Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Стабільна квітнее ў Беларусі толькі жабрацтва”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 15 жніўня, серада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Марыя Іванаўна: “Пішу ліст Аляксандру Уладзіслававічу Казуліну: “Добры дзень, Аляксандр Уладзіслававіч, наш усімі паважаны, разумны і добры чалавек. Вы нават не ўяўляеце, як мы ўсе Вас чакаем. Беражыце сваё здароўе, ня думайце і не перажывайце. Вы самы разумны і добры чалавек на сьвеце. Вы пайшлі на абарону нас усіх. Я і многія іншыя ня можам глядзець тэлевізар. Мы ня бачым праўды! І няма каму нас абараняць. Мяне асабіста гэтая бязьмежнасьць начальнікаў кранае да глыбіні душы. Я нават не хачу пра іх гаварыць. Іх не караюць, а наадварот. Аляксандр Уладзіслававіч, Вы, як Бог, перад каторым мы молімся. Мы ўсе ўпэўненыя, што Вы хутка будзеце з намі. Пішыце, што пераслаць, чаго не хапае. Усяго добрага”.

Міхневіч: “Ня там шукаюць прычыну зьмяненьня клімату”.

Антон Станевіч, Шчучын: “Сёньня па вашым радыё чуў, што зноў наша кіраўніцтва хоча пакараць нас, пэнсіянэраў, зьбіраючыся павысіць пэнсію ў верасьні месяцы на 7%. Замест таго, каб у лістападзе, згодна папраўкам да Закону пра пэнсійнае забесьпячэньне, дзе некалі было сказана, што павінны падвышаць пэнсіі кожны квартал, а пасьля дапаўненьняў і зьмяненьняў, калі на больш чым на 15% павялічваецца сярэдні заробак, альбо калі ён не павялічваецца, то ў лістападзе. У лістападзе дакладна заробкі ў Беларусі будуць павялічаны на 15 адсоткаў, а нам абяцаюць толькі на 7%. Гэта чарговае пакараньне для пэнсіянэраў. Пазбавілі ільготаў, пакаралі ў мінулым годзе на 2 адсоткі і зараз зноў няправільна разьлічаць нам наш заробак, зь якога налічваецца пэнсія. А пэнсіянэры многія зусім не разумеюць і будуць лічыць, што наша кіраўніцтва ім дзякуе.”

Сьцяпанаў, Берасьце: “Спадар Бартосік, знаходзячыся ў “Падарожжы Свабоды”, вы пытаецеся дзяўчыну, ці ня сорамна ёй за нашу міліцыю, каторая наводзіць парадак на вуліцах гарадоў у часе розных акцыяў апазыцыі? А я хачу спытацца ў вас, спадар Бартосік, а вам ня сорамна за паліцыю ЗША, Англіі, Германіі, Францыі, Польшчы ды іншых свабодных краінаў, калі дэманстрантаў цягаюць за ногі па асфальце, б’юць дубінкамі, паліваюць з вадамётаў, труцяць газам і страляюць гумовымі кулямі? За іх вам ня сорамна?”

Спадарыня: “У прыгожым, утульным заходнебеларускім горадзе Глыбокім ўтульна ня толькі карэнным жыхарам але і прыежджым з Расеі. Але некаторым і гэтага мала. Трэба, каб адзіная на Віцебшчыне беларуская сярэдняя школа, адна з трох у Глыбокім, стала таксама расейскамоўнай. Ідзе упартае змаганьне за гэта. Цяжка, проста немагчыма зразумець першага беларускага прэзыдэнта, які дазваляе ў сваёй краіне таптаць беларускую мову – нашу беларускую адметнасьць. Гэта можна тлумачыць толькі тым, што яму вельмі хочацца паказаць сябе яшчэ большым расейцам, чым самі рускія. А раптам цуд? І электарат Расеі возьме яго за свайго прэзыдэнта. Відаць, цяжкая гэта мара – ўлада і пакланеньне. І яшчэ, у прыгожым горадзе Паставы год таму праходзіла сьвята беларускага пісьменства і мовы, а колькі месяцаў да гэтага пастаўскі малочны завод памяняў зь беларускай на расейскую мову надпісы на ўпакоўках сваёй прадукцыі. Дарэчы, добрая прадукцыя, яе з задавальненьнем купляюць у Паставах. Хто ім даў такі загад? Каму дагаджаюць? А знаходзіцца гэты завод на вуліцы Крупскай. Што ж беларусы павінны памятаць, што Крупская – жонка Леніна. А вось ці памятаюць расейцы, што ліцьвін Ігнат Грынявіцкі забіў цара Аляксандра ІІ, каб даць вольнасьць Беларусі?”

Спадарыня: “Я вельмі прашу вас, не дасылайце мне больш вашы SMS. Я нічога не зьбіраюся з вамі абмяркоўваць, бо слухаючы ваша радыё проста валасы дыбам устаюць. Што можна абмяркоўваць у турме? Наогул, лепей ехаць з вычварэнцам і маньякам, чым абмяркоўваць з вамі ваша тупое жыцьцё. Гэта абсурд – усё, што адбываецца”.

Слухач: “Спадар, Аляксандр Лукашук. У квітнеючай Польшчы ўжо другі год бастуюць мэдычныя супрацоўнікі, дабіваючыся падвышэньня жабрацкага заробку. У гэтым годзе забаставалі выкладчыкі. Бастуюць гандляры, якім забараняюць гандляваць у выходныя дні. А ваша Свабода маўчыць. Нічога пра гэта не паведамляецца. Нібы там нічога не адбываецца. Чаму гэта так?”

Спадарыня, Магілёў: “Стабільнасьць – гэта калі ў дзяржаве ўсе слаі насельніцтва задаволеныя ўзроўнем свайго жыцьця. Чалавек павінен жыць так, як яму варта жыць. У Беларусі стабільна жывуць толькі тыя, хто ляяльна паводзіць сябе адносна ўлады дыктатара Лукашэнкі – недзе ня больш за 25-30 адсоткаў насельніцтва Беларусі. Стабільнасьць – гэта калі своечасова выплачваюцца заробкі, пэнсіі. Калі ў дзяржаве адсутнічаюць палітычныя вязьні, няма перасьледу людзей, якія думаюць інакш, дзе вядуцца чэсныя перадвыбарчыя і выбарчыя кампаніі, дзе няма парушэньняў правоў чалавека. Стабільна квітнее ў Беларусі толькі жабрацтва.”

Слухач: “Шматтомныя інструкцыі, палажэньні, законы – на гэта проста страшна глядзець. Уявім сабе, што недзе нешта парушылі – аштрафуйце. Навошта ж адбіраць працу, з каторай чалавек корміць сям’ю і дапамагае грамадзянам нешта набыць? Для чаго гэта робіцца? Чаго ён баіцца? Для каго гэта блага? Затое тым, хто бяздарна па тэлевізіі балбоча – ім усё есьць. Лукашэнка ператварыў нашу цудоўную краіну Беларусь у краіну цудаў і недарэчнасьцяў. Прыкрываючыся пры гэтым законнасьцю. А законнасьць без справядлівасьці – гэта незаконнасьць. Усё робіцца супраць чалавека – заціснуць, канфіскаваць. Кватэру канфіскаваць з прычыны нейкіх пытаньняў. Колькі абяздоленых людзей па ягонай віне па Беларусі ходзіць! Усё накіравана на тое, каб было дрэнна чалавеку. Сьпіваецца рэспубліка, і гэта справа толькі дзяржавы, а не міліцыі, на якуюю ўсё гэта сьпіхваюць”.

Слухач: “Лукашэнка ніяк не дадасьць 7% да пэнсіі. А сваім СМІ 50% дадаў за хлусьню. Штодня хлусьня. Палічылі, што ў Расеі і ва Ўкраіне пэнсіі меншыя. А ці палічылі, якія кошты? Нідзе няма такіх коштаў, як у Беларусі.”

Зіноўеў: “Сьмешна, калі за вобраз спакойнай рэспублікі Зімоўскі дае прэміі журналістам БТ на мэталічныя дзьверы кватэраў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG