Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У візавым пытаньні Эўразьвяз чакае ад Беларусі рэальных крокаў


Ігар Карней, Менск Міністэрства замежных справаў Беларусі заяўляе пра неабходнасьць перамоўнага працэсу з Эўразьвязам наконт спрашчэньня візавага рэжыму. Ад 1 студзеня 2008 году шэраг эўрапейскіх дзяржаваў, улучна з Польшчай, Літвой, Латвіяй, Славаччынай і Вугоршчынай, уступаюць у Шэнгенскае пагадненьне і будуць трымацца адзінага візавага кошту для грамадзянаў краін, што не ўваходзяць у Эўразьвяз. Аднак кошт візаў для Ўкраіны ці Расеі – 35 эўра, а беларусы будуць плаціць 60 эўра – у межах сярэдняга кошту беларускай візы для замежнікаў.

Як заяўляюць у МЗС Беларусі, беларускія прапановы ўжо накіраваныя ў эўраструктуры, але адказы адтуль пакуль афіцыйны Менск не задавальняюць. Кіраўнік консульскага ўпраўленьня МЗС Андрэй Гіро расказаў, што ў Эўразьвязе магчымасьць перамоў называюць “заўчаснай”. Беларусь, у сваю чаргу, лічыць, што бакі ўжо спазьніліся зь перамовамі, бо іх належала распачаць яшчэ напярэдадні прыняцьця рашэньня аб падвышэньні кошту шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі.

Эўразьвяз: крокі ня могуць быць аднабаковымі

Ад структур Эўразьвязу ў Беларусі выступае амбасада Славаччыны ў Менску. Часовы павераны ў справах Славацкай Рэспублікі Любамір Рэгак тлумачыць, што адных заяў афіцыйнага Менску недастаткова, каб спадзявацца на пазытыўны вынік прапаноў. Візавыя стасункі – гэта льгота, якую кожная краіна атрымлівае за нейкія саступкі:

“Сапраўды, беларускі бок прапанаваў Эўракамісіі, упаўнаважанай на такія справы дзяржавамі-сябрамі Эўразьвязу, пачаць перамовы на спрашчэньне візавага рэжыму. Паводле тлумачэньня Беларускаму тэлебачаньню кіраўніка консульскага ўпраўленьня МЗС, Эўракамісія лічыць гэту прапанову заўчаснай. І гэта праўда.

Але трэба дадаць, што Эўракамісія лічыць пытаньне візавых адносін, якія зьяўляюцца часткай ільгот у эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва, заўчаснымі толькі да таго часу, пакуль Беларусь ня прыме ўдзелу ў гэтай палітыцы. Пра льготы і спадзяваньні Эўропы да Беларусі напісана ў дакумэнтах Эўракамісіі. У прыватнасьці, пра тое, што можа Эўразьвяз даць Беларусі. Эўропа не зацікаўлена, каб беларусы плацілі за візы болей, чым расейцы ці ўкраінцы. Але супрацоўніцтва ня можа быць аднабаковым”.

Менск: Беларусь на візавыя навацыі адрэагуе адпаведна

Ад 2008 году шэраг суседніх зь Беларусьсю краінаў уступае ў Шэнгенскую зону. З гэтага часу ўсе яны зробяцца куды меней даступнымі для грамадзянаў Беларусі. Заплянаванае падвышэньне кошту ўязной візы з новага году ад 5 да 60 эўра для беларусаў, ахвочых наведаць Літву ці Польшчу, – адчувальнае. Дарэчы, Польшча мае намер выдаваць візы па новых коштах ужо ад 1 лістапада.

Афіцыйны Менск яшчэ мае спадзяваньні падпісаць двухбаковыя пагадненьні з Польшчай, Літвой і Латвіяй пра ўзаемныя паездкі грамадзян з мэтай максымальнага спрашчэньня атрыманьня шэнгенскіх візаў. У іншым выпадку прадстаўнік МЗС Андрэй Гіро не выключае, што Беларусь будзе змушаная адэкватна адрэагаваць на пагаршэньне візавага рэжыму для сваіх грамадзян. І адзін з магчымых варыянтаў – падвысіць візавы кошт для палякаў, літоўцаў, латышоў, многія зь якіх так ці інакш карыстаюцца “выгодамі” суседзтва зь Беларусьсю:

“Калі паглядзець больш уважліва на матэрыялы МЗС, то вынікае: гэта ніякае не “аднабаковае” супрацоўніцтва. Мы ўсюды падаём, якія спрашчэньні візавага рэжыму для Эўразьвязу беларускі бок ужо ўвёў і якія ўжо дзейнічаюць. І таму пра аднабаковасьць казаць не выпадае. А ўсё астатняе? У парадку дыскусіі – чаму не? Дыплямат агучыў пазыцыю Эўразьвязу, і мы ўсьцешаны, што нашы інтэрвію глядзяць, чытаюць, на іх рэагуюць. Дасьць Божа, прыслухаюцца. Таму што мы не разумеем, пра якія “льготы” вядзецца гаворка. Бо насамрэч гаворка тычыцца простых грамадзян, іх паездак. Якія тут ільготы могуць быць? А што тычыцца палітыкі добрасуседзтва, то гэта ўжо не мая кампэтэнцыя – консульскае ўпраўленьне гэтым не займаецца”.

Бязь візаў – толькі на край сьвету

МЗС нагадвае, што Беларусь у аднабаковым парадку скасавала для жыхароў Эўразьвязу абавязковасьць запрашэньня для выдачы беларускіх візаў на тэрмін да 30 дзён. Апроч таго, адкрытыя консульскія пункты ў аэрапорце “Мінск-2”, дзе замежнікі гэтаксама могуць атрымаць беларускую візу. Праўда, у аэрапорце віза каштуе амаль удвая даражэй, чым у амбасадзе. Прынамсі, аднаразовая віза для грамадзянаў краін, у якіх няма беларускай амбасады, – 100 даляраў, а калі за мяжой беларускае дыппрадстаўніцтва ёсьць, то аднаразовая віза будзе каштаваць 140 даляраў.

На тле няўдач у эўрапейскім кірунку Беларусь, паводле консульскага ўпраўленьня МЗС, падпісала пагадненьні аб усталяваньні бязьвізавага рэжыму з Вэнэсуэлай, Аргентынай і Малайзіяй. Бязьвізавы рэжым наладжаны ўжо таксама ў стасунках з Кубай, Паўночнай Карэяй, Манголіяй, Македоніяй ды ўсімі краінамі СНД, за выключэньнем Туркмэністану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG