Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрэмізм у онлайне і офлайне


Юры Дракахруст, Прага Зьяўленьне ў расейскім Інтэрнэце відэароліка забойства ўраджэнцаў Дагестану і Таджыкістану расейскімі нэанацыстамі зрабіла актуальнай праблему ролі ўсясьветнага сеціва ў пашырэньні экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта адбываецца напярэдадні ўступленьня ў сілу новага расейскага закону аб барацьбе з тэрарызмам. Шмат экспэртаў лічаць, што гэты закон істотна абмяжуе свабоду слова ў расейскім Інтэрнэце.

Жахлівы кліп, у якім расейскі нацыст адразае галаву выхадца з Поўдня, выклікаў хвалю абурэньня, у тым ліку і сярод расейскіх карыстальнікаў Інтэрнэту. На гэтым тыдні выразна прагучала меркаваньне, што ў сеціве павінен быць пэўны кантроль. Дарэчы, як паказала гісторыя з гэтым кліпам, кантроль, а дакладней, самакантроль у сеціве існуе – прыватная кампанія, якая адмініструе расейскамоўны сэгмэнт Livejournal, выдаліла ролік з усіх блогаў.

На думку Алега Панфілава, дырэктара маскоўскага цэнтру экстрэмальнай журналістыкі, абмежаваньні з боку дзяржавы, якія маглі б стрымаць распаўсюд нацыяналістычнай ідэалёгіі, насамрэч будуць скіраваныя на зусім іншыя аб’екты:

“Каб людзі не хварэлі на ангіну, ня трэба забараняць марозіва. Улада будзе з задавальненьнем абмяжоўваць Інтэрнэт, але яна будзе забараняць усё, што зьвязана з апазыцыйнай палітычнай дзейнасьцю. Увесь час ўзьнікаюць праблемы ў сайтаў, якія распаўсюджваюць матэрыялы "Іншай Расеі" ці нацыянал-бальшавіцкай партыі, але нічога ня робіцца, каб забараняць ідэі нацызму ці фашызму”.

Апошнімі гадамі ў Расеі назіраецца імклівы рост этнічна матываваных нападаў і забойстваў. Адной з самых гучных была справа Аляксандра Копцева , які ў студзені летась уварваўся ў маскоўскую сынагогу і параніў нажом 8 чалавек. Пасьля арышту ён заявіў, што натхняўся нацысцкімі вэб-сайтамі.

Гэты і іншыя выпадкі сталі адным з матываў прыняцьця новага расейскага закону аб экстрэмізме, які днямі павінен уступіць у дзеяньне. Новы закон забараняе публічнае абмеркаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці, а таксама выраб і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Аднак на думку многіх экспэртаў закон трактуе паняцьце экстрэмізму вельмі пашырана, што дае глебу для злоўжваньня. Гаворыць кіраўнік расейскага Саюзу журналістаў Ігар Якавенка:

“Экстрэмізм – гэта страшылка, якая выконвае функцыі "ворага народу" сталінскіх часоў. Пад экстрэмізм падводзіцца любая крытыка ўлады, любая спроба сацыяльнага незадавальненьня. І гэта тычыцца ня толькі журналістаў. Нядаўняя спроба супрацоўнікаў АЎТАВАЗу адстаяць свае інтарэсы была прадстаўленая як экстрэмізм”.

Яшчэ да прыняцьця новага закону аб барацьбе з экстрэмізмам былі выпадкі цэнзуры ў Інтэрнэце з боку расейскіх уладаў. У лютым пракуратура загадала праваабарончаму таварыству «Мэмарыял» выдаліць зь яго сайту камэнтар муфція Расеі наконт крымінальнай справы супраць асобаў, абвінавачаных у сувязях з рэлігійнай групоўкай «Хезб ут Тахрыр». Муфцій выступіў супраць асуджэньня, між тым гэтая арганізацыя была абвешчаная ў Расеі тэрарыстычнай у 2003 годзе.

Апошні выпадак кантролю адбыўся літаральна гэтымі днямі ў горадзе Сыктыўкары. Жыхар гораду напісаў на блог паведамленьне, дзе назваў міліцыянтаў «хуліганамі» і адзначыў, што іх трэба «пэрыядычна падпальваць». Ён быў прыцягнуты да адказнасьці за распальваньне нянавісьці, яму пагражае штраф да 4 тысяч даляраў ці турэмнае зьняволеньне да двух гадоў.

Варта нагадаць, што ў Беларусі, у Менску ўчора пачаўся першы працэс паводле зыску да Інтэрнэт-рэсурсу. Свае прэтэнзіі да сайту, на якім зьмяшчалася інфармацыя з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, заявіла кампанія, заснаваная Андрэем Козікам – сынам кіраўніка афіцыйных прафсаюзаў. Падставай стаўся артыкул “Сям’я” робіць бізнэс. Пад надзейным дахам дзяржавы”, які быў зьмешчаны на сайце. Група “Аргументъ” лічыць, што артыкул наносіць шкоду яе рэпутацыі і рэпутацыі сына прафсаюзнага лідэра і патрабуе зьняпраўджаньня зьвестак.

Вынік гэтага судовага разбору можа стаць прэцэдэнтам да іншых падобных справаў. Між тым на восень прызначаны разгляд у палаце прадстаўнікоў закону, які будзе рэгуляваць дзейнасьць Інтэрнэт-рэсурсаў. Варта прыгадаць, што Аляксандар Лукашэнка 2 жніўня запатрабаваў скончыць з «анархіяй у Інтэрнэце».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG