Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: донарам пакінулі надбаўку да пэнсіі


Радыё Свабода, Магілёў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паінфармавала магілёўскіх донараў-страйкоўцаў, што ўсім донарам захавана 40%-ная надбаўка да пэнсіі. Пры Міністэрстве створана адмысловая камісія, якая мусіць падрыхтаваць для прэзыдэнта праект указу “Аб упарадкаваньні льгот донарам”.

Вестку зь Міністэрства магілёўскія донары, удзельнікі папераджальнага тыднёвага страйку, успрынялі як сваю перамогу. Гаворыць удзельнік страйку ганаровы донар, старшыня аргкамітэту ў стварэньні дабрачыннага фонду донараў “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка:

“Мы атрымалі ліст зь Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь, у якім сказана, што донарам задаволілі адно з патрабаваньняў – 40%-ную прыбаўку да пэнсіі. Гэта наша маленькая перамога”.

Донарам, аднак, не захавалі льгот на зубапратэзаваньне і лекі – цяпер давядзецца набываць лекі па агульных для ўсіх грамадзян правілах. Толькі пры пэўных акалічнасьцях лекар можа выпісаць іх бясплатна.

Зь першага жніўня магілёўскія донары пачалі рассылаць лісты ў дзяржаўныя ўстановы з заклікам да чыноўнікаў улучыцца ў справу дабрачыннага донарства. Гаворыць Ігар Каваленка:

“Паводле нашых зьвестак, пакуль донары ў адпачынку, утварыўся недахоп крыві і плязмы на Станцыі пераліваньня крыві. Таму мы дасылалі лісты ад імя аргкамітэту ў стварэньні дабрачыннага фонду донараў крыві і плязмы “Кропля жыцьця” чыноўнікам – з прапановай узяць удзел у папаўненьні запасаў крыві і плязмы на Станцыі пераліваньня крыві. Мы пазначылі там тэлефоны рэгістратуры і офісу фонду. Адказу ніякага няма. І, хутчэй за ўсё, ня будзе”.

• Магілёўскія донары заклікаюць чыноўнікаў здаваць кроў , 20.07.2007 • Магілёў: шосты дзень страйку донараў , 25.06.2007 • Магілёў: донары пачалі страйк , 20.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG