Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША асуджаны махляр зь Беларусі


Алена Струвэ, Менск Пастановаю акруговага суду амэрыканскага гораду Бафала, што на захадзе ад Вашынгтону, 29-гадовы нараджэнец Беларусі Максім Левін прызнаны вінаватым у махінацыях з мэдычным страхаваньнем. Арганізаваная Левіным фірма пры клініцы ўнівэрсытэту Бафала займалася мэдычнай і транспартнай страхоўкай на выпадак аўтааварыяў. У сапраўднасьці ні аварыяў, ні пацярпелых не было, хаця гэтак званыя “ахвяры” заўсёды атрымлівалі кампэнсацыю.

Згодна з вэрдыктам суду Бафала, Максім Левін асуджаны на 16 месяцаў турмы, а таксама абавязаны заплаціць штраф у памеры 334-х тысяч даляраў. Вэрдыкт вынесены акруговым судом ЗША. Левіну дазволена завяршыць апошні сэмэстар унівэрсытэцкага навучаньня. Цягам найбліжэйшых пяці гадоў фэдэральныя ўлады будуць весьці за Левіным пільнае назіраньне.

Паводле сьледчага крыміналіста Джэка Рагоўскі, разам зь Левіным працавала каманда махляроў – гэта пераважна людзі з былога СССР:

“Левін – гэта 25-ы асуджаны па справе страхавой махлярскай фірмы ўнівэрсытэту Бафала. Схема, па якой дзейнічалі гэтыя людзі, была бездакорнай. Паліцыянтам, якія прыбывалі на месца здарэньня, і ў галаву не магло прыйсьці, што аўтамабільнае сутыкненьне двух транспартных сродкаў было інсцэнізаванае, што ўсе кіроўцы і пасажыры былі ўдзельнікамі адной агульнай змовы і што атрыманыя імі траўмы былі вынікамі іншых няшчасных здарэньняў”.

Усе гэтак званыя пацярпелыя атрымлівалі ня толькі немалыя страхавыя грошы, але і пры неабходнасьці лекаваньне ў клініцы. На фірму працаваў 45-гадовы падстаўны доктар Марк Непакроеў. Ён прызнаўся, што цягам некалькіх гадоў карыстаўся падробным дыплёмам Мэксынскага ўнівэрсытэту і ў выніку быў асуджаны на чатыры месяцы турмы.

Паводле Джэка Рагоўскі, спэцыяліста ў галіне псыхакрыміналістыкі, большасьць махляроў з постсавецкай прасторы, зь якімі яму давялося кантактаваць, звычайна маюць вельмі высокі IQ. Гэтыя людзі вылучаюцца сваім азартам – кшталту таго, што маюць гульцы. Крыміналіст спасылаецца на свае размовы з падсудным і сьведчыць, што для Левіна і большай часткі ягонай каманды дамінантным момантам у афэры быў ня вынік, а працэс.

Усе ведалі пра наступствы, аднак сам факт махлярства прыносіў людзям найбольшае задавальненьне.

Судовы працэс па справе ўраджэнца Беларусі цягнуўся некалькі гадоў. Сьледчыя Бафала супрацоўнічалі з ФБР, дэпартамэнтамі працы, аховы здароўя і службамі страхаваньня.

Адвакат Левіна сказаў, што Левін перагледзеў сваё жыцьцё пасьля арышту. Магчыма, гэта паўплывала на рашэньне судзьдзяў, якія напачатку хацелі даць абвінавачанаму пяць гадоў турмы. Адвакат Мэт’ю Колекер, які ажаніўся зь сястрой Левіна Наташай, сказаў, што Левін – чалавек з характарам, а сям’я была прыкладам удалай амэрыканскай сям’і.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG