Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Берасьцейскага аблсуду – пра візавыя санкцыі ЗША


Вячаслаў Кулік, Менск Распараджэньне Дзярждэпартамэнту ЗША, якое ўдакладняе катэгорыі асоб, чые звароты па візы аўтаматычна становяцца аб’ектам спэцыльнага разгляду, закранае інтарэсы многіх беларускіх чыноўнікаў. Журналіст пацікавіўся меркаваньнем на гэты конт старшыні Берасьцейскага абласнога суду Тамары Сучок.

Праз суды на Берасьцейшчыне сёлета прайшло больш за 60 актывістаў апазыцыі. Значная частка зь іх безвынікова зьвярталіся з апэляцыямі ў абласны суд.

Нагадаўшы пра гэтыя факты, зьвяртаю ўвагу старшыні абласнога суду Тамары Сучок на абмежаваньні з боку ЗША для старшыняў абласных і раённых судоў.

Тамара Сучок адказвае: “Дэмакратыя нікчэмная ў Злучаных Штатах. Каб каго-небудзь чаго-небудзь пазбавіць (калі разважаць па законе), неабходна мець падставы. А калі заганяць усіх оптам у адну кучу – такая палітыка да дабра не даводзіць”.

Цікаўлюся ў спадарыні Сучок, ці мае асабіста яна інтарэс да ЗША, ці хацела б за акіян патрапіць.

“Я там была . Езьдзіла з запрашэньня аднаго з сэнатараў па інспэкцыйнай лініі. Правяралі справы міжнароднага ўсынаўленьня”.

Запытваю, ці была паездка цікавай.

“Паездка заўжды цікавая. Асабліва ж – калі зьвязана з прафэсійнымі зацікаўленьнямі”.

Ці шкадуе яна, што для яе ўведзены візавыя абмежаваньні? .

“Ведаеце, сапраўды крыўдна: не адчуваеш сябе вінаватай, а табе нешта забараняюць. Але гэта палітыка. А палітыкай мы не цікавімся, не займаемся. Нам бы справы разглядаць у адпаведнасьці з законам”.

Нагадваю старшыні Берасьцейскага абласнога суду пра затрыманьні і арышты ў рэгіёне сябраў з апазыцыйных арганізацыяў – “Маладога фронту”, культурніцкай арганізацыі “Стары горад”.

“Ну, вы выбіраеце адну катэгорыю спраў. А для мяне як чалавека, зьвязанага з законам, такое агульнае ўключэньне асобных катэгорыяў у нейкія сьпісы – нейкі фашызм”.

Так мяркуе старшыня Берасьцейскага абласнога суду Тамара Сучок.

Аспрэчвае яе адзін з кіраўнікоў Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

“Ніякіх фашысцкіх прыёмаў я тут ня бачу. Я ўпэўнены, што гэта змушаныя захады з боку ЗША. Усе яны, юрысты, чаму не патрабуюць ад свайго судовага кіраўніцтва і кіраўніцтва дзяржавы выправіць хібы, што былі адзначаны яшчэ ў 2001 годзе спэцдакладчыкам ААН у справе незалежнасьці судоў?”

• Лідзія Ярмошына: “Гэта наагул нагадвае сталінскія законы”, 7.08.2007 • Новыя абмежаваньні на ўезд у ЗША для беларускіх урадоўцаў , 7.08.2007 • МЗС: “Беларусь будзе змушаная зрабіць адэкватныя захады ў адказ”, 7.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG