Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скончылася спатканьне бацькоў са Зьмітром Дашкевічам


Радыё Свабода Сёньня ў Шклоўскай турме скончылася спатканьне з бацькамі зьняволенага маладафронтаўца Зьмітра Дашкевіча. Амаль трое сутак маці Зьмітра Вольга Васілеўна і бацька Вячаслаў Уладзімеравіч жылі з сынам у турэмным пакоі для спатканьняў.

Доўгатэрміновае спатканьне бацькі атрымалі ўпершыню за час зьняволеньня сына. У турме ўсе прывезеныя імі пакункі былі грунтоўна прагледжаны. Абшукалі таксама й вопратку. Маці Зьмітра змусілі распрануцца да ніжняй бялізны.

Пакой для спатканьняў Вячаслаў Уладзімеравіч параўнаў зь вясковай гасьцініцай. Тут ёсьць туалет, агульная кухня, душ і маленькі двор для шпацыру.

Вольга Васілеўна і Вячаслаў Уладзімеравіч кажуць, што сын зьмяніўся. Ён памужнеў, стаў больш стрыманым. На супрацоўнікаў турмы Зьміцер не наракаў, на здароўе ня скардзіўся. Бацькі, аднак, сынавым словам веры не даюць. Гаворыць бацька Зьмітра:

“Трохі зьмяніўся. Нам здалося, што памужнеў. Упэўненасьці зьявілася больш. Сказаў: не хвалюйцеся – усё ідзе як трэба. Са здароўем – кажа – усё цяпер нармальна. Пэўна, ня хоча скардзіцца”.

Падчас спатканьня Зьміцер шмат чытаў, пісаў лісты ды адпачываў. Бацькі задаволены, што сын адпачыў.

“А займаўся ён… Чытаў газэты. Я прывёз яму “Нашу ніву”. Біблію шмат чытаў, лісты пісаў. І так проста адпачываў. Мы задаволены тым, што ён адпачыў ад сваёй долі турэмнай”.

20 ліпеня Зьмітру Дашкевічу споўнілася 26 гадоў. Дагэтуль атрымлівае віншаваньні. Яму засталося адбыць у турме сем месяцаў. Зьміцер спадзяецца на датэрміновае вызваленьне, – кажа ягоны бацька:

“Я думаю, што спадзяецца. Хаця й гаворыць: сем месяцаў засталося – адбуду неяк, не турбуйцеся. Пераказвайце, маўляў, усім прывітаньні (назваў канкрэтныя імёны). І наагул – усім, хто ім цікавіцца, хто віншаваў”.

Лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча затрымалі 15 верасьня 2006 году і зьвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. На волю ён павінен выйсьці ў сакавіку 2008 году.

Ад 6 сьнежня 2006 году Зьміцер Дашкевіч утрымліваецца ў шклоўскай папраўчай калёніі №17. У турме ён працуе рознарабочым на лесапільным участку.


• Зьміцер Дашкевіч адбыў палову тэрміну , 15.06.2007 • Шклоў: палітвязень Зьміцер Дашкевіч спаткаўся з бацькамі , 06.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG