Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Клаўс: "Сыстэма ўлады ў Беларусі абрынецца раней ці пазьней выключна з унутраных прычынаў"


Юры Дракахруст, Прага Прэзыдэнт Чэскай Рэспублікі Вацлаў Клаўс у інтэрвію нашаму радыё гаварыў пра магчымы крах сыстэмы ўлады ў Беларусі, пра сваё стаўленьне да распаўсюду дэмакратыі, да экалягічнага руху, да разьмяшчэньня ў Чэхіі элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны і пра пэрспэктывы Эўразьвязу.

Вацлаў Клаўс, прафэсійны эканаміст, ён граў ключавыя ролі ў чэскай палітыцы, пачынаючы з падзеньня камунізму ў 1989 годзе. Яго назвалі “бацькам” посткамуністычнага рэфармаваньня чэскай эканомікі. Да свайго абраньня ў 2003 годзе прэзыдэнтам Чэхіі ўзначальваў адну з самых уплывовых партый у краіне – Грамадзянскую дэмакратычную партыю.

Карэспандэнты Свабоды спыталі яго, ці павінны новыя сябры Эўразьвязу, якія зьведалі камуністычны прыгнёт, дапамагаць дэмакратычным рухам у такіх краінах, як Беларусь.
“Сыстэма абрынулася з унутраных прычынаў і я мяркую, што такім жа чынам яна абрынецца, раней ці пазьней, у Беларусі, на Кубе ці дзесьці яшчэ”.
Клаўс: “Гэта ізноў фантазіі пра экспарт рэвалюцыі ці дэмакратыі, і гэтыя фантазіі звычайна кепска заканчваюцца. Я ня думаю, што дэмакратыя была імпартавана сюды, у Чэхію, ці што нас хтосьці вучыў, ці што мы мелі патрэбу ў нейкай падобнай адукацыі. Я мяркую, што сыстэма абрынулася з унутраных прычынаў і я мяркую, што такім жа чынам яна абрынецца, раней ці пазьней, у Беларусі, на Кубе ці дзесьці яшчэ. Я мяркую, што героі, якія думаюць, што яны абрынулі камунізм, гавораць няпраўду, яны цешаць сябе, у нас ці дзесьці за мяжой”.

Аднак у Беларусі існуюць актыўныя апазыцыйныя групы, якія праводзяць дэманстрацыі і змагаюцца з рэжымам. Іх варта падтрымаць ці пакінуць іх на волю ўласнага лёсу?

Клаўс: “Я мяркую, што калі мы можам дапамагчы ім такім чынам, каб гэта ня ўскладняла іх унутранае становішча, мы маглі б гэта рабіць. Але мець нейкую праграму – гэта наіўны погляд на гісторыю”.

Прэзыдэнт Чэхіі вядомы сваёй рэзкай крытыкай экалягічнага руху, жорсткім апаніраваньнем змагарам супраць глябальнага пацяпленьня, такім, як былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Эл Гор. Клаўс гаворыць пра пагрозу свабодзе з боку экалягічных рухаў:

“Я за рынак без прыметнікаў. Ідэя экалягічнага рынку – гэта другі пасьля сацыяльнага рынку напад на сапраўдны рынак і чалавечую свабоду”.
Клаўс: “Людзі ведаюць, як я пачынаў палітычную кар’еру, і памятаюць мой выраз, які цытаваўся больш за усе астатнія: я за рынак без прыметнікаў. Ідэя экалягічнага рынку – гэта другі пасьля сацыяльнага рынку напад на сапраўдны рынак і чалавечую свабоду. Я не параўноўваю, як некаторыя прыпісваюць мне, пагрозу камунізму і пагрозу з боку руху абароны навакольнага асяродзьдзя. Але камунізм сёньня – ня тая дактрына, якая магла б прывабіць мільёны і мільярды людзей. Таму гэта не галоўная небясьпека. Галоўная небясьпека – гэта рух за ахову навакольнага асяродзьдзя, бо ў яго ёсьць прывабныя лёзунгі. Хто не хацеў чыстага навакольнага асяродзьдзя? І гэта сьцежка, праз якую пранікаюць рэчы, якія пагражаюць нам”.

"Вы скептычна ставіцеся да пагрозы глябальнага пацяпленьня?"

Клаўс : “Слова скептык тут неадпаведнае. Як вы можаце сумнявацца, падвышаецца тэмпэратура ці не? Паглядзіце на лічбы і вы ўбачыце, што за 100 гадоў сярэдняя тэмпэратура ў сьвеце павялічылася на 0.7 градуса. Але калі вы з цэнтру Прагі праедзеце на ўскраіну, там тэмпэратура будзе вышэй на 2 градусы. І вы выжывіце. Гэта не скептыцызм. Гэта прапанова, калі тэмпэратура падвышаецца на 0.7 градуса, не вар’яцець”.

Пляны разьмяшчэньня ў Чэхіі элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны выклікаюць рознае стаўленьне ў чэскім грамадзтве. Паводле сацыялягічных апытаньняў дзьве траціны выступаюць супраць гэтых плянаў. Чаму?

“Мы павінны патлумачыць, чаму мы павінны выказаць ляяльнасьць Злучаным Штатам, нашаму партнэру і саюзьніку”.


Клаўс: “Я мяркую, што гэтая апазыцыя павінна паважацца. Ніхто не фальсыфікуе апытаньні. Людзі не адчуваюць пагрозу. І справа палітычных дзеячоў і аналітыкаў, патлумачыць ім рызыку пагрозы. Але тут ніхто не спрабуе патлумачыць. Агульныя тэзы, што існуюць кепскія дзяржавы, такія яе Іран і Паўночная Карэя, не ўспрымаюцца насельніцтвам. Гэтыя краіны занадта далёкія ад звычайнага чэха”.

Тады Клаўса спыталі: "Ці вы мяркуеце, што ўрад павінен пераканаць чэхаў?"

Клаўс: “Трэба тлумачыць. Ад слова пераконваць патыхае бальшавізмам. Першае, вы павінны пераканаўча патлумачыць людзям, у чым палягае пагроза. І другое, вы павінны патлумачыць, чаму мы павінны выказаць ляяльнасьць Злучаным Штатам, нашаму партнэру і саюзьніку. Для мяне асабіста другое – больш важкі аргумэнт, чым першае”.

Вацлаў Клаўс заўсёды з вялікай насьцярогай ставіўся да цэнтралізацыйных тэндэнцыяў у Эўразьвязе. "Калі б Украіна ці балканскія краіны спыталі Вас, ці варта ім ўступаць у Эўразьвяз, што б Вы ім адказалі?" – спыталі журналісты нашага радыё прэзыдэнта Чэхіі.

Клаўс: “Сьціраньне асаблівасьцяў, кіраваньне ўсім з адзінага цэнтру тым цяжэй, чым больш краінаў уваходзяць у Зьвяз. Таму я раю ўсім уступаць у Эўразьвяз. Чым больш нас будзе там, тым слабейшай будзе ўлада брусэльскага цэнтру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG