Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вярнуў прадпрымальніцы са Сьветлагорску канфіскаваныя гадзіньнікі


Радыё Свабода, Гомель Сёньня ў гаспадарчым судзе Гомельскай вобласьці пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў у дачыненьні прадпрымальнікаў Сьветлагорску.

Падаткоўцы й міліцыя ў шэрагу бізнэсоўцаў забралі тавар, абвінаваціўшы іх у парушэньні ўстаноўленых правілаў гандлю. Гэта выклікала зваротную рэакцыю: на знак пратэсту дробныя гандляры 6 жніўня выходзілі на плошчу да Сьветлагорскага райвыканкаму зь патрабаваньнем спыніць неабгрунтаваную канфіскацыю тавараў.

У прадпрымальніка Анатоля Кнігі, у прыватнасьці, арыштавана дываноў і бялізны на суму 13,7 мільёна рублёў. Супраць яго сьветлагорскія падаткоўцы склалі пратакол паводле артыкулу 12.17.4 КоАП – “рэалізацыя тавараў без наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх якасьць”. Расейскія сэртыфікаты ў Беларусі не прызнаюцца.

Паколькі вопіс тавараў меў вялікія недакладнасьці, судзьдзя Вікторыя Лапута перанесла разгляд справы супраць спадара Кнігі на 15 жніўня. Падатковая інспэкцыя абавязаная скласьці падрабязны вопіс тавараў, да якіх прад`яўленыя прэтэнзіі.

Суд супраць Жаны Рогавай наогул закончыўся канфузам для прадстаўніка падатковай інспэкцыі Аляксея Рыбінскага. Тая самая судзьдзя Вікторыя Лапута абавязала інспэкцыю па падатках і зборах Сьветлагорскага раёну вярнуць прадпрымальніцы адабраныя гадзіньнікі коштам амаль 400 тысячаў рублёў.

Высьветлілася, што наручныя гадзіньнікі прадаваліся як рэшта. Яны набытыя спадарыняй Рогавай яшчэ да выхаду ўказу пра абавязковую сэртыфікацыю тавараў, якія ўвозяцца ў Беларусь з-за мяжы. Сэртыфікаты адпаведнасьці на насьценныя гадзіньнікі наогул не патрабуюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG