Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа беларускага інтэрнэту. 6 жніўня


Радыё Свабода Агляд беларускага сеціва.

Удзельнікі форумаў парталу абмяркоўваюць чарговае падвышэньне коштаў на бэнзін.

“Гэтыя захады можна лічыць адным з этапаў падтрымкі “Мотавела”; намякаюць, што трэба ўжо на ровары перасаджвацца...”

“Гэтага варта было чакаць! А так цалкам звыкла: наступным разам прачнуцца, прачытаюць навіну “Ад сёньня літар АІ-92 каштуе 2500 альбо 2800”. Пабурчаць, пабурчаць дый паедуць запраўляцца...”

“Заробкі на месцы стаяць, а кошты растуць. Гэта што, праграма аздараўленьня нацыі? Усе будуць статныя ад голаду й падцягнутыя, бо хадзіць будуць пешшу? Калі ўсё так кепска стала з Расеяй і цэны пайшлі да эўрапейскіх, то можа й мы за коштамі ў Эўразьвяз, ці хаця б ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю?”

“У буржуазнай Украіне паліва таньней каштуе ўжо рублёў на 250-300, нашто мне такі рынкавы сацыялізм?”

На сайце зьявілася аматарскае відэа, на якім бачна, як затрымлівалі гарадзенскага моладзевага актывіста Аляксандра Шумкевіча ў часе канцэрту гурту “Океан Єльзи» 28 ліпеня. Спадар Шумкевіч разгарнуў на канцэрце бела-чырвона-белы сьцяг. У часе затрыманьня міліцыя зламала яму руку, але потым склалі адміністрацыйны пратакол нібыта за лаянку ў грамадзкім месцы.

Блогер паглядзеў у выходныя праграму “Панарама” на Беларускім тэлебачаньні. Там быў сюжэт з нагоды выказваньня кіраўніка краіны пра тое, што ў інтэрнэце трэба навесьці парадак. “Ну... умеюць, калі ня хочуць. Нармальны сюжэт,– камэнтуе macsim_by. – Меркаваньне Зісера запыталіся. Пра Жывы Журнал і блогі ніводнага слова. Эратычныя сайты расейскія паказвалі! І Апорт чамусьці карысталі. У пошуку было набрана “проститутки г.Минска» і другая спасылка была афарбаваная, як тая, якую наведалі. Карацей, казалі ўсё слушна”.

А літаратар Сярожа Пістончык сярод лета марыць пра зімовыя маразы. Вось што ён піша : “Зіма – маё любімае ўрэмя года. Зімой высокія помыслы і чуўствы замаражываюцца, а нізменныя інсьцінкты ажываюць слоўна пціца Фенікс. У мароз очэнь чотка катацца па галалёду. Зімой усё кутаюцца ў шубы і польты, а на голавах носюць валасатыя і драпавыя шапкі. Сама грусна, што ўсё дзеўкі прачуць сваі прэлесьці і красоты. Тачнее ня ўсе, а це ў каво ані імеюцца ў налічыі. У эту пару ўсе бабушкі плятуць унучкам наскі і скаскі. Паэтаму дзедушкі заработалі нерўныя зрывы, каторыя пастаянна лечаць пладова-выгаднымі лекарствамі. І рукапрыклацтвам у адрас бабушак. За што я іх абоіх очэнь люблю і ўважаю. Самымі капрызнымі яўляюцца крэшчэнскія марозы. Ані так называюцца, бо іх аткрыў ішчо ў 12 веке наш легендарны учоны і місьціфікатар Крышчавіт. Он жыў на дзераве, хватаў з неба зьвёзды і прадаваў іх патом на талкучке. Выдумываў історыі пра манахаў і манахінь, каторых мы січас ізучаем у школе. А ў марозныя дні хадзіў па стране голы і прарочыў Армагедон. Крэшчэнскія марозы шчыплюць у кісьці рук, ушэй і носа. А ў аддзельных случаях і ніжэ. Ані напамінаюць нам, што плоць брэнна і сьмерць не за лясамі. І дажэ не за палямі”.

У беларускім сеціве блукала Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG