Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бюджэце знайшліся дадатковыя грошы на прапаганду


Іна Студзінская, Менск Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ №384, якім старшыні Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі надаецца выключнае права накіроўваць бюджэтныя сродкі на стымуляваньне і дадатковыя прэміі супрацоўнікам. Раней усе надбаўкі і прэміяльныя маглі выплачвацца не зь бюджэту, а толькі “за кошт прыбыткаў ад рэклямна-гаспадарчай дзейнасьці”.

Згодна з прэзыдэнцкім Указам №384, на надбаўкі да заробкаў супрацоўнікаў старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі можа накіроўваць да 20% ад аб’ёму плянавага фонду заробнай платы. І столькі ж – на прэміяваньне. Такім чынам, бюджэт кампаніі можа ўзрасьці на 40%. Вось як сутнасьць Указу тлумачыць старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі:

“Надбаўка не зьяўляецца абавязковай выплатай. Па рэкамэндацыі непасрэднага кіраўніцтва я магу прыняць рашэньне пра падвышэньне заробку на 20%. Надбаўка можа быць пастаянна дзейнай і можа быць разавай. Гэта ўсё вырашае кіраўнік”.

Карэспандэнтка: “Але гэта адбываецца паводле прапановы непасрэднага кіраўніка пэўнага супрацоўніка?”

Зімоўскі: “Не абавязкова. Сам пабачыў начальнік, што добра працуе нехта: раз – рэпартаж добры, два – праграма адзначана, зноў-такі Радыё Свабода цытуе час ад часу… Натуральна, кажу: трэба чалавека заахвоціць. І павялічваю яму надбаўку”.

Аляксандар Зімоўскі запэўніў, што гэтыя надбаўкі ня тычацца дзяржаўных службоўцаў, маючы на ўвазе сябе (ён, да таго ж, сэнатар, член Савету Рэспублікі). Таксама спадар Зімоўскі падкрэсьліў: гэта не азначае аўтаматычнага падвышэньня ўсім супрацоўнікам акладаў на 40%. Але два тыдні таму, з рашэньня ўраду, для трох тэлерадыёкампаній быў падвышаны каэфіцыент – на 2,2 лімітавага нарматыву тарыфнай стаўкі першага разраду. Гэта азначае фактычнае падвышэньне больш чым удвая службовых акладаў усім супрацоўнікам. Пры тым, што заробкі тым жа настаўнікам ды лекарам, іншым працаўнікам бюджэтнай сфэры не падвышаюцца. Наагул жа заробкі ў краіне, як кажуць, замарожаныя ва ўсіх сфэрах. Толькі пэнсіянэрам абяцаюць падвысіць пэнсію зь верасьня на 7%. Але лічбы 7 і 40% – несупастаўляльныя.

Экс-міністар працы Аляксандар Сасноў кажа, што ўсе пытаньні падвышэньня заробкаў, выплат зь бюджэту мусіць зацьвярджаць Савет міністраў, узгадняючы з парлямэнтам, а таксама зь Міністэрствамі эканомікі, фінансаў і працы:

“Калі асобна камусьці трэба падвысіць заробную плату ў бюджэтнай сфэры, гэта пытаньне павінна разглядацца парлямэнтам. А Лукашэнка ўсе гэтыя прэрагатывы на сябе сьцягнуў – і цяпер можа рабіць усё. Такое не прадуглежана ніякай тарыфікацыяй. Гэта валюнтарызм, дазволены адно таму, хто кіруе краінай. “Хозяин – барин” – ёсьць такая прымаўка”.

Былы кіраўнік студыі “Палітыка” Белтэлерадыёкампаніі Леанід Міндлін ня зьдзіўлены, што кіраўнік дзяржавы ў даволі цяжкі для беларускай эканомікі час вырашыў стымуляваць менавіта журналістаў дзяржаўных тэлеканалаў:

“Чаму электронныя мэдыі? Безумоўна, сёньня гэта самы эфэктыўны сродак масавай прапаганды (не інфармацыі, а менавіта прапаганды). Мне здаецца, што функцыю выхаваньня маўклівай большасьці, функцыю абароны рэжыму і функцыю рэпрэсій іншадумцаў дзяржаўныя электронныя мэдыі выконваюць даволі эфэктыўна. Таму іх вырашылі яшчэ прастымуляваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG