настаўнік беларускай зборнай Эдуард Малафееў кажа, што для любога трэнэра існуе некалькі ўнівэрсальных правілаў, ад якіх ён павінен адштурхоўвацца нават у самых спэцыфічных умовах:

“Пачну, вядома, з таго, што цяпер самае важнае – наладзіць больш дакладны, больш правільны навучальна-трэніровачны працэс. Другое – падабраць калектыў, трэнэрскі склад, кіраўніцтва з тым, каб пастаўленыя сур’ёзныя задачы выканаць. Калі мы гэтага ня зробім, калі ў нашым асяродку, так скажам, зьявяцца не аднадумцы, а людзі, якія будуць апанаваныя злосьцю, зайздрасьцю, іншымі момантамі, то гэты працэс, вядома, будзе праходзіць вельмі складана. Ну і, натуральна ж, трэці найважнейшы кірунак – гэта стварэньне баяздольнага калектыву. Зноў жа – вялікая сэлекцыйная праца, прагляд гульцоў, асабліва цяпер, у падрыхтоўчы пэрыяд”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG