Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Павал Севярынец: “Любая беларуская вёсачка вартая шматтомніка”</B>


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску ва ўправе БНФ адбываецца прэзэнтацыя новай кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”, якая ўключае артыкулы, напісаныя падчас знаходжаньня на так званай “хіміі” ў вёсцы Сітна Полацкага раёну і надрукаваныя ў “Нашай Ніве”. Як пазначыў аўтар у прадмове, “Лісты зь лесу” — спроба знайсьці беларуса ў гушчары ягонай душы. Спроба дагукацца да Бога ў глухім, дрымучым, дрымотным сэрцы Эўропы”.

Карэспандэнтка: “Павал, як узьнікла ідэя напісаць пятую кнігу? Для трыццацігадовага чалавека гэта даволі салідны багаж”.

Севярынец: “Пэўна, так. Ведаеце, сапраўдны мужчына павінен зрабіць тры справы ў сваім жыцьці: выгадаваць сына, пасадзіць дрэва і напісаць кнігу. Я дрэвы пераважна валіў апошнія два гады, сям’ю зьбіраюся заводзіць толькі пасьля перамогі. Адыгрывацца даводзіцца на кнігах.

Ну, а наконт ідэі... Як толькі я апынуўся ў Сітне, да мяне прыехаў галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько і прапанаваў пісаць кожны тыдзень па такім вось лісьце зь лесу. Спачатку я нават і не ўяўляў, пра што можна пісаць. Але як уцягнуўся – зразумеў: любая беларуская вёсачка вартая шматтомніка.

Цікава было найперш тое, што нават у такім занядбаньні, сярод суцэльнай алькагалізацыі, крыміналізацыі, якая там выяўляецца дастаткова ярка, захаваўся беларускі мэнталітэт, захавалася і беларускасьць, і нейкае імкненьне да таго, каб жыць годна. Раскопваць гэтае жаданьне, гэты мэнталітэт, канечне, было цяжка. І, канечне, вельмі шмат наноснага, вельмі шмат нэгатыўнага ўплыву з Расеі, вельмі шмат уплыву апошніх 13 гадоў. Але тое, што было знойдзена, – падмуркі тысячагадовай Беларусі, якая там жа, на Полаччыне, і пачыналася калісьці. Гэта мяне вельмі і вельмі парадавала”.

Карэспандэнтка: “На каго разьлічана гэтая кніга, каму яна можа быць цікавая, акрамя жыхароў Сітна? Дарэчы, Вы ім падаравалі асобнікі?”

Севярынец: “Пакуль яшчэ не – мы зь імі ня бачыліся. Як толькі прыедзе Вікторыя, майстрыца, ці Алена, дэпутат сельскага Савету, то абавязкова падару. Вяртацца ў Сітна я мяркую толькі пасьля перамогі, як прасілі самі сітненцы. Думаю, цікавая гэта кніга будзе ўсім, хто жыве ў Беларусі. На мой погляд, у Сітне, як у кроплі вады, адлюстраваліся боль і надзеі ўсёй краіны. З глыбінкі гэта бачыцца крыху па-іншаму, чым, напрыклад, зь Менску. Я сказаў бы: нашмат больш выразна”.

Карэспандэнтка: “Палітыка, грамадзкая дзейнасьць, літаратурная праца – што ўсё ж такі вабіць больш, якая справа, так бы мовіць, да душы бліжэй?”

Севярынец: “Дагэтуль лічу, што пакліканьне да літаратуры ў мяне большае, чым да палітыкі. І, шчыра кажучы, вельмі часта вельмі ня хочацца займацца справамі надзённымі, грамадзкімі і палітычнымі – на шкоду літаратурнай працы. Час ад часу рукапісы папросту патрабуюць, каб сеў за стол і колькі сутак прысьвяціў менавіта напісаньню. Цяпер пішацца раман пра Беларусь. Раман вялікі. Таму гэта ня справа 15 сутак і нават двух гадоў”.

Карэспандэнтка: “А назва ёсьць?

Севярынец: “Назва ёсьць, але я яе ня выдам”.

“Лісты зь лесу” -- пятая па ліку кніга Паўла Севярынца. Першая кніга – “Ды-джэй адраджэньня” выйшла ў 1994 годзе, потым зьявіліся “Пакаленьне “Маладога фронту”, “Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі”і “Брату”.
XS
SM
MD
LG