Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынец: “Мы чакаем узмацненьня рэпрэсій”


Любоў Лунёва, Менск У турме на вуліцы Акрэсьціна застаецца апошні арыштаваны актывіст моладзевага дэмакратычнага руху. Каля двух дзясяткаў чалавек, якіх прэвэнтыўна затрымалі напярэдадні сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці, ужо адбылі арышты. Тым часам сьпіс беларускіх палітвязьняў у хуткім часе могуць падоўжыць прозьвішчы яшчэ трох актывістаў “Маладога фронту”. Іх крымінальныя справы, распачатыя КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, ужо знаходзяцца ў судах.

У турме на вуліцы Акрэсьціна знаходзіцца Аляксей Шыдлоўскі. Нагадаем: супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго разам з Паўлам Бараноўскім 24 ліпеня. Ноч хлопцы правялі ў турэмнай камэры. Паколькі на суд не прыйшлі сьведкі, судзьдзя перанесла паседжаньне на 8 жніўня.

Але празь некалькі гадзінаў да Аляксея Шыдлоўскага прыйшлі міліцыянты і папрасілі яго паехаць зь імі ў міліцыю на размову. Там на яго склалі новы пратакол. У судзе міліцыянты сьведчылі, што Аляксей нібыта нецэнзурна лаяўся. Судзьдзя арыштавала Аляксея Шыдлоўскага на 15 сутак. На той час у турме ўжо адбывалі арышты 14 актывістаў моладзевага руху, якіх прэвэнтыўна затрымалі напярэдадні сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.

8 жніўня, калі скончыўся тэрмін адбыцьця пакараньня, Аляксея з турмы прывезьлі ў суд для разгляду ранейшага пратаколу. Прысуд – 5 сутак арышту.

Павал Бараноўскі сам прыйшоў на суд і атрымаў трое сутак. 10 жніўня ён выйшаў на волю.

Большасьць арыштаваных – актывісты “Маладога фронту”. На гэтую арганізацыю прыпадае й большая колькасьць крымінальных спраў. Шасьцёх актывістаў “Маладога фронту” пакаралі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Паўла Севярынца пакаралі “хіміяй” за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004. Артур Фінькевіч адбывае пакараньне на “хіміі” за палітычныя графіці ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Цяпер у суды накіравалі крымінальныя справы Насты Азаркі зь Нясьвіжу, Яраслава Грышчэні з Баранавічаў і непаўналетняга Івана Шылы з Салігорску.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Мы чакаем узмацненьня рэпрэсіяў. Спадзяемся на лепшае, але рыхтуемся да горшага. Цудоўна ўсьведамляем: разбурыць, спыніць, зламаць “Малады фронт” немагчыма з тае простае прычыны, што гэта людзі духовай моцы. Гэта моладзь, якая грунтуецца на хрысьціянскіх прынцыпах і нацыянальнай ідэі. А такіх людзей ні купіць, ні запалохаць немагчыма. Такія крымінальныя справы толькі згуртуюць лідэраў моладзевага руху”.

Аляксандр Казулін ужо больш за 500 дзён знаходзіцца за кратамі. Ягоныя сваякі непакояцца станам здароўя палітвязьня.

Жонка Аляксандра Казуліна Ірына абураецца, што ня ўсе лісты даходзяць да яе мужа.

“Пасьля спатканьня я пачала дасылаць яму лісты пасьля таго, як іх пранумарую. Дасылаю лісты замоўленыя і з паведамленьнем. Даслала яму пяць лістоў, а сёньня атрымала паведамленьне, што ён атрымаў ліст № 3. На паведамленьні, на капэрце і на самім лісьце я цяпер стаўлю лічбу. Хачу, каб усе мае лісты даходзілі, бо вельмі крыўдна... Пішаш ліст і шмат душы ў яго ўкладаеш. Калі гэта да яго не даходзіць, то мне вельмі шкада маіх душэўных сіл, шкада часу і шкада, што нейкі кавалачак маёй любові не дайшоў да яго”.

Паплечнікі Андрэя Клімава, якога больш за два месяцы таму зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар, ня маюць зь ім сувязі. Яны доўгі час не атрымліваюць ад яго лістоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG